Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышт праз год пасьля падзей, закрытыя суды, рэкордныя тэрміны. Як рэжым помсьціць сілавікам, якія адмовіліся ўдзельнічаць у гвалце


Зьняволеныя Яўген Юшкевіч (зьлева) і Яўген Бабак, каляж
Зьняволеныя Яўген Юшкевіч (зьлева) і Яўген Бабак, каляж

12 траўня былому памочніку пракурора Першамайскага раёну Менску Яўгену Бабаку прысудзілі 4 гады калёніі. Свабода ўзгадвае іншыя выпадкі перасьледу былых сілавікоў.

Яўген Бабак. Распальваньне варожасьці і парушэньне грамадзкага парадку, 4 гады калёніі

Да восені 2020 году Яўген Бабак працаваў памочнікам пракурора ў Першамайскім раёне Менску. У жніўні 2020 году ён стаў адзіным пракурорскім работнікам у Беларусі, які ініцыяваў праверку па факце зьбіцьця людзей супрацоўнікамі міліцыі падчас масавых пасьлявыбарных пратэстаў. Да ўзбуджэньня крымінальнай справы ў выніку не дайшло, і Бабак звольніўся з пракуратуры ўвосень 2020 году.

Арыштавалі Яўгена амаль праз год пасьля пачатку пратэстаў — 11 чэрвеня 2021 году. Спачатку асудзілі на 30 сутак адміністратыўна, але пасьля заканчэньня гэтага тэрміну былы пракурор на волю так і ня выйшаў. У яго дома правялі ператрус, а самога Бабака абвінавацілі адразу па двух артыкулах КК — «Распальваньне варожасьці» і «Групавыя дзеяньні, што парушаюць грамадзкі парадак». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, крыніцай абвінавачаньня сталі зьвесткі зь Яўгенавага мабільнага тэлефона.

Суд па справе Бабака пачаўся 11 сакавіка 2022 году і праходзіў у закрытым рэжыме. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляла пракурорка Аліна Касьянчык. Судзьдзя Валянціна Зянькевіч палічыла віну Бабака даказанай і асудзіла яго на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Дзяніс Урад. Здрада дзяржаве, 18 гадоў пазбаўленьня волі

30-гадовага капітана Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі, спэцсувязіста Дзяніса Ўрада затрымалі 15 сакавіка 2021 году. Амаль уся інфармацыя, даступная пра яго справу, была распаўсюджаная дзяржаўнымі СМІ праз прапагандысцкі фільм «Манкурты». Там сьцьвярджалася, што Ўрад нібы перадаў сакрэтныя зьвесткі «польскаму тэлеграм-каналу», чым здрадзіў беларускай дзяржаве.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, атрыманай ад родных Урада, ён пераслаў у тэлеграм-каналы зьвесткі аб разгортваньні падразьдзяленьняў сілавікоў на вуліцах Менску напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка 2021 году. Масавых пратэстаў тады так і не адбылося, буйных сутыкненьняў пратэстоўцаў зь міліцыяй і ўнутранымі войскамі таксама, аднак Урада асудзілі ўжо праз два месяцы пасьля арышту і прыгаварылі да рэкорднага на той момант тэрміну пазбаўленьня волі — 18 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Свой тэрмін Дзяніс Урад адбывае ў папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку, вядомай сваім жорсткім рэжымам. Там жа знаходзіцца і Віктар Бабарыка.

Дзьмітры Самсонаў. Здрада дзяржаве, разгалошваньне службовай таямніцы. 19 гадоў пазбаўленьня волі

Пра справу падпалкоўніка галоўнага выведнага ўпраўленьня Мінабароны Дзьмітрыя Самсонава вядома вельмі мала. Суд над ім, як і над іншымі былымі сілавікамі, праходзіў у закрытым рэжыме. Самсонава судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Акрамя здрады дзяржаве і разгалошваньня службовай таямніцы, былога сілавіка таксама абвінавацілі ў адмываньні сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.

Самсонава затрымалі яшчэ ў 2020 годзе, судзіць пачалі толькі 4 кастрычніка 2021-га. Працэс працягваўся тры месяцы і скончыўся прысудам у выглядзе 19 гадоў пазбаўленьня волі. Пра справу Самсонава ня ўзгадвалі праўладныя тэлеграм-каналы і дзяржаўныя СМІ. Паводле інфармацыі ад праваабаронцаў «Вясны», Дзьмітры Самсонаў служыў у сакрэтнай частцы 15738, якая мае дачыненьне да праслухоўваньня тэлефонных размоваў, у тым ліку дзяржаўных службоўцаў высокага ўзроўню.

Дзе цяпер Дзьмітры Самсонаў і ў якіх умовах ён адбывае пакараньне, невядома.

Яўген Юшкевіч. Акт тэрарызму, чакае суду ў СІЗА

Яўген Юшкевіч звольніўся са Сьледчага камітэту яшчэ ў 2017 годзе, да звальненьня ён працаваў старшым сьледчым у Аддзеле па расьсьледаваньні эканамічных злачынстваў упраўленьня СК па Менску. Пасьля звальненьня ён перайшоў у ІТ-сфэру, стаў сузаснавальнікам плятформы, якая дапамагала былым супрацоўнікам сілавых структур прайсьці перакваліфікацыю.

Пасьля выбараў жніўня 2020 году Юшкевіч неаднаразова заяўляў, што заўважаў за сабой сачэньне з боку сілавікоў, у сваіх сацсетках былы сьледчы апісваў спробы правакацый. Затрымалі Яўгена Юшкевіча разам зь ягонай дзяўчынай 19 красавіка 2021 году. Пра яго справу амаль нічога невядома. Дзяўчыну празь некаторы час адпусьцілі, самога Юшкевіча ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ.

Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», цяпер ён у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Былога сьледчага абвінавачваюць па трох артыкулах КК — «Удзел у масавых беспарадках», «Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і «Акт тэрарызму». Пра пачатак судовага працэсу па справе Юшкевіча нічога не паведамлялася. Паводле абноўленага заканадаўства, за злачынства па артыкуле «Акт тэрарызму» абвінавачанаму можа пагражаць нават сьмяротнае пакараньне.

Аляксей Храловіч. Здрада дзяржаве, 10 гадоў пазбаўленьня волі

Падпалкоўнік КДБ. Як і ў выпадку зь Дзьмітрыем Самсонавым, амаль уся інфармацыя пра яго перасьлед вядомая зь дзяржаўных крыніц і прапагандысцкага фільма «Манкурты». Колькі дакладна правёў за кратамі Аляксей Храловіч, невядома. Мяркуецца, што яго затрымалі разам з Самсонавым. 30 сакавіка 2022 году Аляксея Храловіча прызналі вінаватым і асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Паводле зьвестак з прадзяржаўных тэлеграм-каналаў, Храловіч датычны да публікацыі запісаў тэлефонных перамоваў прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант.

Дзе цяпер Аляксей Храловіч, дакладна невядома.

Мікіта Старажэнка. Распальваньне варожасьці, чакае суду ў СІЗА

Сьледчы СК Мікіта Старажэнка звольніўся зь сілавых структураў на знак нязгоды з жорсткім здушэньнем пасьлявыбарных акцый пратэсту ў жніўні 2020 году. Ён адкрыта напісаў пра сваё рашэньне ў сацсетках, а таксама заклікаў іншых сілавікоў зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў краіне.

Затрымалі Старажэнку толькі праз паўтара года пасьля гэтага — у лютым 2022-га. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, былога сьледчага абвінавачваюць у распальваньні варожасьці. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з фрагмэнтам допыту Мікіты Старажэнкі, дзе ён расказвае, што нібыта перадаваў асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў сілавых структур апазыцыйным ТГ-каналам. Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, абвінавачанаму па 130-м артыкуле можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўленьня волі (у тым выпадку, калі злачынства было зьдзейсьненае з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў).

Асобнага сьпісу былых супрацоўнікаў сілавых структур, якія праз крытыку ўладаў трапілі пад перасьлед сваіх калег, не існуе. Вядома пра арышт былога сьледчага Ягора Вяршыніна, якога асудзілі на два гады калёніі. Падпалкоўніка юстыцыі Аляксея Сянькова арыштавалі праз год пасьля выбараў на працоўным месцы ў СК, абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і асудзілі на два гады калёніі. Былы кіраўнік крымінальнага вышуку ў Заводзкім ране Менску Зьміцер Кулакоўскі звольніўся адразу пасьля пачатку пратэстаў. Яго некалькі разоў садзілі «на суткі», на пачатку 2021 году далі два гады «хіміі». Былога супрацоўніка АМАПу Максіма Клімовіча (звольніўся яшчэ ў 2012 годзе, стала жыў у Польшчы) арыштавалі ў жніўні 2021 году і прысудзілі яму тры гады «хатняй хіміі». На судзе яго абвінавацілі ў тым, што пасьля падзей жніўня 2020 году Клімовіч спаліў сваё былое пасьведчаньне амапаўца і выклаў відэа гэтага ў публічны доступ.

4 траўня 2021 году Лукашэнка падпісаў указ, згодна зь якім званьняў былі пазбаўленыя больш як 80 вайскоўцаў і сілавікоў. Прэс-служба Лукашэнкі патлумачыла гэта тым, што ўсе згаданыя ва ўказе асобы дыскрэдытавалі сябе ўдзелам у пасьлявыбарных пратэстах альбо іншай падтрымкай праціўнікаў улады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG