Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дадатковы інструмэнт, каб адсочваць іншадумцаў». Размова з дарадцай Ціханоўскай у пытаньнях адукацыі


Тацяна Шчытцова
Тацяна Шчытцова

Паразмаўлялі з Тацянай Шчытцовай пра новаўвядзеньні ва ўступнай кампаніі, чаму гэта новы сродак кантролю над моладзьдзю.

Паводле новых правілаў, атэстацыя школьнікаў у 2023 годзе будзе праходзіць у форме адзінага цэнтралізаванага экзамэну (ЦЭ). Выніковая атэстацыя будзе адразу выпускной і ўступнай, а вынікі выпускных іспытаў будуць залічвацца пры паступленьні ва ўстанову вышэйшай адукацыі.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях адукацыі і навукі Тацяна Шчытцова лічыць, што гэтыя рэформы носяць толькі касмэтычны характар і да ніякіх грунтоўных зьменаў не вядуць. Да таго ж, мяркуе яна, новы альгарытм паступленьня ў ВНУ стаў больш складаным, у ім шмат нюансаў і ўмоваў.

«Для Лукашэнкі важна заўсёды паказваць, што ён вельмі цэніць сілавікоў»

«Гэтыя новыя правілы паступленьня ні да якіх добрых зьменаў не вядуць. Дзякуючы новым умовам рэжым імкнецца забясьпечыць набор у ВНУ, зрабіць больш прывабным менавіта паступленьне ў беларускую ВНУ. Зьнізіліся патрабаваньні для тых, хто паступае ў ВНУ па мэтавым наборы. Напрыклад, выпускнікі пэдагагічных клясаў, аграрных, вайскова-патрыятычных клюбаў пасьля ЦЭ будуць толькі на падставе сумоўя паступаць. І гэта паказвае, што рэжым шукае розныя сродкі, каб забясьпечыць кадры ў адпаведных спэцыяльнасьцях. Потым такія выпускнікі ВНУ паедуць у пасёлкі ды вёскі, дзе будуць павінныя адпрацаваць адпаведна з умовамі разьмеркаваньня», — кажа Тацяна Шчытцова.

Па словах экспэрткі, атрымліваецца, што «мэтавікі» будуць паступаць без сур’ёзнага конкурсу, не на падставе ведаў і здольнасьцяў, неабходных для той ці іншай прафэсіі. Іх проста будуць набіраць, каб вырашыць праблему дэфіцыту кадраў.

«Але праблема дэфіцыту кадраў узьнікла ад таго, у якіх умовах знаходзіцца эканоміка ў нашай краіне. І калі ўжо думаць пра рэформу адукацыі, якая сапраўды патрэбна Беларусі, то трэба, каб яна рыхтавалася ў сувязі з эканамічнымі рэформамі. Усё мусіць адбывацца сыстэмна, комплексна», — тлумачыць Тацяна.

Тацяна Шчытцова і дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская
Тацяна Шчытцова і дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская

Паводле новых правілаў, дзеці прадстаўнікоў сілавых структур і тыя, хто паступае на вайсковыя спэцыяльнасьці, маюць ільготы, тлумачыць дарадца.

«Калі мы возьмем ільготы для дзяцей прадстаўнікоў сілавых органаў, якія сталі ахвярамі ці былі траўмаваныя пры выкананьні іх абавязкаў, то тут трэба адзначыць, што для Лукашэнкі важна заўсёды паказваць, што ён вельмі цэніць сілавікоў і ўсялякім чынам падтрымлівае іх. А гэтымі новаўвядзеньнямі паказваецца, што і дзеці сілавікоў будуць у асаблівых умовах. Тут можна прыгадаць, калі быў ковідны пэрыяд, як гераічна нашыя беларускія мэдыкі змагаліся з гэтай навалай, але ці прыняла ўлада нейкія такія асаблівыя захады для дзяцей мэдыкаў? Ці хаця б абмяркоўвалася гэтая магчымасьць? Не. І гэта вельмі паказальна — што зьяўляецца прыярытэтам для рэжыму».

У галіне адукацыі прымаюцца рашэньні, якія паказваюць, у якім палітычным кірунку рухаецца нашая краіна, адзначае Тацяна Шчытцова.

«Усё гэта прадказальна. Нават калі звонку выглядае, быццам міністэрства прыдумала новую рэформу, быццам гэта нейкія істотныя крокі, насамрэч, калі пачынаеш аналізаваць больш пільна, відаць, што кожны крок вырашае канкрэтную прагматычную задачу, каб неяк падтрымаць гэты рэжым, прадстаўнікоў сілавых структураў, эканоміку, якая развальваецца».

«У ВНУ будуць прымаць моладзь, якая павінна арганічна ўпісацца ў гэты рэжым»

Яшчэ адным новаўвядзеньнем стала абавязковая характарыстыка выпускніка школы, якая ўвойдзе ў камплект дакумэнтаў для паступленьня.

«Увядзеньне характарыстык — таксама цалкам прадказальны крок з боку ўладаў. Гэта такі дадатковы фільтар, дзякуючы якому будуць залічваць перш за ўсё тых, хто выказаў паслухмянасьць у школе, добра засвойваў і пагаджаўся на нормы і правілы, якія цяпер выбудоўваюцца кіраўніцтвам школы, калі арганізоўваюцца розныя ідэалягічныя, прапагандысцкія мерапрыемствы. У характарыстыцы будзе адзначана, ці ўдзельнічалі школьнікі ў моладзевых арганізацыях, ідэалягічных мерапрыемствах, наколькі яны ўпісваюцца ў гэтую аўтарытарную сыстэму», — адзначае Тацяна.

Тацьцяна Шчытцова чытае лекцыю на тэму беларускай рэвалюцыі і незалежных СМІ
Тацьцяна Шчытцова чытае лекцыю на тэму беларускай рэвалюцыі і незалежных СМІ

Тацяна зьвяртае ўвагу на тое, што рэжым вельмі пільна працуе з адукацыйнымі ўстановамі, каб узмацніць кантроль. Да гэтага былі прынятыя рашэньні, каб павялічыць так званае патрыятычнае выхаваньне ў школах і ВНУ.

«Рашэньняў у гэтым рэчышчы пасьля 2020 году было прынята вельмі шмат. Напрыклад, была ўведзена адзнака за паводзіны, і вось цяпер гэтая характарыстыка. Гэта такі інструмэнт, каб вельмі пільна сачыць за моладзьдзю, наколькі яна ляяльная да рэжыму. І яшчэ ў гэтай характарыстыцы будуць адзначаць, ці мела моладзь праблемы з законам. А мы добра разумеем, што тут маецца на ўвазе: ці ўдзельнічала моладзь у нейкіх пратэставых актыўнасьцях, зьвязаных з крытычным стаўленьнем да таго, што цяпер адбываецца ў краіне. Гэта дадатковы інструмэнт, каб адсочваць іншадумцаў, моладзь, якая праяўляла нейкія прыкметы самастойнага, крытычнага мысьленьня».

Такім чынам, найперш рэжым будзе прымаць у ВНУ тых, у кім бачыць будучую «новую эліту», мяркуе дарадца Ціханоўскай.

«Будуць прымаць моладзь, якая павінна арганічна ўпісацца ў гэты рэжым. Калі мы гаворым пра вайсковыя ці ідэалягічныя спэцыяльнасьці, безумоўна, рэжым зацікаўлены ў тым, каб забясьпечыць сябе адпаведнымі кадрамі», — тлумачыць Тацяна Шчытцова.

«Так званая рэформа не прынясе добрых вынікаў»

Правілы ўступнай кампаніі могуць быць створаныя паводле розных мадэляў, але яны мусяць быць празрыстымі, простымі і зразумелымі — гэта галоўнае.

«Праблема ня ў гэтых цалкам фармальных тэхналягічных рэчах, а ў тым, якое месца гэтыя арганізацыйныя рашэньні займаюць у межах сыстэмы адукацыі наогул. Тут трэба грунтоўна абмяркоўваць, якой павінна быць сувязь паміж школьнай, прафэсійнай, вышэйшай адукацыяй, бізнэсам, грамадзкай супольнасьцю ў кантэксьце сучаснага сьвету. То бок, усе пытаньні павінны вырашацца на падставе добра выбудаванага сыстэмнага бачаньня».

Пачынаць рэформы адукацыі трэба не з тэхнічных зьменаў у правілах паступленьня, а зь іншых крокаў, тлумачыць Тацяна.

«Цяперашнія правілы паступленьня мне здаюцца неапраўдана складанымі. Тут я згодная з экспэртамі, што гэтая так званая рэформа не прынясе добрых вынікаў нашай адукацыі, бо яна не рабілася на падставе сыстэмнага асэнсаваньня сучасных патрабаваньняў да адукацыі ў цывілізаваным сьвеце, вось у чым праблема».

«Падчас пераходнага пэрыяду неабходна мець добрае ўяўленьне, якія крокі трэба зрабіць у межах адпаведных інстытуцый»

Цяпер каманда Офісу ў адукацыі і навуцы разам з прадстаўніцай у нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Алінай Коўшык працуюць над «дарожнымі мапамі» для пераходнага пэрыяду.

«Мы стварылі спэцыяльныя працоўныя групы па школьным кірунку, вышэйшай адукацыі і Акадэміі навук. Мэта гэтых груп у тым, каб распрацаваць дарожную мапу на пераходны пэрыяд — комплекс захадаў, крокаў, рашэньняў; тое, што трэба рабіць, калі будзе адбывацца дэмакратызацыя ўлады. Падчас пераходнага пэрыяду неабходна мець добрае ўяўленьне пра тое, якія крокі трэба зрабіць у межах адпаведных адукацыйных і навуковых інстытуцый. Мапа распрацоўваецца на першыя 50, 100 і 500 дзён».

Такія крокі неабходныя, кажа Тацяна, каб зьнізіць рызыкі, зьвязаныя з высокай ступеньню нявызначанасьці і хаосу, якія звычайна характэрныя для пераходнага пэрыяду.

«Перш за ўсё трэба забясьпечыць нармальнае функцыянаваньне сацыяльных інстытутаў, інстытутаў адукацыі, каб яны працягвалі працу. Паралельна з гэтым неабходна, каб закладваліся пэўныя рашэньні, якія будуць ня толькі нармалізаваць і падтрымліваць работу адукацыйных інстытутаў, але і паступова ствараць падмурак для таго, каб выходзіць на працэсы будучай рэформы сыстэмы адукацыі ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG