У Расеі анансавалі на 2023 год два новыя супольныя зь Беларусьсю маштабныя вайсковыя вучэньні

Расейская тэхніка, што ўдзельнічала ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць» у Беларусі, 2021 год
Расейская тэхніка, што ўдзельнічала ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць» у Беларусі, 2021 год

Расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць» 2021 году закончыліся расейскім уварваньнем ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі, першы намесьнік міністра абароны Валерый Герасімаў заявіў, што ў наступным годзе на супольныя зь Беларусьсю вайсковыя вучэньні плянуюць запрасіць вайсковыя кантынгенты зь іншых краін-партнэрак.

«У наступным годзе асноўнымі мерапрыемствамі падрыхтоўкі Ўзброеных сіл стануць манэўры войскаў і сілаў „Захад-2023“ і супольныя апэратыўныя вучэньні Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі „Шчыт Саюзу — 2023“, — паведаміў Валерый Герасімаў на брыфінгу для вайсковых аташэ замежных дзяржаў.

Паводле яго, для супольных дзеяньняў у складзе Кааліцыйнай групоўкі войскаў „на манэўры прадугледжваецца запрасіць вайсковыя кантынгенты з узброеных сіл краін дзяржаў-партнэрак“.

Аднак Герасімаў не ўдакладніў, якія менавіта краіны плянуецца запрасіць. Ён адзначыў, што прыярытэтнае значэньне надаецца разьвіцьцю партнэрскіх і саюзьніцкіх дачыненьняў зь дзяржавамі СНД, разьвіцьцю вайсковага складніка АДКБ, а таксама ўзаемадзеяньню абаронных ведамстваў дзяржаў ШАС».

Расея ў канцы 2021 і пачатку 2022 году правяла супольныя зь Беларусьсю вучэньні «Саюзная рашучасьць», пасьля якіх 24 лютага ўварвалася ва Ўкраіну, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG