«На сёньня сытуацыя на тэрыторыі Беларусі не ўяўляе наўпроставай пагрозы нейкіх наземных дзеяньняў супраць Украіны», — сказаў Наеў у камэнтары журналістам.
Паводле яго, Украіна падтрымлівае кантакты з заходнімі партнэрамі, у прыватнасьці з ЗША і Польшчай, таксама пастаянна працуе выведка. Атрыманая інфармацыя сьведчыць пра тое, што цяпер групоўка беларускіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай «не зьмянілася ні колькасна, ні якасна».
Напярэдадні і Мінабароны ЗША заявіла, што ня бачыць прыкмет таго, што Беларусь рыхтуецца да вайны супраць Украіны, нягледзячы на ўдзел у сумесных вучэньнях з РФ.
Аднак сёньня намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ брыгадны генэрал Аляксей Громаў назваў правядзеньне ў 2023 годзе супольных з Расеяй вайсковых вучэньняў «Захад» і «Шчыт Саюзу» новай патэнцыйнай пагрозай паўторнага ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны. Праўда, украінскі генэрал дадаў, што пакуль на тэрыторыі Беларусі прыкмет фармаваньня ўдарнай групоўкі для аднаўленьня наступу няма.
- У нядзелю Расея і Беларусь плянуюць сумесныя вучэньні авіяцыйных падразьдзяленьняў, якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі. Вучэньні плянуюцца з 16 студзеня па 1 лютага з прыцягненьнем расейскіх і беларускіх сіл.