Акупацыйныя ўлады ў канцы лістапада заявілі, што аднавілі пастаўку цяпла ў 475 будынкаў гораду, а да канца году плянуюць павялічыць гэтую колькасьць да 1000.
Як цяпер жыве Марыюпаль? Ці забясьпечаныя жыхары гораду цяплом? Як перажываюць зіму тыя, у каго няма непашкоджанага жытла, высьвятляў праект Радыё Свабода «Новини Приазов’я».
«Бяз даху над галавой»
Дырэктар марыюпальскай грамадзкай арганізацыі «Архі-Місто» Андрэй Марусаў паведаміў, што ў Марыюпалі цяпер шмат людзей, якія засталіся ўвогуле бяз даху над галавой.
«У горадзе дастаткова беспрытульных. Што маю на ўвазе? Сама меней палова шматкватэрных будынкаў разбурана. Людзі, якія не змаглі выехаць, спрабавалі там жыць. Што там адбываецца месяц-два? Расейцы пачалі масава зносіць шматкватэрныя будынкі рознага ўзроўню. Гэта азначае, што шмат людзей (невядома колькі, можа тысячы) проста страцілі дах над галавой. У іх быў хоць які дах. Апроч таго, шмат дамоў ня зносяць, але яны пашкоджаныя, ня маюць даху або ў іх выбітыя шыбы», — патлумачыў Андрэй Марусаў.
Паводле яго, расейцы абяцалі аднавіць будынкі, якія ня зносяць, але абяцанак не выконваюць.
«Недзе з пачатку восені расейскія акупанты пачалі кампанію аднаўленьня вокнаў, цяпла, газу і іншага. Але насамрэч ужо сьнежань, і мы бачым у сацыяльных сетках, у водгуках, я ведаю і па ўласным доме — нічога ня робяць. Няма таго самага даху, яго ніхто не аднаўляе, і выходзіць, што калі ідзе дождж, то залівае ўвесь пад’езд, калі гаварыць пра мой дом і іншыя, якія ў такім жа стане», — дадаў ён.
Акупацыйныя ўлады не аднавілі таксама энэрга- і водазабесьпячэньня. Мясцовыя жыхары вывешваюць плякаты або пішуць надпісы: «Мы замярзаем, дайце цяпло». «І тут ключавая праблема ў тым, што расейцы разбурылі горад да такога ўзроўню, што, каб запусьціць цяпло, водазабесьпячэньне і электрыку, трэба рабіць вельмі шмат», — адзначыў Андрэй Марусаў.
«Ідзецца пра магістральныя лініі, трансфарматары, ад чаго цяпер цярпіць уся Ўкраіна. Першым ад гэтага пацярпеў, мабыць, Марыюпаль, бо яны за некалькі дзён разбамбілі ўсе трансфарматары і падстанцыі», — удакладніў ён.
Паводле Андрэя Марусава, некаторыя гараджане змаглі выехаць на зіму ва ўцалелыя прыватныя будынкі, дзе ёсьць печкі. Расейскія акупацыйныя ўлады абяцалі ўсталяваць так званыя мабільныя кацельні, але гэтага таксама пакуль не зрабілі.
«З таго, што вядома, ці іх недастаткова, ці іх толькі прывезьлі і не наладзілі. Пакуль што гэта выглядае так, што нешта хацелі, але не ажыцьцявілі. З другога боку, некалькі інтэрнатаў сапраўды пачалі рабіць, рамантаваць. І трэцяе — так званыя „куратнікі“. Гэта шматкватэрныя будынкі, якія расейскія акупанты ўзводзяць вельмі хутка», — патлумачыў ён.
«А „куратнікі“ чаму? Бо гэта такія блёкі, таннае жытло, якое яны будуюць у Расеі. Такі ж падыход і ў Марыюпалі. Усё будуецца вельмі хутка, неяк незразумела. У прыватнасьці, калі будуецца на пустым месцы, то гэта азначае, што каналізацыя, водазабесьпячэньне не падведзеныя і некаторыя з гэтых дамоў стаяць пустыя», — паведаміў прадстаўнік марыюпальскай грамадзкай арганізацыі.
З увагі на баявыя дзеяньні і акупацыю Расеяй часткі поўдня Ўкраіны, рэдакцыя ня можа атрымаць афіцыйнага пацьвярджэньня гэтых фактаў або праверыць іх незалежна.
«Пачалася эпідэмія, лякарні перапоўненыя»
Пятро Андрушчанка, дарадца мэра Марыюпалю, паведаміў, што доступ да забесьпячэньня цяплом маюць каля 30% жыхароў гораду.
«Сытуацыя пагаршаецца, яго [цеплазабесьпячэньне] аднавіць у сьціслыя тэрміны немагчыма. Людзі замярзаюць проста ў кватэрах. Замярзае вада нават унутры кватэраў, бо няма іншага шляху для абагрэву, як цэнтралізаванае цеплазабесьпячэньне, у каго яно ёсьць, або электраабагравальнікі — зноў жа, у каго яны ёсьць і працуюць. Бо не хапае магутнасьцяў, адключаецца электрасетка. Напружаньне зьніжаецца да 110 вольт, гэта азначае — не працуе абагравальнік, гарыць праводка і абсталяваньне. Плюс вільготнасьць і дождж. Гэта тое, што не спрыяе нармальнай працы электраабсталяваньня ў горадзе», — патлумачыў Пятро Андрушчанка.
Паводле яго, у горадзе «шалёна» павялічыўся ўзровень захворваньняў.
«У Марыюпалі распаўсюджваецца эпідэмія грыпу. Лякарні перапоўненыя, „хуткая“ нават не выяжджае на высокую тэмпэратуру. Няма куды шпіталізаваць людзей на лячэньне. Апроч росту захворваньняў, вырас і ўзровень сьмяротнасьці. Калі ў пачатку лістапада сьмяротнасьць за тыдзень была недзе 150 асобаў, то на мінулым тыдні яна перасягнула мяжу ў 250 асобаў. Гэта ў 7-7,5 раза вышэй, чым было да пачатку гэтай фазы вайны», — дадаў дарадца мэра Марыюпалю.
Марыюпаль на Новы 2022 год, за два месяцы да расейскага нападу:
Пятро Андрушчанка адзначыў, што цяпло ў Марыюпалі зьнікла ў пачатку сакавіка.
«У лютым, калі пачаліся абстрэлы, пашкодзілі газаправод. Першачарговыя праблемы зь цеплазабесьпячэньнем непасрэдна зьвязаныя з тым, што ў раёне Вуглядару расейская армія пашкодзіла газаправод, якім у Марыюпаль ідзе газ, а на газе працуюць кацельні. Потым ужо былі шалёныя абстрэлы, пашкоджаньне кацельняў ужо непасрэдна ў горадзе. Гэта наступства баявых дзеяньняў», — патлумачыў дарадца мэра Марыюпалю.
Паводле яго, цяпер выехаць з Марыюпалю можна толькі праз Расею.
Блякада Марыюпалю пачалася ў сакавіку 2022 году і працягвалася да сярэдзіны траўня, калі апошнія ўкраінскія абаронцы выйшлі з гораду адпаведна дамоўленасьці аб далейшым абмене.
Пакуль што горад цалкам акупаваны.
Напярэдадні Калядаў і Новага году марыюпальцы ўспамінаюць, якім быў горад да ўварваньня Расеі, якімі былі марыюпальскі тэатар і плошча перад ім.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.