«Украінцы перамаглі — і гэта надае нам мужнасьці, якой захапляецца сьвет. Амэрыканцы перамаглі — і таму вам удалося аб’яднаць сусьветную супольнасьць у абарону свабоды і міжнародных правілаў. Эўрапейцы перамаглі — таму Эўропа цяпер мацнейшая і больш незалежная, чым калі-небудзь у сваёй гісторыі», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Ён дадаў:
«Гэта мы павінны перамагчы Крэмль на полі бою. Гэта бітва ня толькі за зямлю, за тую ці іншую частку Эўропы. Гэта бітва ня толькі за жыцьцё, свабоду і бясьпеку людзей — украінцаў ці любога іншага народу, які Расея імкнецца заваяваць. Гэта бітва за тое, у якім сьвеце будуць жыць нашы дзеці і ўнукі, іх дзеці і ўнукі. Гэтую бітву нельга ні замарозіць, ні адкласьці. Гэта нельга ігнараваць у надзеі, што акіян ці нешта яшчэ абароніць цябе».
У наступным годзе, па словах Зяленскага, прыйдзе час, калі «мужнасьць Украіны і рашучасьць амэрыканцаў забясьпечаць свабоду людзям, якія адстойваюць свае каштоўнасьці».
Гаворачы аб адным з самых гарачых пунктаў Данбасу, Бахмуце, прэзыдэнт Украіны заявіў, што «ўкраінскі Данбас стаіць».
«Расейская армія выкарыстоўвае ўсё, што можа, супраць Бахмута і іншых нашых гарадоў на лініі фронту. Вельмі адчувальная перавага акупантаў у артылерыі. У іх снарадаў у разы больш, чым у нас. Яны выкарыстоўваюць у разы больш ракет і самалётаў, чым калі-небудзь было ў нас. Але нашы сілы абароны стаяць», — падкрэсьліў Зяленскі.
Прэзыдэнт зьвярнуўся да Кангрэсу і амэрыканскага народу:
«Нам патрэбна вашая дапамога, каб ня проста выстаяць у такіх бітвах, але каб пераламіць іх. Перамагаць на полі бою».
Зяленскі таксама нагадаў пра выкарыстаньне расейскай арміяй іранскіх бесьпілётнікаў, якія запускаюцца з тэрыторыі Расеі «сотнямі і сталі пагрозай нашай крытычнай інфраструктуры».
«Так адзін тэрарыст знаходзіць другога. Каб ваяваць супраць вольнага сьвету», — сказаў Зяленскі.
Ён заклікаў ЗША ўзмацніць санкцыі, каб даць Расеі адчуць, наколькі разбуральная яе агрэсія:
«У вашых сілах дапамагчы нам прыцягнуць да адказнасьці ўсіх тых, хто разьвязаў гэтую несправакаваную і незаконную вайну».
Падзякаваўшы амэрыканцам за вайсковую дапамогу, Зяленскі зьвярнуўся да Кангрэсу: «Вы далі нам артылерыю, але гэтага недастаткова». Ён запэўніў прысутных, што ўкраінскія вайскоўцы здольныя авалодаць амэрыканскай тэхнікай, у прыватнасьці кіраваць амэрыканскімі танкамі і самалётамі.
«Праз два дні будзем сьвяткаваць Каляды. Можа, пры сьвечках. Не таму, што гэта больш сэнтымэнтальна. А таму, што ня будзе сьвятла. Зараз у выніку расейскіх удараў больш за 10 млн чалавек ва Ўкраіне засталіся безь сьвятла... Мы пройдзем сваю вайну за незалежнасьць. Мы сустрэнем гэтае Раство — і, калі ня будзе электрычнасьці, усё роўна ня згасьне сьвятло нашай веры ў саміх сябе», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
У канцы выступу Ўладзімір Зяленскі перадаў сьпікеру Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі (зь якой у яго адбылася сустрэча перад выступам) украінскі сьцяг з аўтографамі, які папрасілі перадаць абаронцы Бахмута. Са свайго боку Зяленскаму падарылі амэрыканскі сьцяг, зьняты з Капітолія.
Перад выступам у Кангрэсе прэзыдэнт Украіны правёў у Белым доме перамовы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам. Байдэн, у прыватнасьці, анансаваў прадастаўленьне Ўкраіне новага пакету вайсковай дапамогі на 1,85 млрд даляраў.
Вашынгтон упершыню перадае Ўкраіне батарэю ЗРК Patriot і боепрыпасы да яе. Агулам ЗША выдзелілі Ўкраіне прыкладна 21,2 мільярда даляраў з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі 24 лютага.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.