Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе прайгралі. Чаму на межах Беларусі і Эўразьвязу працягваюць гінуць людзі


Мяжа Беларусі і Польшчы
Мяжа Беларусі і Польшчы

Ужо паўтара года як пачалася гуманітарная катастрофа на межах Беларусі і краін ЭЗ. Катастрофу распачаў Лукашэнка, які скарыстаўся кепскім становішчам людзей з Сырыі, Афганістану, Іраку і іншых краін. Яна дагэтуль ня спыненая ні ягоным рэжымам, ні дэмакратычнымі Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Гэта гісторыя, у якой ня выйграў ніхто. Але прайгралі ўсе па-рознаму.

Аказалася, што ў крызіснай сытуацыі дэмакратычныя ўлады могуць небясьпечна наблізіцца ў мэтадах да тых, хто захоўвае ўладу сілай і тэрарызуе цэлую краіну. Мы ж разумеем, чаму нічога не чуваць пра дапамогу людзям на мяжы з боку беларускіх актывістак і актывістаў? Па-першае, большасьць людзей, якія маглі б гэтым займацца, альбо жывуць цяпер у іншых краінах, альбо сядзяць у турме. А тыя, каму ня ўсё адно і хто застаецца ў Беларусі і на волі, альбо кінулі гэты актывізм праз надта вялікую небясьпеку, альбо робяць штосьці па-партызанску і ніяк не выдаюць сябе публічна.

Ва ўмовах дзяржаўнага тэрору звычайны праваабарончы актывізм стаў амаль немагчымым. Але непрыемным сюрпрызам стаўся той факт, што і ў вольных краінах ЭЗ гэтаму актывізму сталі моцна замінаць, калі ён накіраваны на «няправільных» уцекачоў.

Беларускія ўцекачы часта трапляюць у ЭЗ па-за афіцыйнымі пунктамі пропуску, і іх пры гэтым ніхто не называе нелегальнымі мігрантамі ці проста нелегаламі. Украінскія ўцекачы едуць у тым ліку праз Расею, і некаторых зь іх не пускаюць у Эстонію ці Латвію, але гісторыю кожнага чалавека памежнікі разглядаюць асобна. Уцекачоў з Сырыі, Афганістану, Судану і іншых краін, калі яны ідуць з боку Беларусі, проста не пускаюць. Іх адсоўваюць назад, дзе тыя сутыкаюцца з беларускімі памежнікамі, якія не дазваляюць вярнуцца. Гэты чалавечы пінг-понг можа цягнуцца месяцамі, і ня ўсе пакідаюць «поле гульні» жывымі.

Пэрыядычна зьяўляюцца навіны пра ўсё новых памерлых на мяжы. І пасьля кожнай такой навіны я нанова зьдзіўляюся, наколькі высокі ўзровень цынізму ў чынавенства. Улады Беларусі зьвяртаюць увагу толькі на жорсткасьць латвійскіх, літоўскіх і польскіх памежнікаў, а ўлады краін ЭЗ – толькі на жорсткасьць беларусаў. Да саміх людзей на мяжы нікому зь іх справы няма.

Раней паведамлялася пра пяцярых арыштаваных валянтэраў у Польшчы, цяпер крымінальныя справы супраць дзьвюх актывістак распачалі ў Латвіі. Супраць актывісткі Евы Раўбішкі справу завялі за тое, што яна выклікала людзям на мяжу мэдыкаў. І гэта дужа-дужа кепскі знак.

Улады Беларусі ідуць на прынцып, бо яны шмат у чым загнаныя ў кут і ўвогуле не прывыклі прызнаваць памылкі. Але чаму на прынцып ідуць таксама і ўлады Латвіі, Літвы і Польшчы? Каб не дазваляць маніпуляваць сабой? Каб спыніць шантаж з боку Лукашэнкі? Каб спыніць так званую гібрыдную вайну? Будзем шчырымі: нічога з гэтага ў іх не атрымалася.

Ніхто ня выйграў: ні Лукашэнка, ні ЭЗ, ні тым больш людзі на мяжы. Вось толькі паміраюць у лесе ад холаду і тонуць у рацэ зусім не чыноўнікі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG