Дзяніс Урбановіч расказаў пра сваё трэцяе раненьне на фронце

Дзяніс Урбановіч і кот, архіўнае фота з фронту
Дзяніс Урбановіч і кот, архіўнае фота з фронту

Лідэра «Маладога фронту», які змагаецца за Ўкраіну на вайне супраць расейскага ўварваньня, параніла ў грудную клетку ў баі на ўсходзе краіны.

«Дактары кажуць, што ўсё загоіцца, толькі час трэба», — запэўнівае ваяр Палка Каліноўскага. — Трапіла куля проста ў грудзі і пайшла па целе, ды ўперлася ў рэбры. Дыхаць ня вельмі добра, лёгкае пашкоджана«, — цытуе Дзяніса Ўрбановіча «Наша ніва».

Па яго словах, пашкоджана дыяфрагма, грудная клетка і зламаныя дзьве рабрыны.

«У лёгкіх застаецца кроў, цяпер ставяць дрэнаж», — дадаў Дзяніс. Яму ўжо зрабілі апэрацыю. Баец пачуваецца збольшага нармальна.

Пра раненьне Ўрбановіча і яго саслужыўцаў паведаміла 5 студзеня прэс-служба палка Каліноўскага.

Дзяніс Урбановіч трапляе ў шпіталь ужо трэці раз. Улетку яго кантузіла, а ў лістападзе ён атрымаў асколачнае раненьне. Полк Каліноўскага ўдзельнічае ў абароне Бахмуту. Гэта самае гарачае месца фронту проста цяпер.

​
XS
SM
MD
LG