Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскае выданьне Politico: Зяленскі найбольш уплывовы палітык у Эўропе, а Пуцін — няўдачнік году

Партрэт Уладзімера Зяленскага на вокладцы часопіса Time як «Чалавека 2022 году»
Партрэт Уладзімера Зяленскага на вокладцы часопіса Time як «Чалавека 2022 году»

Раней амэрыканскі часопіс Time назваў Уладзіміра Зяленскага і «дух Украіны» сымбалем 2022 году.

Амэрыканскае выданьне Politico апублікавала свой рэйтынг найбольш уплывовых і няўдачлівых палітыкаў 2022 году.

Найбольш папулярным эўрапейскім палітыкам году стаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

«Зяленскі пераканаў рэшту Эўропы ў тым, што яе будучыня зьвязана з Украінай. У гэта мала хто верыў да ўварваньня Расеі ў лютым. Яго навыкі зносін былі ключавымі. Ягоная рыторыка рэзка раскрывае злоснасьць расейскага рэжыму, супраць якога ён змагаецца, разьвейваючы веру вялікай часткі Эўропы, асабліва ў Бэрліне і Парыжы, у тое, што Масква можа быць партнэрам», — адзначыла выданьне.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што гэтая адзнака не яму асабіста, а ўкраінскаму народу, і для яго гонар прадстаўляць усіх украінцаў.

«Лідэр можа быць па-сапраўднаму ўплывовым толькі тады, калі ён прадстаўляе не сябе самога, а супольную веру, супольную мару, супольную мэту яго народу. Так мы жывём ва Ўкраіне. Мы максымальна аб’яднаныя і таму мы максымальна моцныя», — заявіў ён.

Прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выданьне назвала «няўдачнікам году».

«Мара Ўладзіміра Пуціна аб вялікай Расеі наўрад ці ажыцьцявіцца. Яго поўнамаштабны наступ на Ўкраіну пачаў развальвацца амаль гэтаксама хутка, як і распачаўся. [...] Уварваньне адкінула ягоную краіну ў трэцеразрадны статус як няздольную пераадолець праціўніка, якога яна недаацаніла і якога не паважала», — адзначае выданьне.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў трапіў у рэйтынг «разбуральнікаў». Яго назвалі «цёмным дыпляматам» году.

«Маючы выкшталцоныя прапагандысцкія інструмэнты, 72-гадовы міністар замежных спраў і ягоная армія дыпляматаў пасьпяхова выкарыстоўвалі глябальны апэтыт на газ і збожжа, а таксама максымальна выкарыстоўвалі складаныя дачыненьні Захаду са сваімі колішнімі калёніямі, выкарыстоўваючы кожную магчымасьць, каб выставіць Эўропу ў кепскім сьвятле або яшчэ горш», — адзначыла выданьне.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан стаў «Разбуральнікам № 2». Выданьне зьвяртае ўвагу на тое, што Орбан «душыць прэсу, падрывае судовую сыстэму, фальсыфікуе дэмакратыю ў краіне і прымае законы супраць ЛГБТК+», а Эўразьвяз «так і ня вызначыўся, што рабіць з краінай, якая складае ўсяго 2 адсоткі насельніцтва Эўропы і менш за адзін адсотак ВУП».

«Кій, пернік, пагрозы, суды, папрокі — кожная мера, здаецца, не дапамагае і робіць вугорскага лідэра правых яшчэ больш сьмелым», — адзначае выданьне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG