Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайну не прадказаў ніхто. Якія прагнозы экспэртаў Свабоды на 2022 год спраўдзіліся


Расейскія танкі на чугуначнай станцыі Навабеліца ў Гомелі, 30 сакавіка 2022
Расейскія танкі на чугуначнай станцыі Навабеліца ў Гомелі, 30 сакавіка 2022

У канцы 2021 году мы задалі 15 экспэртам 11 пытаньняў пра тое, што чакае Беларусь і сьвет у 2022 годзе

Мы задавалі гэтыя пытаньні наступным экспэртам (прыводзяцца іх цяперашнія статусы):

  • дырэктару па дасьледаваньнях Цэнтру новых ідэй, доктару палітычных навук Рыгору Астапеню,
  • палітычнаму камэнтатару Дзьмітрыю Балкунцу,
  • навуковаму супрацоўніку Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліну, доктару палітычных навук Сяргею Богдану,
  • дырэктару Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, доктару палітычных навук Паўлу Вусаву,
  • дырэктарцы міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алене Кудзько,
  • палітычнаму аглядальніку Радыё Свабода Валеру Карбалевічу,
  • палітычнаму аглядальніку праекту «Позірк» Аляксандру Класкоўскаму,
  • палітычнаму аналітыку і кансультанту, каардынатару экспэртнай сеткі «Наше мнение», доктару культуралёгіі Вадзіму Мажэйку,
  • старшаму дасьледчыку Цэнтру новых ідэй, былому дыплямату Паўлу Мацукевічу,
  • экспэрту Эўрапейскай рады міжнародных адносін, былому дыплямату Паўлу Сьлюнькіну,
  • палітолягу, экспэрту Ўкраінскага інстытуту будучыні Ігару Тышкевічу,
  • палітычнаму аглядальніку Радыё Свабода Віталю Цыганкову,
  • паліталягіні, дасьледчыцы Гарадзкога ўнівэрсытэту Манчэстэру Тацяне Чуліцкай,
  • паліталягіні, дасьледчыцы крытычнай геапалітыкі, дактарантцы Вірджынскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Кацярыне Шмацінай,
  • палітычнаму аналітыку Арцёму Шрайбману.

Правільныя адказы

1. Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец году?

На 31 сьнежня 2021 году афіцыйны курс даляра паводле НББ складаў 2,54 рубля.

На 23 сьнежня 2022 году ён складаў 2,69 рубля за даляр.

Дакладней за іншых прадказалі курс рубля на канец году прадказалі Валер Карбалевіч і Аляксандар Класкоўскі (2,75). Блізкія да дакладнасьці прагнозы далі яшчэ 6 экспэртаў - ад 2,5 да 2,9. Дыяпазон прагнозаў экспэртаў быў ад 2,5 да 5.

2. Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2022 году?

У сьнежні 2022 году кіраўніком ураду Беларусі заставаўся Раман Галоўчанка, прызначаны на гэтую пасаду ў чэрвені 2020 году. Галоўчанка — 10-ы прэм’ер-міністар Беларусі з часу здабыцьця краінай незалежнасьці. Ён ужо займае гэтую пасаду даўжэй, чым трое зь яго папярэднікаў — Міхаіл Чыгір, Уладзімер Ярмошын і Сяргей Румас.

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

10 з 15 экспэртаў правільна прадказалі, што Галоўчанка на працягу году захавае сваю пасаду.

5 экспэртаў меркавалі, што ў выпадку захаваньня палітычнага курсу прэмʼерам могуць стаць Натальля Качанава, ці Мікалай Снапкоў, ці Дзьмітры Круты, ці Віктар Хрэнін, у выпадку кардынальнай зьмены дзяржаўнай палітыкі — Сяргей Румас, ці Кірыл Руды, ці Павал Латушка, ці Валер Цапкала.

3. Якія будуць афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму па новай Канстытуцыі: яўка, галасы «за», галасы «супраць», колькасьць несапраўдных бюлетэняў?

Паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, яўка на рэфэрэндуме 2022 году склала 78,6%, 82,8% з тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, прагаласавалі «за», 12,7% — «супраць», 4,3% бюлетэняў аказаліся несапраўднымі.

Аляксандар Лукашэнка галасуе на канстытуцыйным рэфэрэндуме, 27 лютага 2022
Аляксандар Лукашэнка галасуе на канстытуцыйным рэфэрэндуме, 27 лютага 2022

7 экспэртаў прадказалі даволі дакладна яўку (ад 78% да 80%), долю галасоў «за» дакладней за ўсіх (82%) прадказаў Аляксандар Класкоўскі. Яго ацэнка аказалася самай высокай, усе астатнія прадказвалі, што галасоў «за» будзе менш. Долю галасоў «супраць» дакладней за ўсіх (12%) прадказаў Віталь Цыганкоў, усе астатнія меркавалі, што галасоў «супраць» будзе істотна больш.

Прагнозы 8 экспэртаў наконт долі несапраўдных бюлетэняў былі паміж 2% і 7%, а самы дакладны (5%) прагноз даў Рыгор Астапеня.

4. Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2022 годзе масавыя пратэсты?

Такіх масавых і працяглых пратэстаў, як у 2020 годзе, у 2022 годзе не было. Былі даволі шматлюдныя антываенныя пратэсты ў дзень правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму 27 лютага. За ўдзел у гэтых пратэстах былі затрыманыя больш за 900 чалавек.

12 экспэртаў сказалі, што масавых пратэстаў у 2022 годзе ня будзе, Алена Кудзько адзначыла, што яны могуць быць, калі ў рэгіёне пачнецца вайна. Аляксандар Класкоўскі напісаў, што пратэсты могуць і быць, але не такія шматлюдныя, як у 2020 годзе.

5. Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2022 году?

Паводле праваабарончай супольнасьці, на 30 сьнежня 2021 году ў Беларусі было 970 палітвязьняў.

Па стане на 26 сьнежня 2022 году ў Беларусі, паводле ацэнак праваабарончай супольнасьці, налічвалася 1441 палітвязень.

Самым дакладным быў прагноз Кацярыны Шмацінай (1400), наступнымі па дакладнасьці былі прагнозы Валера Карбалевіча, Вадзіма Мажэйкі і Паўла Сьлюнькіна (1500). Толькі адзін экспэрт прадказаў, што колькасьць палітвязьняў на канец 2022 году складзе 3 тысячы чалавек. Астатнія 10 экспэртаў прадказвалі колькасьць палітвязьняў, меншую за 1440.

6. Ці скончыцца ў 2022 годзе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу?

Збольшага міграцыйны крызіс у 2022 годзе скончыўся. Дзясяткі мігрантаў з Азіі, якія ў 2022 годзе штодзень нелегальна спрабавалі перасекчы мяжу Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, перасталі быць палітычнай праблемай.

Пераважная большасьць экспэртаў (13 з 15) слушна прадказвалі, што міграцыйны крызіс сёлета скончыцца.

7. Колькі пакетаў санкцый прыме Эўразьвяз адносна Беларусі на працягу 2022 году?

На працягу году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.

18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».

27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазіцый).

2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.

9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.

2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.

Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022 году прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.

9 экспэртаў меркавалі, што ў 2022 годзе ЭЗ увядзе два пакеты санкцый адносна Беларусі, Тацяна Чуліцкая спрагназавала, што будзе тры пакеты санкцый, астатнія меркавалі, што новых санкцый альбо ня будзе, альбо будзе толькі адзін пакет.

8. Ці патэлефануе Лукашэнку хто-небудзь з кіраўніцтва краін Эўразьвязу ці ЗША?

26 лютага 2022 году, на пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай, з ініцыятывы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона адбылася яго тэлефонная гутарка з Аляксандрам Лукашэнкам.

11 экспэртаў прадказвалі, што на працягу году адзін з кіраўнікоў ЭЗ ці ЗША патэлефануе Лукашэнку для вырашэньня вострых праблемаў, якія датычныя як Эўразьвязу, гэтак і Беларусі.

9. Ці адбудзецца продаж расейскім інвэстарам значных пакетаў акцый буйных беларускіх прадпрыемстваў?

На працягу году не адбылося продажу расейскім інвэстарам ніякіх пакетаў акцый беларускіх прадпрыемстваў.

Мазырскі НПЗ
Мазырскі НПЗ

Палова апытаных экспэртаў (8 з 15) слушна прадказалі, што продажу вялікіх пакетаў акцый беларускіх прадпрыемстваў сёлета не адбудзецца. У папярэднія гады доля такіх адказаў была значна вышэйшая.

10. Ці зьявяцца ў Беларусі расейскія вайсковыя базы?

У 2022 годзе Расея выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі для разьмяшчэньня сваіх войскаў і вайсковай тэхнікі, каб весьці вайну супраць Украіны. Паводле дадзеных NATO, на лютаўскія вучэньні «Саюзная рашучасьць» у Беларусь было ўведзена да 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў. 24 лютага яны ўдзельнічалі ў нападзе на Ўкраіну.

У красавіку пераважная частка расейскіх войскаў была выведзеная з тэрыторыі Беларусі, заставалася каля тысячы расейскіх вайскоўцаў.

У кастрычніку ў межах фармаваньня Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі ў Беларусь ізноў былі перабазаваныя некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў — да 9 тысяч. Напрыканцы году яны праходзілі вышкал на беларускіх палігонах.

Расейская авіяцыя і ракетныя сілы з 24 лютага рэгулярна атакавалі Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

У Беларусі дзейнічалі вучэбна-баявыя беларуска-расейскія цэнтры падрыхтоўкі лётчыкаў і сілаў СПА.

Аднак сталай расейскай вайсковай базы з афіцыйным статусам у Беларусі створана не было.

Дзьве траціны экспэртаў спрагназавалі, што расейская вайсковая база ў Беларусі сёлета ня зьявіцца. Рыгор Астапеня, Сяргей Богдан і Кацярына Шмаціна адказалі, што беларуска-расейскія вучэбна-баявыя цэнтры былі створаныя яшчэ раней, а яны зьяўляюцца фактычна вайсковымі базамі, Алена Кудзько прадказала, што ў 2022 годзе будзе супольнае навучаньне вайскоўцаў і супольныя вучэньні. Віталь Цыганкоў адзначыў, што базы дэ-факта зьявяцца, Арцём Шрайбман — што дэ-юрэ не. Найбольш дакладны прагноз даў Павал Сьлюнькін: «Не, але магчымае часовае зьяўленьне расейскай тэхнікі і пэрсаналу на мяжы з Украінай».

11. Ці скончыцца ў наступным годзе ў Беларусі эпідэмія COVID-19?

Беларусы працягваюць хварэць на ковід, але напэўна можна канстатаваць, што эпідэмія гэтай хваробы ў Беларусі, як і ў большай частцы сьвету, скончылася.

Завяршэньне эпідэміі COVID-19 у Беларусі прадказвалі 4 экспэрты: Дзьмітры Балкунец, Павал Сьлюнькін, Віталь Цыганкоў і Тацяна Чуліцкая.

Пра што кажуць вынікі? Камэнтар палітычнага аглядальніка Свабоды Юрыя Дракахруста

Зразумела, што падобныя прагнозы — гэта ў значнай ступені гульня, гаданьне на гушчы ад кавы. І іх вынікі — хутчэй апісаньне настрояў супольнасьці аналітыкаў, чым прадказаньне, што будзе насамрэч. Пакліканьне аналітыкаў — тлумачыць сэнсы таго, што адбываецца, а ня ўгадваць тое, што будзе.

Ніводзін з экспэртаў, якіх Свабода апытвала напрыканцы 2021 году, пэўна не прадказваў вайну, якая вызначыла ўсю хаду падзей у 2022 годзе. Толькі Алена Кудзько ва ўмоўным ладзе, адказваючы на адно з пытаньняў, адзначыла, што пэўны сцэнар можа быць у выпадку збройнага канфлікту паміж суседзямі Беларусі. Канфлікт і здарыўся.

Але цікава, у чым экспэрты былі згодныя, што большасьць так ці інакш прадказвала, хай і з агаворкамі, і ў чым яны, ізноў жа салідарна, памыліліся.

Палова экспэртаў даволі дакладна прадказалі курс рубля на канец году: двое пацэлілі дакладна, яшчэ шэсьць - з пэўнай дакладнасьцю. Алярмічныя чаканьні абвалу курсу рубля, якія былі ў экспэртаў напрыканцы 2020 году, напрыканцы 2021 году зьмяніліся на больш асьцярожныя прагнозы. Праўда, на працягу году курс істотна вагаўся, пасьля пачатку вайны ён значна ўпаў, потым выраўняўся да ўзроўню сьнежня мінулага году, а ў сьнежні сёлета пачалося чарговае зьніжэньне. Але прагноз быў пра канец году, і палова экспэртаў зрабіла яго даволі трапна.

А вось з прэмʼерам угадала пераважная большасьць экспэртаў. Ладная частка зь іх адзначыла, што прозьвішча кіраўніка ўраду ў цяперашняй сыстэме ня мае значэньня, тым ня менш трэндавае прадказаньне — Галоўчанка застанецца. Так і атрымалася.

Вынікі рэфэрэндуму збольшага правільна прадказалі ўсе: што паводле афіцыйных паведамленьняў ён адбудзецца і што лукашэнкаўскі варыянт Канстытуцыі будзе абвешчаны тым, які набраў большасьць. Інтрыгі, па шчырасьці, тут не было.

Цікава, што пераважная большасьць, практычна ўсе, прадказалі, што масавых пратэстаў у 2022 годзе ня будзе. Насамрэч яны былі — у дзень канстытуцыйнага рэфэрэндуму, супраць вайны. Хоць яны былі менш шматлюдныя, чым у 2020 годзе. Але, напэўна, экспэрты аднолькава ацанілі і патэнцыял пратэсту, і варʼяцкія рызыкі яго ў жахлівых умовах ледзь ня сталінскіх рэпрэсій.

Наконт колькасьці палітвязьняў большасьць памыліліся, толькі 4 экспэрты пацэлілі. Відаць, напрыканцы 2021 году існавалі надзеі (ці ілюзіі), што каток рэпрэсій будзе ў 2022 годзе каціцца павальней ці нават паверне ў адваротны бок. Гэта ня спраўдзілася.

А вось зь міграцыйным крызісам большасьць угадала — што ў 2022 годзе ён скончыцца. Яго вастрыня зьніжалася ўжо напрыканцы 2021 году. Напэўна, многія з экспэртаў проста экстрапалявалі тэндэнцыю на наступны год.

З санкцыямі памыліліся ўсе. Бо ніхто пэўна не прадказаў вайну і ангажаваньне Беларусі ў яе. А пераважная большасьць 6 санкцыйных раўндаў 2022 году тычыліся менавіта пакараньня за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Гэтага не прадбачыў ніхто, таму і прагнозы ў 2–3 пакеты аказаліся памылковымі.

Тэлефанаваньне Лукашэнку ад кіраўнікоў ЭЗ ці ЗША прадказалі многія. Хто дапускаў гэта напрыканцы 2021 году, казалі пра тое, што падставай можа быць востры рэгіянальны крызіс. Крызіс у выглядзе вайны здарыўся, званок Эманюэля Макрона Лукашэнку быў. Прэцэдэнтам, які тлумачыў такі прагноз, былі тэлефанаваньні канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель Лукашэнку ў разгар міграцыйнага крызісу.

У папярэднія гады пераважная большасьць экспэртаў прадказвала, што продажу беларускай дзяржаўнай маёмасьці расейцам на працягу году ня будзе. У мінулым сьнежні такі ж прагноз давала большасьць экспэртаў, але ўжо не пераважная. Глыбокая залежнасьць ад Расеі, у якую трапіла Беларусь пасьля 2020 году, падштурхоўвала многіх экспэртаў да прагнозаў, што Масква прымусіць Лукашэнку да распродажу «фамільнага срэбра». Аднак гэтага не адбылося.

Пытаньне пра расейскую вайсковую базу фактычна не спрацавала наагул. Яно было спадчынай ранейшых двухбаковых стасункаў, калі Расея дамагалася стварэньня менавіта афіцыйнай, юрыдычна легальнай вайсковай базы.

У сьнежні 2021 году большасьць экспэртаў правільна прадказалі, што афіцыйнай базы, якая б так і называлася, на працягу 2022 году ня зьявіцца. Але многія з апытаных адказалі, што і вучэбна-баявыя цэнтры ВПС і СПА — гэта тыя ж базы. Таксама некалькі экспэртаў спрагназавалі, што расейская вайсковая прысутнасьць істотна пашырыцца. Так яно і адбылося. У лютым, паводле ацэнак NATO, у Беларусі было сканцэнтравана да 30 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, якія 24 лютага былі кінутыя ў наступ на Ўкраіну. Цяпер, у сьнежні 2022 году, у Беларусі дысьлякаваныя да 10 тысячаў расейскіх вайскоўцаў.

З прагнозам наконт эпідэміі ковіду памылілася пераважная большасьць экспэртаў, тым часам як пераважная большасьць мела рацыю напрыканцы 2020 году, прадказваючы, што ў 2021 годзе эпідэмія ня скончыцца. Яна і праўда ня скончылася ў 2021 годзе, але скончылася ў 2022-м. Некаторыя з экспэртаў у сьнежні 2021 году слушна заўважалі, што калі пандэмія скончыцца ў сьвеце, то яна скончыцца і ў Беларусі. Яна сёлета і скончылася і ў сьвеце, і ў Беларусі.

Пры ўсёй умоўнасьці такіх падлікаў прывяду ўсё ж арытмэтычны балянс ацэнак. Выводзячы сумарную дакладнасьць, я даваў дакладным ці блізкім да дакладных прагнозам 1 бал, недакладным — 0 балаў. За прагноз вынікаў лютаўскага рэфэрэндуму балы даваліся за дакладнасьць ацэнкі яўкі, галасоў «за», галасоў «супраць» і адсотку несапраўдных бюлетэняў.

У выніку больш за ўсіх — 12 балаў — набраў Павал Сьлюнькін. Другое месца з 11 баламі занялі 4 экспэрты — Валер Карбалевіч, Аляксандар Класкоўскі, Віталь Цыганкоў і Арцём Шрайбман.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG