Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ініцыявала працэс выключэньня Расеі з Рады бясьпекі і ААН у цэлым


Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба

Украіна ініцыявала працэс, накіраваны на выключэньне Расеі з Рады бясьпекі ААН і Арганізацыі ў цэлым, паведаміў міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба.

«Расея — узурпатар месца Савецкага Саюзу ў Радзе бясьпекі ААН. Сёньня мы зрабілі важны крок... Мы заявілі на афіцыйным узроўні сваю дэталёвую і аргумэнтаваную пазыцыю, чаму знаходжаньне Расеі ў Радзе бясьпекі ААН і арганізацыі ў цэлым — нелегітымнае. Мы падалі падрабязныя доказы таго, як 31 год таму расейская дэлегацыя, па сутнасьці, проста акупавала крэсла СССР у РБ ААН — дзяржавы, якая на той момант спыніла сваё існаваньне — без статутных падстаў на гэта. Гвалт над Статутам адбыўся на аснове простай зьмены таблічак «СССР» на «Расейская Фэдэрацыя», — напісаў Кулеба ў Фэйсбуку.

Паводле слоў міністра, гэта грубае парушэньне пункту 2 артыкула 4 Статуту ААН, які «дакладна вызначае адзіную легітымную працэдуру членства ў Арганізацыі».

«Больш за тры дзесяцігодзьдзі на гэты ганебны факт проста заплюшчвалі вочы. Але Ўкраіна ня будзе маўчаць. Сёньня мы пачалі барацьбу за пазбаўленьне Расеі статусу пастаяннага члена Рады бясьпекі ААН. Гэтая барацьба ня будзе простай. Ёй будуць супрацьдзейнічаць, і не толькі Расея. Але мы ня будзем мірыцца з хлусьнёй і фальсыфікацыяй. Заданьні бываюць складаныя, але няма нічога немагчымага», — падкрэсьліў Кулеба.

На сайце МЗС ужо апублікавалі «Заяву МЗС Украіны аб нелегітымнасьці знаходжаньня Расейскай Фэдэрацыі ў Радзе бясьпекі ААН і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у цэлым».

«З 1991 году Расейская Фэдэрацыя 31 раз прымяніла вэта ў Радзе бясьпекі ААН, што амаль удвая больш, чым любы іншы пастаянны член Рады бясьпекі. Гэта толькі пытаньне часу, калі дзеяньні РФ дыскрэдытуюць і разбураць усю сыстэму ААН — адзіны і безальтэрнатыўны глябальны міжурадавы інстытут, які аб’ядноўвае за сталом перамоваў усе дзяржавы сьвету», — гаворыцца ў дакумэнце.

Украіна заклікае дзяржавы-члены ААН «аднавіць прымяненьне Статуту ААН у пытаньні легітымнасьці знаходжаньня Расейскай Фэдэрацыі ў ААН, пазбавіць РФ статусу пастаяннага члена Рады бясьпекі ААН і выключыць яе з ААН у цэлым».

«Кіруючыся прынцыпам раўнапраўя чальцоў ААН, Расейская Фэдэрацыя павінна прайсьці той жа міжнародна-прававы шлях сяброўства ў Арганізацыі, што і іншыя краіны... Украіна ініцыюе комплексны працэс, накіраваны на дасягненьне мэтаў гэтай заявы, і ў гэтым кантэксьце гатовая да ўзаемадзеяньня зь іншымі краінамі для сумеснай абароны Статуту ААН і міжнароднага права ад разбуральнага ўплыву Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў заяве.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG