Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому сьледчаму Яўгену Юшкевічу прысудзілі 11 гадоў калёніі


Яўген Юшкевіч
Яўген Юшкевіч

Экс-сьледчага Юшкевіча, які стварыў плятформу bychange.me для дапамогі былым сілавікам са зьменай працы, абвінавацілі паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Працэс Яўгена Юшкевіча праходзіў з 15 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме.

26 сьнежня судзьдзя Алена Ананіч абвінаваціла палітвязьня паводле шасьці артыкулаў КК:

  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх),
  • ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі),
  • 369 (абраза прадстаўніка ўлады),
  • ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці), 364 (гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў),
  • ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта),
  • арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Юшкевічу прысудзілі 11 гадоў пазбаўленьня волі, паведамілі Zerkalo ягоныя cваякі.

Хто такі Яўген Юшкевіч

Яўген Юшкевіч родам з Магілёва, скончыў юрфак БДУ, два гады працаваў няштатным супрацоўнікам у сьледзтве менскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — сьледчым і старшым сьледчым аддзелу расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў упраўленьня СК у Менску. У 2017 годзе пакінуў пасаду.

Пасьля звальненьня ён перайшоў у ІТ-сфэру, стаў сузаснавальнікам плятформы bychange.me, якая дапамагала былым супрацоўнікам сілавых структур прайсьці перакваліфікацыю.

Ён актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць загады, супярэчныя асабістым перакананьням. Таксама Юшкевіч публікаваў інсайды з МУС і Сьледчага камітэту.

Пасьля выбараў жніўня 2020 году Юшкевіч ня раз заяўляў, што заўважаў за сабой сачэньне з боку сілавікоў, у сваіх сацыяльных сетках былы сьледчы апісваў спробы правакацыяў.

Ужо быў прызнаны палітвязьнем у сувязі з заключэньнем пад варту паводле арт. 342 КК; пасьля меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе да затрыманьня ў красавіку 2021 году з абвінавачаньнямі паводле арт. 293, 342, 289 КК.

Затрымалі Яўгена Юшкевіча разам зь ягонай дзяўчынай 19 красавіка 2021 году. Пра ягоную справу амаль нічога не вядома. Дзяўчыну праз пэўны час адпусьцілі, самога Юшкевіча трымалі ў СІЗА КДБ.

Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», Юшкевіч да суду быў у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG