Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве частка жыхароў тры дні застаецца безь сьвятла. Ёсьць праблемы з вадой і цяплом

Украіна пасьля расейскай ракетнай атакі. Ілюстрацыйнае фота
Украіна пасьля расейскай ракетнай атакі. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік кампаніі – пастаўшчыка электраэнэргіі «Ясно» Сяргей Каваленка паведаміў, што 20 сьнежня Кіеў амаль цалкам быў без сьвятла.

Пасьля расейскай атакі дронамі, якая адбылася 19 сьнежня, вялікая частка жыхароў украінскай сталіцы ня мае доступу да электраэнэргіі. У будынках, якія маюць больш за 20 паверхаў, няма вады і цяпла.

«Цяпер маем магутнасьць на 50% меншую, чым неабходна. Зь яе трэба сілкаваць крытычную інфраструктуру. Дыспэтчары намагаюцца зрабіць так, каб раёны мелі энэргію хоць бы на кароткі час. Але ёсьць шэраг дамоў, якія не падключаліся з 19 сьнежня», — напісаў Сяргей Каваленка.

Паводле яго, у Дніпры больш стабільна і там амаль наблізіліся да графікаў вэерных адключэньняў.

«Рамонтныя работы працягваюцца. І калі вы дагэтуль не ўцяпліліся і не перагледзелі сьпіс рэчаў, якія вам патрэбныя, каб спакойна пражыць доўгія адключэньні, — цяпер час аб гэтым паклапаціцца», — заклікаў кіраўнік кампаніі «Ясно».

Паводле інфармацыі Свабоды, найбольшыя праблемы ў тых грамадзян, якія жывуць у дамах, вышэйшых за 20 паверхаў. Згодна з умовамі бясьпекі, у такіх будынках усе камунікацыі завязаныя на электрычнасьць. Калі энэргіі няма, то не працуюць помпы для пад’ёму вады на верхнія паверхі. Няма магчымасьці прыгатаваць гарачую ежу, бо электрапліты таксама не працуюць. Цяжка падняцца на высокія паверхі, бо ліфты не працуюць.

У некаторых будынках сьвятло ўключалі ўсяго на 20 хвілін. Іншым шанцавала дзьве гадзіны карыстацца энэргіяй — за гэты час можна хаця б падсілкаваць усе прылады. Людзі зьвяртаюцца да кампаніі-пастаўшчыка, але там часьцей адказваюць, што сытуацыя складаная і немагчыма спрагназаваць тэрміны аднаўленьня энэргазабесьпячэньня.

«Трымаемся! Мае патрэбы ў сьвятле можа задаволіць толькі палаючая Масква», — пішуць жыхары ўкраінскай сталіцы на старонцы кампаніі ў Facebook.

Аналягічная сытуацыя ў Харкаве, Херсоне і Кіеўскай вобласьці. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што энэргія фізычна даступная, але яе немагчыма перадаваць, бо разбураны электрасеткі.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што сыстэму водазабесьпячэньня аднавілі і помпавыя агрэгаты пачалі працаваць.

«Водазабесьпячэньне ўжо паступова зьяўляецца ў дамах. Спачатку на ніжніх паверхах. Ціск на верхніх паверхах шматпавярховых дамоў звычайна забясьпечваюць дадатковыя станцыі падпампоўваньня, на запуск якіх патрэбны час і электрыка. Камунальнікі працягваюць працаваць, каб вярнуць водазабесьпячэньне ў жытло ўсіх гараджан», — запэўніў мэр украінскай сталіцы.

Паводле ўладаў, аб’екты крытычнай інфраструктуры стабільна забясьпечваюцца электраэнэргіяй.

Кіраўнік праўленьня кампаніі «Укренерго» Уладзімір Кудрыцкі ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» паведаміў, што для аднаўленьня пашкоджанай энэргасеткі патрэбна абсталяваньне.

«Тысяча супрацоўнікаў „Укренерго“ працуюць у рэжыме 24/7 для аднаўленьня аб’ектаў інфраструктуры і забесьпячэньня сілкаваньня для ўкраінцаў. Але відавочна, што разбурыць энэргетычны аб’ект ракетай значна прасьцей і хутчэй, чым яго аднавіць», — сказаў Кудрыцкі.

Расея толькі цягам апошняга тыдня двойчы атакавала энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны. 19 сьнежня расейцы атакавалі дронамі аб’екты ў Кіеве і Кіеўскай вобласьці.

16 сьнежня Расея запусьціла па 11 з 27 рэгіёнаў Украіны 76 ракет з акваторыяў Чорнага і Касьпійскага мораў. І, хоць большую частку зьбілі ўкраінскія сродкі супрацьпаветранай абароны, пазьбегнуць разбурэньняў у энэргетыцы не ўдалося. Тады на энэргетычным рынку абвясьцілі надзвычайную сытуацыю і заявілі, што для аднаўленьня спатрэбіцца больш часу, чым пасьля мінулых атак.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG