«Час імпэрый ніколі ня вернецца». Зяленскі выступіў з штогадовым зваротам да Вярхоўнай Рады

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

З расейскага палону з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну вызвалілі 1456 чалавек, паведаміў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.

«Мы зробім усё, каб вярнуць дадому ўсіх нашых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў расейскай няволі. Мэта — аднавіць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны — заўсёды ідзе побач для нас зь іншай мэтай — вызваліць усіх нашых людзей, якія ўтрымліваюцца ў расейскім палоне або ў турмах, а таксама ўсіх тых, хто быў сілай дэпартаваны з нашай зямлі», — сказаў Зяленскі.

«За час пасьля 24 лютага нашай камандзе ўдалося вызваліць з расейскага палону 1456 чалавек. Гэта істотна. І я шчасьлівы бачыць кожнага і кожную, хто вяртаецца ва Ўкраіну. Але наперадзе яшчэ значна больш працы. Аднак я не сумняваюся, што мы разам, аб’яднана яе выканаем», — дадаў ён.

Відэа ўрыўкаў са штогадовага пасланьня Ўладзіміра Зяленскага да Вярхоўнай Рады апублікаваў у сацсетках дэпутат Аляксей Ганчарэнка. Таксама ў Тэлеграме Ганчарэнка прыводзіць асноўныя тэзісы пасланьня ўкраінскага прэзыдэнта.

Паводле Зяленскага, Украіна сваёй барацьбой умацоўвае Эўразьвяз і астатні свабодны сьвет, а ўкраінская армія — гэта зарука таго, што час імпэрый ніколі ня вернецца.

Кіеў будзе лідэрам у пабудове зялёнай энэргетыкі, адзначыў прэзыдэнт Украіны і падкрэсьліў, што вайскова-прамысловы комплекс краіны будзе адным з найболей прагрэсіўных.

Паводле Тэлеграму дэпутата Яраслава Жалезьняка, Зяленскі сказаў, што аднаўленьне Ўкраіны пасьля вайны будзе найбуйнейшым эканамічным праектам Эўропы.

Расея, паводле прэзыдэнта Ўкраіны, будзе прыцягнутая да адказнасьці за ваенныя злачынствы. Цяпер для гэтага, паводле інфармацыі Зяленскага, распрацоўваецца спэцыяльны мэханізм.

Расьсьледаваньнем верагодных ваенных злачынстваў расейскай арміі на тэрыторыі Ўкраіны займаецца Міжнародны крымінальны суд.

14 сьнежня кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак паведаміў пра чарговы абмен палоннымі з Расеяй, у рамках якога ва Ўкраіну вярнуліся 64 вайскоўцы і грамадзянін ЗША Мурэкезі Суэдзі.

​
XS
SM
MD
LG