Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хаўрус двух дыктатараў дзеля самавыжываньня. Што хаваецца за ідыліяй у беларуска-расейскіх дачыненьнях


Лукашэнка і Пуцін у Расейскім музэі, Санкт-Пецярбург, 27 сьнежня 2022 году
Лукашэнка і Пуцін у Расейскім музэі, Санкт-Пецярбург, 27 сьнежня 2022 году

У 2022 годзе Лукашэнка і Пуцін сустракаліся амаль штомесяц: перамовы 27 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу былі дзясятыя за год. Такой інтэнсіўнасьці камунікацый паміж імі не было ніколі раней. Якія прычыны і наступствы?

Сьцісла:

  • Сёлета адносіны паміж Менскам і Масквою выглядалі бесканфліктнымі.
  • Гэткая бесканфліктнасьць тлумачыцца проста. Лукашэнка і Пуцін адчуваюць вонкавую небясьпеку сваім рэжымам.
  • Паводле лёгікі Лукашэнкі, дэманстратыўная ляяльнасьць Расеі — умова захаваньня незалежнасьці Беларусі і ягонай улады над ёй.
  • Пуцін імкнецца прывязаць да сябе Лукашэнку і Беларусь як мага мацней.
  • Лукашэнка стараецца зрабіць гэтую повязь максымальна элястычнай. Каб можна было высьлізнуць у патрэбны момант.

Беларуска-расейскія адносіны канфліктныя паводле самой сваёй прыроды. Аднак у адыходзячым годзе вонкава ніякіх спрэчак і супярэчнасьцяў не было бачна. Можна не сумнявацца, што падчас перамоваў адбываецца жорсткі торг. Пра нешта ж Лукашэнка з Пуціным размаўляюць па пяць гадзін запар. Аднак на паверхні мы назіраем поўную ідылію.

Доля Расеі ў вонкавым гандлі Беларусі стала такой, якой яна была ў 1990-я гады — каля 60%. Маштаб расейских субсыдый — каля 10% валавога ўнутранага прадукту Беларусі — дасягнуў тых рэкордных паказчыкаў у двухбаковых дачыненьнях, якія існавалі ў пэрыяд высокіх цэнаў на нафту.

Прычым заўсёды менавіта Лукашэнка выносіў у публічную прастору сваю незадаволенасьць Масквой, апэляваў да расейскага грамадзтва і эліты. Цяпер жа нічога падобнага не назіраецца. Наадварот, ніколі раней Лукашэнка так не хваліў Пуціна, дзеяньні і паводзіны Расеі, не праклінаў яе ворагаў.

Зь іншага боку, не было і ніякага папроку на адрас Менску з боку расейскіх афіцыйных асоб. Хоць падставы былі. Беларускае войска не задзейнічана непасрэдна ў вайне супраць Украіны, Лукашэнка не прызнаў публічна анэксію Расеяй захопленых украінскіх тэрыторый, не наведаў Крым, хоць абяцаў.

Гэткая бесканфліктнасьць тлумачыцца проста. Абодва палітыкі адчуваюць вонкавую небясьпеку сваім рэжымам. 28 сакавіка 2017 году Лукашэнка, гаворачы пра свае дачыненьні з Пуціным, сказаў прарочую фразу: «Можа, яшчэ будзе час, калі давядзецца сьпінай да сьпіны стаць і адстрэльвацца». Якраз сёлета такі час і надышоў.

Што важна падкрэсьліць, гэта найперш саюз двух дыктатарскіх рэжымаў, якія імкліва эвалюцыянуюць у бок усё большай жорсткасьці. Хаўрус дзеля выжываньня. А ўжо потым інтэграцыя дзяржаваў і грамадзтваў.

Лукашэнка ўсяляк дэманстраваў сваю патрэбнасьць Пуціну. Ажно так, што яго сталі называць прэсавым сакратаром расейскага прэзыдэнта. Прычым ня толькі сваю асабістую патрэбнасьць, а неабходнасьць ляяльнай, саюзьніцкай Беларусі. Што было няцяжка, калі яна засталася адзіным саюзьнікам РФ. Ня толькі непасрэдна ў ходзе вайны супраць Украіны, але і на розных міжнародных пляцоўках ад ААН да АДКБ. На розных самітах (СНД, ЭАЭС, ШАС і інш.) Лукашэнка быў адзіны, хто заклікаў пераарыентаваць гэтыя арганізацыі ў антызаходнім кірунку, што вельмі падабалася Крамлю.

То бок, паводле лёгікі Лукашэнкі, дэманстратыўная ляяльнасьць Расеі — умова захаваньня незалежнасьці Беларусі і ягонай улады над ёй. Падчас нарады па пытаньнях беларуска-расейскага супрацоўніцтва напярэдадні візыту Пуціна 16 сьнежня ён тлумачыў сэнс палітыкі інтэграцыі з РФ вельмі проста: «Калі б было інакш, было б як ва Ўкраіне». У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што неляяльнасьць да Расеі магла б прывесьці да расейскай інтэрвэнцыі. Як тое цяпер адбываецца ў паўднёвых суседзяў. Такое вымушанае саюзьніцтва.

Аднак ёсьць адна праблема. Лукашэнку не пакідае адчуваньне, што ён склаў усе яйкі ў адзін кошык. Прычым, што асабліва важна, гэта адбываецца ў момант, калі імавернасьць падзеньня гэтага кошыка з вышыні вельмі высокая.

Нападам на Ўкраіну Пуцін падняў стаўкі ў сваёй сьмяротнай гульні на неверагодны ўзровень. І імкнецца прывязаць да сябе Лукашэнку і Беларусь як мага мацней. Каб ня быць у поўнай адзіноце. І дадатковым інструмэнтам, які гарантуе Лукашэнкаву ляяльнасьць, сталі расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі. Іх пастаянная прысутнасьць тут — зьява гэтага году.

Лукашэнка добра разумее пуцінскі расклад. І стараецца зрабіць гэтую повязь максымальна элястычнай. Каб можна было высьлізнуць у патрэбны момант.

Можна меркаваць, што менавіта пытаньне трываласьці гэтай прывязкі і складае асноўны зьмест таго торгу, які адбываецца амаль кожны месяц падчас перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG