Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я гатовы прымаць удзел у судовым працэсе», — Латушка пра «тры вайны Лукашэнкі», сьмерць Макея і гандаль палітвязьнямі


Павал Латушка. Архіўнае фота
Павал Латушка. Архіўнае фота

Сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў пытаньнях транзыту ўлады, старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка ў эфіры Свабоды Premium — пра тое, чаму Беларусь трэба прызнаць акупаванай краінай, ці магчымы цяпер гандаль палітвязьнямі і што стаіць за сьмерцю Макея.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты інтэрвію

Чаму Беларусь трэба прызнаць акупаванай тэрыторыяй

— Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас сустрэчы зь беларусамі на мінулым тыдні публічна заявіў, што Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй... Пазьней я гутарыў з польскім прэзыдэнтам, і ён казаў, што, магчыма, падыме гэтае пытаньне ў Давосе. Але нават калі яно і ня будзе паднятае, застаецца факт, што гэта прагучала ў публічным звароце з вуснаў прэзыдэнта Польшчы. Гэта ўжо прагучала з вуснаў сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Данілава, ад офісу прэзыдэнта Зяленскага, дэпутатаў Вярхоўнай Рады, міністра замежных справаў Літвы Ландсбергіса, які таксама заявіў аб частковай акупацыі Беларусі. З гледзішча замежнай палітыкі гэта вельмі важныя палітычныя заявы, якія рыхтуюць глебу.

Беларусь — акупаваная тэрыторыя, Лукашэнка — нелегітымны, ён утрымаў уладу толькі дзякуючы таму, што яму дапамог акупант, прэзыдэнт Расеі. Расейскія войскі ўваходзяць на тэрыторыю Беларусі і робяць тое, што лічаць неабходным, парушаючы Канстытуцыю Беларусі і двухбаковыя дамоўленасьці Беларусі з Украінай. Зараз чарговым разам ствараецца пагроза ўжываньня сілы супраць Украіны. Лукашэнка выконвае волю не беларускага народу, а расейскага акупанта.

Мы верым, што Ўкраіна пераможа. Будуць перамовы пра мір. Хто будзе весьці перамовы, калі Лукашэнка да гэтай пары будзе пры ўладзе? Функцыянальна хутчэй за ўсё яго будуць нейкім чынам запрашаць. Ці прымаць неабходнасьць таго, каб ён быў у гэтых перамовах. Хто будзе прадстаўляць голас беларусаў? Мы ня маем выключнага права, але мы стварылі Аб’яднаны кабінэт, каб казаць не ад імя Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Валера Кавалеўскага ці іншых маіх калегаў у кабінэце, а ад імя беларусаў.

Што падчас мірных перамоваў паставіць галоўным пытаньнем Украіна? Дэмілітарызацыю суседніх тэрыторыяў. Перадусім галоўным пунктам будзе Беларусь. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія войскі. Патэнцыйна гэта мірны шлях вызваленьня Беларусі. Міжнародная супольнасьць павінна будзе запрасіць і нас да гэтых перамоваў.

Калі мы будзем мець свае вайсковыя структуры ва Ўкраіне, калі будзем мець моцны плян унутранага пратэсту «Перамога», калі ён будзе разьвівацца, калі мы будзем мець сілу і міжнароднае прызнаньне, мы будзем за гэтым сталом перамоваў таксама. І будзем дамагацца вываду расейскіх войскаў... А другі крок — новыя, датэрміновыя выбары. Гэта мірны шлях. Калі ня ўдасца яго рэалізаваць, то тады ў нас ёсьць іншы сцэнар, але ён рызыкоўны.

Пра спосабы вызваленьня палітвязьняў

— Мне гэта моцна баліць. Мой стрыечны брат Анатоль Латушка — палітвязень, асуджаны на 6 гадоў турмы. Яму надзявалі на галаву цэляфанавы пакет і моцна білі. Ягоная жонка, палітзьняволеная, атрымала два з паловай гады «хіміі». Я не магу быць абыякавым да гэтага пытаньня. Шмат людзей, якіх я асабіста ведаю, цяпер у турмах.

У мяне нядаўна была сустрэча з намесьніцай памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША, якая адказвае за пытаньні правоў чалавека. Я запытаўся, якія ёсьць інструмэнты, сродкі, якія мы б маглі ужыць дзеля палітзьняволеных. Яна адказала, што няма ўнівэрсальных сродкаў. Іх не існуе. Могуць быць толькі індывідуальныя сродкі. І такія індывідуальныя крокі робяцца. Як напрыклад, справа Натальлі Хершэ. Былі размовы пра больш важкія крокі. Не кажу пра дзясяткі тых, каго патэнцыйна маглі вызваліць, але пра некалькіх чалавек. І Лукашэнка не датрымаў слова. Ніколі не датрымаў слова...

Лукашэнка яшчэ ня выбачыў нікому.... Ён помсьціць за 2020 год. Ён яшчэ нават не прыпыніўся. Калі мы кажам пра вызваленьне аднаго, то заўтра ён саджае двух, трох, дзесяцёх. Можам дамовіцца і вызваліць некалькіх... дай Божа... хворых, можа, непаўналетніх... А заўтра ён пасадзіць чарговых.

Сытуацыя беспрэцэдэнтная, яе нельга параўноўваць з тым, што было раней. Я памятаю гэтыя размовы пра санкцыі і палітзьняволеных. Тады было 5-6 палітзьняволеных. Я пагаджаюся з Андрэем Саньнікавым, што толькі моцныя санкцыі, моцны ціск могуць прымусіць гэтую дзікую ўладу зьмяніць свой падыход і пачаць хоць па адным вызваляць палітвязьняў. Яшчэ ня выкарыстаныя ўсе інструмэнты.

Яшчэ ня выкарыстаныя інструмэнты крымінальнай адказнасьці Лукашэнкі і яго паплечнікаў. За гэта я вяду барацьбу, за гэта крытыкую эўрапейскіх партнэраў у розных краінах. На нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі бюро ў пытаньнях правоў чалавека Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША я таксама казаў, што гэта павінен быць адзін з элемэнтаў стратэгіі — паказаць, што ў іх будзе такі ж лёс, які меў Мілошавіч, што яны будуць пад трыбуналам.

Лукашэнка не гатовы і ня будзе гатовы вызваліць усіх. Давайце гэта зразумеем. Але гэта не азначае, што мы не павінны весьці барацьбу за кожнага. І гэтая праца ідзе...

Пра сьмерць і ролю Ўладзімера Макея

— З 2020 году ў нас няма міністэрства замежных справаў. Незалежна ад таго, ці быў на гэтай пасадзе Макей, ці нехта іншы будзе, у нас няма вонкавай палітыкі. Вонкавая палітыка зарыентаваная толькі на адзін вэктар — расейскі... Лукашэнка робць усё, што важна для інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі. Зьнішчаецца беларускасьць, беларуская мова, беларуская культура, сьвядомасьць, назвы...

Я хутчэй схільны думаць, што Макей памёр натуральным чынам. Але і самагубства можа разглядацца як адзін з варыянтаў. Макей быў пад вельмі моцным псыхалягічным ціскам. Ягоная роля ва ўрадзе была фактычна блізкая да нуля. Яму было сказана, што калі чарговы пакет санкцыяў будзе ўведзены, то ён страціць пасаду. І ўжо пачалося рыхтаваньне замены яму. Я перакананы, што ў Ерэване ён меў размову з Лукашэнкам, якая скончылася для яго вельмі нэгатыўна. Лукашэнка не прапанаваў яму нічога... Кар’ера яго скончылася. Гэтая фатальнасьць сытуацыі давяла да таго, што сталася.

Ці быў там нейкі расейскі сьлед, як часта кажуць? Ня думаю, але нейкі працэнт на гэта даць можа. Паглядзім на вынікі расьсьледаваньня Bellingcat. Але ўсё ж гэта апошняе, што сёньня патрэбна Пуціну. Яму ня трэба сёньня дэстабілізаваць Лукашэнку... Хто б ні стаў новым міністрам замежных справаў (усіх кандыдатаў мы ведаем) — гэта ўсё будуць салдаты. Такім салдатам быў Макей. Так, ён быў больш прыхільны да беларускасьці, да культуры. Гэта ў яго было, але гэта не апраўдвае таго, што ён быў фактычна адказным за рэпрэсіі ў 2020 годзе.

Згадваю, што калі я быў міністрам культуры і размаўляў з Праляскоўскім (былы міністар інфармацыі. — РС), то казаў: мне падаецца, што гэта будзе нейкі подых эўрапейскасьці ў нашым урадзе. Нават Мясьніковіч тады казаў, што ў нас адзіны праэўрапейскі міністар ва ўрадзе. Ці гэта была станоўчая адзнака, ці, наадварот, ганьбаваньне, ня ведаю, але такая надзея была.

Хто адказваў за Плошчу ў 2010 годзе? Макей. Колькі людзей было затрымана... У тым ліку і мой брат, які ўжо не жыве, на жаль... Сотні затрыманых, пабіты Някляеў, пабіты Саньнікаў... За гэта адказваў Макей. Забыліся пра гэта? Пасьля 2020 году Макей сказаў, што будзе зьнішчана грамадзянская супольнасьць, калі «вы ня спыніце санкцыі». І ён гэта зрабіў.

І што цяпер казаць? Што ён вёз нейкую капэрту ў Лодзь на саміт АБСЭ? Ня вёз. Капэрта была пустая. Мне дыпляматычныя крыніцы кажуць, што былі перамовы пра нейкія маленькія крокі. І склалася ўражаньне, што ён нават гэта пабаяўся перадаць Лукашэнку.

Пра ўвядзеньне сьмяротнага пакараньня дзяржаўным службоўцам і вайскоўцам за «здраду дзяржаве»

— Гэта рэакцыя ў тым ліку і на дзейнасьць Кабінэту і ўсіх тых, хто працуе на зьмены ў Беларусі. Ён уводзіць сьмяротнае пакараньне для вайскоўцаў. На тэрыторыі Ўкраіны ёсьць падразьдзяленьні добраахвотнікаў. Гэта героі Беларусі, якія змагаюцца за вольную Ўкраіну і мараць аб вызваленьні Беларусь. Прадстаўнік Кабінэту ў пытаньнях нацыянальнай абароны і бясьпекі Валер Сахашчык таксама займаецца вайсковым будаўніцтвам на тэрыторыі Ўкраіны. Гэта таксама даволі канкрэтны працэс.

Лукашэнка разумее, што войска, як і грамадзтва, ня схільнае да вайны ва Ўкраіне. Мы маем даволі актыўную камунікацыю з вайскоўцамі, і гэты зрэз паказвае, што вайскоўцы ня хочуць ісьці ваяваць. Калі здарыцца трыгерная сытуацыя, калі Лукашэнка выканае загад Пуціна паслаць беларускія войскі разам з расейскімі ва Ўкраіну, што будуць рабіць беларускія вайскоўцы? Сілы спэцапэрацыяў, на жаль, хутчэй будуць выконваць загад.

А іншыя? Пытаньне. Ці яны складуць зброю, ці пяройдуць на бок Украіны? Ці пяройдуць потым да нашых структураў ва Ўкраіне? Ён гэтага баіцца. Таму ўзьнікла і пагроза сьмяротнага пакараньня, бо няма дыму без агню. Агонь ёсьць унутры, так што можа быць і дым.

Наконт дзяржаўных службоўцаў. Мы ведаем, што сёньня яны функцыянальна ляяльныя да Лукашэнкі. Яны выконваюць тое, што ім кажуць, але нічога не ініцыююць. Сыстэма загадзя ідзе ў тупік, бо гэта нематываваныя людзі. І яны апошнімі пяройдуць на бок беларускага народу... Ён таксама баіцца камунікацыі з нашай праграмай «Кадры для новай Беларусі», у якую запісаліся ў тым ліку і дзяржаўныя службоўцы зь Беларусі.

Гэта адразу ж іх напалохала, таму яны ўводзяць сьмяротнае пакараньне для дзяржаўных службоўцаў. Лукашэнка баіцца расколу ўнутры, бо ён лепш за ўсіх ведае рэальны стан сытуацыі ў Беларусі. Лепей за кабінэт, лепей за нашых дэмакратычных лідэраў, лепей за нашы незалежныя СМІ. І таму ён так рэагуе.

Пра свой судовы завочны працэс у Беларусі

— Што да завочных прысудаў. Я падпісаў адкрыты ліст так званаму генэральнаму пракурору і так званаму старшыню Сьледчага камітэту. Зыходжу з функцыянальнасьці гэтых пазыцыяў. Я напісаў, што адмаўляюся ад прызначанага мне адваката ў адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Я юрыст. Я не падпісваў з адвакатам ніякай дамовы, я не знаёмы зь ім і ня ведаю матэрыялаў справы. Ніхто мяне не пазнаёміў з актам абвінавачаньня. Мне такі адвакат не патрэбны, я гатовы сам прымаць удзел у судовым працэсе. Зразумела, праз зум — каб не было ніякіх ілюзіяў, што я паеду ў Беларусь.

Аб працы Аб’яднанага пераходнага кабінэту

— Гэта новая структура. І давайце падыходзіць да яе як да структуры, якая ня мае сфармаванага апарату. Як былы чалец ураду я разумею структуру кіраваньня падобнымі інстытутамі. Ключавы элемэнт — стварэньне апарату камунікацыі паміж прадстаўнікамі, калі ідзе рыхтаваньне дакумэнтаў, калі дакумэнты выносяцца на разгляд, прымаюцца, пазьней рашэньні рэалізуюцца і ідзе кантроль за іх рэалізацыяй. Гэта існуе ўва ўсіх урадах сьвету. Таму, можа, і ёсьць недастатковая камунікацыя з офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Мы б хацелі больш шчыльнай камунікацыі ўва ўсіх пытаньнях, каб мы каардынаваліся...

Гэта працэс. Патрэбны час. Гэта цяжка. Я разумею, што і крытыка абсалютна аргумэнтаваная. Што тычыцца прадстаўніка ў сацыяльных пытаньнях, то кандыдатура ёсьць. Спадзяюся, што найбліжэйшым часам на паседжаньні кабінэту будзе размова з кандыдаткай. Гэта жанчына. Спадзяюся, што яна будзе плённай.

Што самае страшнае можа адбыцца ў 2023 годзе

— Удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны. Калі гэта адбудзецца, гэта будзе страшна ня толькі для 2023 году, але і для гісторыі Беларусі. Беларусы ніколі ні на кога не нападалі, ня мелі ніякіх канфліктаў з Украінай. Гэта той бруд, тая «чорная» пляма, якая застанецца на сумленьні беларускай нацыі на дзесяцігодзьдзі, на стагодзьдзі. Я ня ведаю, як мы пазьней будзем глядзець у вочы ўкраінцам. Нам і зараз цяжка ім растлумачыць. Калі гэта адбудзецца, то гэта стане катастрофай і моцнай трагедыяй. Таму мы робім усё, каб не дапусьціць гэтага.

Лукашэнка ініцыяваў тры вайны — супраць Украіны, супраць Эўропы (міграцыйны крызіс), супраць беларускага народу. Мы павінны спыніць Лукашэнку да таго моманту, калі ён выканае загад Пуціна і пашле войскі...

Што самае важнае можа адбыцца ў Беларусі ў 2023 годзе

— Я нядаўна сустракаўся з адным вельмі ўплывовым заходнім дыпляматам, які сказаў мне вельмі шчыра, што ў 2023 годзе (магчыма, 2024) адбудуцца тэктанічныя зьмены. Яны адбудуцца.

Кажуць, што палітыкі нешта абяцаюць, і іх пазьней крытыкуюць за тое, што яны абяцаюць. Палітык павінен быць аптымістам. Калі я ня буду аптымістам, што тады рабіць? Я — шчыры аптыміст. Я веру і працую на гэтую веру.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG