Рэальная барацьба за выхад у другі тур, паводле апытаньняў і большасьці аналітыкаў, разгорнецца паміж трыма зь іх — гэта адстаўны генэрал арміі Пэтр Павэл, эканаміст Данушэ Нэрудава і палітык Андрэй Бабіш.
Бабіш — былы прэм’ер-міністар, цяпер лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі, мільярдэр. На гэтым тыдні суд апраўдаў яго па справе аб махлярстве з датацыямі Эўразьвязу. Вэрдыкт суду, на думку шэрагу камэнтатараў, можа дадаць яму папулярнасьці і галасоў. Ядро выбаршчыкаў Бабіша — пэнсіянэры і людзі зь невысокімі даходамі.
Пэтр Павэл — кадравы вайсковец, першы ў гісторыі Чэхіі і краін былога савецкага блёку кіраўнік Вайсковага камітэту NATO (у 2015–2018 гадах). Ён займае жорсткую пазыцыю адносна расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, выступае за заходнюю арыентацыю Чэхіі, пры гэтым апэлюе і да патрыятычных пачуцьцяў. Яго падтрымліваюць галоўным чынам прыхільнікі правых, кансэрватыўных і лібэральных поглядаў.
Данушэ Нэрудава — эканаміст, былы рэктар прыватнага ўнівэрсытэту, у выпадку абраньня стане першай жанчынай на пасадзе прэзыдэнта Чэхіі. Яе кампанія нацэленая галоўным чынам на маладых выбаршчыкаў, яна ўздымае такія тэмы, як адукацыя, роўныя магчымасьці для ўсіх, правы ЛГБТ. Як і Павэл, Нэрудава выступае ў падтрымку Ўкраіны.
Паводле апытаньняў, троху больш рэальнымі бачацца шанцы Бабіша і Паўла, прычым у гіпатэтычным другім туры адстаўны генэрал лічыцца фаварытам.
Адзін з кандыдатаў — Яраслаў Башта, былы пасол Чэхіі ў Маскве — выступае з тэзісамі аб віне Захаду за вайну ва Ўкраіне і заклікае да зьняцьця санкцый з Расеі. Яго падтрымлівае нацыяналістычная партыя SPD. Паводле апытаньняў, шанцаў на выхад у другі тур ён ня мае.
Пераможца выбараў зьменіць на праскім Градзе Мілаша Зэмана, які доўгі час быў адным з найбольш па-прарасейску настроеных кіраўнікоў краін ЭЗ, але пасьля 24 лютага 2022 году рэзка ўзмацніў жорсткасьць сваёй пазыцыі адносна Расеі.
Чэхія — парлямэнцкая рэспубліка, аднак фігура прэзыдэнта ў краіне традыцыйна карыстаецца павагай і вялікім уплывам.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.