Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка пачынаць новае жыцьцё ў адных штанах». Што адбываецца зь беларускімі палітвязьнямі пасьля вызваленьня


Турэмныя вокны
Турэмныя вокны

Сярод наступстваў адседкі — страта працоўных навыкаў, бессань, начныя кашмары, праблемы са сьпінай і каленямі.

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2022 годзе ў Беларусі адбылі тэрміны і выйшлі на волю сама меней 253 палітвязьні. Карэспандэнтка «Настоящего времени» пагутарыла з адным зь іх пра ягоны досьвед.

Паўла (імя зьмененае) судзілі паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Ён адбыў у зняволенні 14 месяцаў, зь іх паўгода — у калёніі, і выйшаў восеньню 2022 году. Пасьля вызваленьня складанасьці не канчаюцца, да псыхолягаў палітвязням звяртацца складана, таксама празь недавер, адзначае Павал:

«Любімая зэкаўская гульня — строіць пляны, як выйдзеш на волю, уяўляць, што цябе сустрэнуць як героя, дапамогуць. І калі гэтага не атрымліваеш, гэта шок. Замыкаесься ў сабе. Цяпер мы, напрыклад, гуртуемся толькі з тымі, хто сядзеў. І калі хтосьці скажа нам ня тое слова, мы проста перастанем мець зносіны з гэтым чалавекам», — кажа былы палітвязень.

Зьявіўся недавер і да палітыкаў:

«На НАК (Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва), Офіс Ціханаўскай мы ўжо глядзім інакш, чым на зоне. Там я актыўна падтрымліваў іх. А зараз я не давяраю, бо ня бачу канкрэтных дзеянняў для тых, хто ў турмах, калёніях, хто выйшаў».

Сярод наступстваў адседкі — страта працоўных навыкаў, бессань, начныя кашмары, падвышаная трывожнасьць, праблемы з зубамі, сьпінай, каленямі, пералічвае Павал. Пры гэтым нельга сказаць, што падтрымкі няма зусім, дадае ён: яму двойчы дапамаглі атрымаць невялікую фінансавую выплату, адпачыць тыдзень у санаторыі для пацярпелых ад рэпрэсій, выехаць у Польшчу. Але ў Польшчы трэба недзе жыць, працаваць:

«Знайсці жытло і працу, пайсьці на моўныя курсы тым, хто яшчэ месяц таму еў сечку па раскладзе, проста нерэальна. Калі б ня сябар у Польшчы, які нас прытуліў, мы б проста апынуліся на вуліцы. Атрымліваецца так, што цябе ўгаворваюць выехаць, але калі ты выяжджаеш, пра цябе забываюць, маўляў, ты ж у бясьпецы. Але па факце тут нічога ў цябе няма. У мяне былі адны штаны, напрыклад. Даволі складана пачаць жыцьцё ў адных штанах».

Акцыя ў падтымку палітвязьняў. Менск, 2 сакавіка 2021
Акцыя ў падтымку палітвязьняў. Менск, 2 сакавіка 2021

Прайшоўшы гэты шлях, Павал склаў сьпіс таго, у чым маюць патрэбу тыя, хто выйшлі з калёній і турмаў, і растлумачыў, як можа быць арганізаваная дапамога:

«Калі чалавек выходзіць, добра было б, каб яму дапамагаў валянтэр, бо сам ён проста не ў рэсурсе. Дакладна неабходны апэратыўны мэдыцынскі агляд на інфэкцыйныя захворваньні. Неабходна простая схема кампэнсацыі мэдыцынскіх абследаваньняў і лячэньня для тых, хто вызваліўся, бо ў іх можа ня быць сродкаў на гэта. Патрэбна таксама і прававая кансультацыя, як хадзіць у РУУС адзначацца і як там сябе паводзіць».

Павал дадае, што палітвязьням, якія зараз вызваліліся, дапамагаюць асобныя арганізацыі і людзі, але знайсьці гэтую дапамогу часам складана, асабліва калі няма вялікай колькасьці сацыяльных сувязяў: «Хацелася б дакладнага трэку і дапамогі ў яго праходжаньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG