Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць афіцыйных асоб Ірану за разгон пратэстаў


На пратэстах у Іране
На пратэстах у Іране

Злучаныя Штаты ўвялі чарговыя санкцыі супраць іранскіх афіцыйных асоб, у тым ліку генэральнага пракурора і ключавых вайсковых чыноўнікаў, узмацніўшы ціск на Тэгеран у сувязі з задушэньнем ім народных пратэстаў.

Гэты крок зьяўляецца апошняй рэакцыяй Вашынгтону на разгон акцый непадпарадкаваньня пасьля гібелі маладой іранскай курдкі Махсы Аміні падчас зьняволеньня паліцыяй маралі ў верасьні, піша Reuters.

Міністэрства фінансаў ЗША ў сваёй заяве заявіла, што ўвяло санкцыі супраць Махамада Мантазэры, генэральнага пракурора Ірану, абвінаваціўшы яго ў тым, што ў верасьні ён загадаў судам вынесьці жорсткія прысуды многім арыштаваным падчас пратэстаў. Таксама ўключана іранская кампанія Imen Sanat Zaman Fara, якая, па словах Мінфіну, вырабляе абсталяваньне для сілавікоў, у тым ліку бронемашыны, якія выкарыстоўваюцца для разгону натоўпу.

Вашынгтон таксама ўвёў санкцыі ў дачыненьні двух высокапастаўленых чыноўнікаў Іранскіх сіл супраціву Басідж, апалчэньня, зьвязанага з Рэвалюцыйнай гвардыяй, якая была шырока задзейнічана падчас разгонаў, і двух чыноўнікаў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.

«Мы асуджаем узмацненьне гвалту іранскім рэжымам супраць уласнага народу, які выступае за свае правы чалавека», — заявіў у заяве намесьнік міністра фінансаў у пытаньнях тэрарызму і фінансавай разьведкі Браян Нэльсан.

Місія Ірану пры ААН у Нью-Ёрку не адразу адказала на просьбу аб камэнтары.

Пратэсты іранцаў з усіх слаёў грамадзтва — адзін з самых сьмелых выклікаў тэакратыі з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 году. Іран абвінавачвае заходнія дзяржавы ў распальваньні беспарадкаў, якія сілы бясьпекі сустрэлі гвалтам са шматлікімі забітымі і параненымі.

Новыя санкцыі замарожваюць любыя амэрыканскія актывы тых, хто ўвайшоў у сьпіс, і ў цэлым забараняе амэрыканцам мець зь імі справу. Людзі, якія ўдзельнічаюць у пэўных транзакцыях з такімі асобамі, таксама рызыкуюць трапіць пад санкцыі.

Іншымі чыноўнікамі, якія трапілі пад санкцыі, былі Хасан Хасанзадэ, які, паводле Міністэрства фінансаў, зьяўляецца камандуючым сіламі Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Тэгеране; Мусьлім Маэйн, якога Вашынгтон абвінаваціў у спробах кантраляваць і цэнзураваць дзейнасьць іранцаў у Інтэрнэце ў якасьці кіраўніка штабу кібэрпрасторы Басідж; і намесьнік каардынатара Басідж Хасэйн Маруфі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG