Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: узмацненьне Расеяй ціску пазбаўляе Лукашэнку магчымасьцяў манэўру


RUSSIA - Vladimir Putin, Aliaksandar Lukašenka
RUSSIA - Vladimir Putin, Aliaksandar Lukašenka

Лукашэнка, падобна, адкладае выкананьне больш шырокіх патрабаваньняў Пуціна.

Аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўзмацненьне расейскага ціску на Беларусь пагаршае поле манэўраў для Аляксандра Лукашэнкі ў ягоных спробах не ісьці на саступкі Крамлю.

«Доўгая гульня прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна па аднаўленьні сюзэрэнітэту над Беларусьсю прагрэсуе незалежна ад ягоных намаганьняў больш актыўна ўцягнуць Беларусь у расейскае ўварваньне ва Ўкраіну. [...] Лукашэнка, падобна, адкладае выкананьне больш шырокіх патрабаваньняў Пуціна аб далучэньні беларускіх сіл да ўварваньня ва Ўкраіну, ідучы на меншыя саступкі, ад якіх ён адмаўляўся гадамі», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

Аналітыкі Інстытуту вывучэньня вайны мяркуюць, што кіраваньне перададзенымі Расеяй у Беларусь ракетнымі ўстаноўкамі С-400 будуць ажыцьцяўляць расейскія вайскоўцы, пэўна, з расейска-беларускага навучальнага цэнтру ў Горадні.

Разам з тым у справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны чарговы раз адзначаецца, што новы напад Расеі з тэрыторыі Беларусі пакуль малаімаверны.

Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў аб павелічэньні вайсковай пагрозы з боку Беларусі.

«Цяпер на тэрыторыі Беларусі сканцэнтраваныя 2-я мотастралковая дывізія першай танкавай арміі, а таксама падразьдзелы, узброеныя ракетнымі комплексамі „Іскандэр“, якія прызначаныя для выкарыстаньня па цэлях на тэрыторыі Ўкраіны. Гэтага патэнцыялу цяпер дастаткова для стварэньня пагрозы Ўкраіне і правядзеньні тактычных дзеяньняў», — заявіў Сяргей Наеў.

16 сьнежня міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба і галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй Валеры Залужны заявілі аб магчымым паўторным наступе Расеі на Кіеў, у тым ліку зь Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG