Паводле дадзеных украінскіх уладаў, праз катаваньні падчас акупацыі прайшлі каля 200 чалавек. Маштабы меркаваных злачынстваў у Херсонскай вобласьці, хутчэй за ўсё, могуць быць нашмат большымі, чым у Кіеўскай, гавораць супрацоўнікі ўкраінскіх праваахоўных органаў. Яны зьвязваюць гэта з тым, што вобласьць была акупаваная нашмат даўжэй.
Журналісты агенцтва Reuters напярэдадні паказалі кадры катавальняў з Херсону і пасёлка Белазёрка. Ім таксама ўдалося пагутарыць з ахвярамі катаваньняў.
Аксана — бухгальтарка з Херсону. Яе муж Аляксей — вайсковец. Па словах Аксаны, ён загінуў, абараняючы херсонскі Антонаўскі мост у першы дзень поўнамаштабнай вайны. Яе саму расейскія вайскоўцы падчас акупацыі некалькі разоў затрымлівалі, трымалі ў палоне. На допыт вадзілі са зьвязанымі за сьпінай рукамі.
«Калі ў цябе на галаве мяшок і цябе б’юць, атрымліваецца такі вакуўм: ты ня можаш дыхаць, ты ўвогуле нічога зрабіць ня можаш, сябе абараніць ты ня можаш. Калі пачалі вырываць пазногці, то ўжо зьмяшаўся адзін боль з другім. У мяне было толькі адно жаданьне: я прасіла, каб [муж] Аляксей мяне забраў хутка», — кажа Аксана, і ў яе ў вачах зьяўляюцца сьлёзы: «Ну за што? Што я такога зрабіла, каб мне вырываць пазногці, калі муж і так загінуў?»
Аднойчы Аксану прывезьлі на магілу да мужа і імітавалі расстрэл. Такім спосабам яе спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва з расейскімі акупацыйнымі ўладамі. Але жанчына адмовілася. Катаваньні працягваліся.
«Яны нагрэлі кіпень. [Сказалі], калі я не працую, то рукі мне не патрэбны. Гэта значыць, я адну руку вырвала, а на левую кіпень пайшоў. Я на той момант толькі прасіла, каб гэта ўсё як мага хутчэй скончылася», — кажа яна.
Адвакатка Людміла Шумкова разам са сваёй 53-гадовай сястрой таксама была ў палоне ў расейскіх вайскоўцаў. Расказвае, што асабліва старанна дапытвалі мужчын.
«Хлопцаў, якіх яны прывялі, вельмі моцна катавалі, яны крычалі, гэта было пастаянна, кожны дзень. Гэта магло доўжыцца гадзіны дзьве-тры, з мужчынамі абыходзіліся вельмі жорстка», — сьцьвярджае жанчына.
Андрэй — яшчэ адна ахвяра катаваньняў. Ён не паказвае свайго твару, але расказвае, як усё было. Паводле яго, расейскія вайскоўцы, у прыватнасьці, «набівалі на сьпіне сінякі ў форме літары Z».
«Разьдзелі. Ну гэта лета было, зьнялі шорты, бялізну, паставілі да сьцяны, прымацавалі электрычныя правады да маіх геніталій і пачалі падаваць ток, задаючы пытаньні. Гэта доўжылася некаторы час. Зьверху палівалі вадой, каб больш току праходзіла, накладвалі ручнік на твар і палівалі вадой. Пачынаеш задыхацца, траціць прытомнасьць. Хлопец адзін расказваў, што другі раз гэтага ня вытрымае. Хацеў кавалкам акуляраў вырваць сабе вены», — кажа Андрэй.
Пракурор у справе ваенных злачынстваў у Херсонскай вобласьці Андрэй Каваленка кажа, што ўдары токам і абліваньне вадой былі самымі распаўсюджанымі відамі катаваньняў у расейскіх вайскоўцаў. Яны таксама білі палонных цывільных грамадзян дубінкамі і душылі процівагазамі.
«І гэта рабілася сыстэмна, з мэтай дабіцца патрэбных для акупантаў паказаньняў. Калі мы бярэм такія маштабныя катаваньняў, то там знаходзіліся спэцыяльныя падразьдзяленьні. І такое адчуваньне, што яны прайшлі спэцыяльную падрыхтоўку для катаваньня людзей. Гэта падразьдзяленьні Расейскай гвардыі і ФСБ», — сьцьвярджае Каваленка.
Паводле галоўнага пракурора Ўкраіны ў справе ваенных злачынстваў Юрыя Белавусава, улады пачалі дасудовыя расьсьледаваньні ў дачыненьні да больш як тысячы чалавек у Херсонскай вобласьці, якіх расейскія вайскоўцы незаконна ўтрымлівалі падчас акупацыі.
Расея ваенныя злачынствы і напады на мірных жыхароў адмаўляе.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.