Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым запомніўся і што казаў пра Беларусь кіраўнік МУС Украіны, які загінуў у авіякатастрофе


Дзяніс Манастырскі (зьлева) з вызваленымі з расейскага палону ўкраінскімі камандзірамі. Архіўнае фота
Дзяніс Манастырскі (зьлева) з вызваленымі з расейскага палону ўкраінскімі камандзірамі. Архіўнае фота

Дзяніс Манастырскі, які загінуў у авіякатастрофе 18 студзеня пад Кіевам, быў адным з наймаладзейшых міністраў ва ўрадзе Ўкраіны.

Дзяніс Манастырскі нарадзіўся ў 1980 годзе ў Хмяльніцкім, закончыў юрыдычны факультэт Хмяльніцкага ўнівэрсытэту. Працоўную дзейнасьць ён пачынаў на пасадзе юрысконсульта на адным зь мясцовых прадпрыемстваў.

Пасьля Рэвалюцыі годнасьці ў 2014 годзе перабраўся ў Кіеў, каб дапамагаць праводзіць рэформу праваахоўнай сыстэмы Ўкраіны.

Дзяніс Манастырскі часоў дэпутацтва ў Вярхоўнай Радзе
Дзяніс Манастырскі часоў дэпутацтва ў Вярхоўнай Радзе

Да прызначэньня на пасаду міністра ў ліпені 2021 году Дзяніс Манастырскі ачольваў парлямэнцкі камітэт праваахоўнай дзейнасьці, а да выбараў у Вярхоўную Раду працаваў экспэртам Украінскага інстытуту будучыні, які зьвязваюць з Арсэнам Авакавым. Яго ён і замяніў на пасадзе міністра ўнутраных спраў.

Дзяніс Манастырскі кіраваў Міністэрствам унутраных спраў Украіны ў найбольш складаны пэрыяд — увосень 2021-га пачаўся справакаваны беларускімі ўладамі міграцыйны крызіс на мяжы з Польшчай, а ў лютым 2022-га, пасьля расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны, гэтае ведамства актыўна задзейнічанае ў сэктары нацыянальнай абароны і бясьпекі.

У Дзяніса Манастырскага засталіся жонка і двое сыноў.

З пачаткам вайны ўсе структуры, якія ўваходзілі ў склад Міністэрства ўнутраных спраў (памежная служба, паліцыя і нацгвардыя), далучыліся да Ўзброеных сіл, якія змагаюцца з расейскай арміяй. Дзяніс Манастырскі часта выяжджаў у прыфрантавыя гарады.

Напярэдадні ён уручыў сваім падначаленым дзяржаўныя ўзнагароды за абарону Ўкраіны.

Раніцай 18 студзеня кіраўніцтва МУС Украіны ў верталёце накіроўваліся ў Харкаўскую вобласьць і загінула падчас катастрофы ў горадзе Бравары.

Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што сьледчыя разглядаюць тры вэрсіі падзеньня верталёта: парушэньне правілаў палёту, тэхнічная няспраўнасьць верталёту, наўмысныя дзеяньні для зьнішчэньня транспартнага сродку. Сьледчыя праводзяць комплекс сьледча-апэратыўных захадаў, каб вызначыць усе прычынна-выніковых сувязяў і дэталяў трагедыі.

Свабода сабрала найбольш рэзанансныя выказваньні Дзяніса Манастырскага аб міграцыйным крызісе, ахове мяжы зь Беларусьсю, гібелі журналіста Паўла Шарамета і прадстаўніка «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталя Шышова.

Аб міграцыйным крызісе на мяжы зь Беларусьсю

10 лістапада 2021 году:

«Мы рыхтуемся да сцэнароў, падобных тым, што адбываюцца цяпер на польска-беларускай мяжы. Мы ўжо вызначылі найбольш імаверныя ўчасткі, магчымыя для масавага знаходжаньня мігрантаў на тэрыторыі каля межаў Украіны. Адказ украінскіх праваахоўнікаў будзе жорсткі, дакладны, карэктны і ў межах законаў», — заявіў Манастырскі ў парлямэнце.

Дзяніс Манастырскі, 2022
Дзяніс Манастырскі, 2022

19 лістапада 2021 году:

«Гэты крызіс створаны штучна, і ім кіруюць спэцслужбы краіны-агрэсаркі Расейскай Фэдэрацыі. Тысячы мігрантаў намагаюцца прарваць мяжу Польшчы пад суправаджэньнем беларускіх вайскоўцаў. Мы гэта бачылі на дзясятках відэа, якія публікуюць людзі, што знаходзяцца там».

«Мы не выключаем магчымасьці, што Расея наважыцца на мэтанакіраваны пропуск праз Беларусь на нашу тэрыторыю вялікай колькасьці нелегальных мігрантаў».

«У выпадку агрэсіўных дзеяньняў парушальнікаў мяжы прадугледжана выкарыстаньне спэцыяльных сілаў і сродкаў, а таксама зброі. Пры пагрозе памежнікам і праваахоўнікам мы будзем выкарыстоўваць усе належныя сродкі абароны, у тым ліку агнястрэльную зброю».

30 лістапада 2021 году:

Манастырскі каардынаваў спэцыяльныя вучэньні «Полісся» ў пяці памежных зь Беларусьсю абласьцях Украіны, спэцыяльныя сілы адпрацавалі некалькі магчымых сцэнараў стварэньня міграцыйнага крызісу на ўкраінскай мяжы.

«На месцы імавернага перасячэньня мяжы мігрантамі першымі будуць памежнікі, далей далучацца сілы Нацпаліцыі і Нацгвардыі, якія абсалютна гатовыя даць адпор».

Аб справе Шарамета

Дзяніс Манастырскі пазьбягаў канкрэтных камэнтароў у справе забойства журналіста Паўла Шарамета ў Кіеве ў ліпені 2016 году, спасылаючыся на тое, што справу ўжо разглядае суд.

16 ліпеня 2021 году:

«Наконт справы Паўла Шарамета. Зараз справа знаходзіцца ў судзе. Давайце дачакаемся гэтых вынікаў, а пасьля гэтага будуць зробленыя неабходныя высновы наконт якасьці працы праваахоўнай сыстэмы».

6 верасьня 2021 году:

«У міністра ёсьць шмат інфармацыі, але глядзець матэрыялы крымінальнага вядзеньня ён ня мае права. Справа знаходзіцца ў судзе, і ў гэтым пытаньні рашэньне павінен ухваліць суд. Іншага шляху няма».

«Адбываюцца дадатковыя сьледчыя дзеяньні, але я хацеў бы гаварыць пра іх толькі пасьля таго, як будзе рашэньне ў дачыненьні да выканаўцаў».

Цяпер справу суд не разглядае. Усе фігуранты вызваленыя з-пад варты, і ўсе ваююць або дапамагаюць фронту.

Аб справе Шышова

6 верасьня 2021 году:

«Для сьледзтва ўжо зразумела, [што гэта было, самагубства ці забойства], але няхай усё ж скажа само сьледзтва».

«Магу сказаць, што паліцыя цяпер далучыла міжнародных экспэртаў для рэцэнзій высноў атрыманых экспэртыз. Калі будуць атрыманыя высновы, мы абвесьцім інфармацыю, якая ёсьць».

Але дагэтуль сьледзта так і не агучыла вынікаў экспэртыз і вэрсій гібелі Віталя Шышова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG