Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-брамніка футбольнай зборнай Беларусі Васіля Хамутоўскага асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі»


Васіль Хамутоўскі
Васіль Хамутоўскі

Хамутоўскага абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

28 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы былога брамніка футбольнай зборнай Беларусі і трэнэра Васіля Хамутоўскага.

Працэс вяла судзьдзя Тацяна Шоцік, паведамляе «Вясна».

Хамутоўскага абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», паводле арт. 342 КК. Праваабаронцы прызналі славутага спартоўца палітычным зьняволеным.

29 сьнежня Хамутоўскаму прызначылі пакараньне ў выглядзе 2 гадоў «хатняй хіміі».

Васіля Хамутоўскага затрымалі 30 верасьня пасьля вяртаньня ў Беларусь з-за мяжы. Спачатку яму прысудзілі 13 дзён адміністрацыйнага арышту за перасылку матэрыялаў з тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Аднак пазьней Хамутоўскага перазатрымалі ўжо ў крымінальнай справе.

Пасьля выбараў Васіль асудзіў гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, падпісаўшы ліст беларускіх спартоўцаў «За сумленныя выбары і супраць гвалту», і выехаў з краіны.

Апошнім часам Хамутоўскі працаваў ва Ўкраіне ў футбольным клюбе «Львоў». Пасьля пачатку вайны працаваў таксама ў трэнэрскім штабе бухарэсцкага «Сьцяўа». У Беларусь ён вырашыў прыехаць, каб зрабіць сабе апэрацыю на калене.

Цягам кар'еры футбаліста Хамутоўскі абараняў брамы клюбаў ня толькі ў Беларусі, ён шмат гадоў правёў у камандах Румыніі і Нямеччыны, выступаў таксама ва Ўкраіне і Расеі. Правёў 26 матчаў за нацыянальную зборную Беларусі, лічыўся адным з найлепшых брамнікаў краіны нулявых і 10-х гг.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG