Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Раманчук пра абмежаваньні цаны на расейскую нафту: «Пуцін у такім жа становішчы, як некалі Хусэйн»


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Як будзе дзейнічаць абмежаваньне цэнаў на нафту і ці зможа Расея яго абысьці, у эфіры «Настоящего Времени» патлумачыў беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

Каля двух дзясяткаў танкераў з нафтай, загружанай у расейскіх партах, сталі ў заторы каля Стамбулу. Пра гэта піша брытанская газета Financial Times з спасылкай на крыніцы ў нафтавай індустрыі. Танкеры з нафтай чакаюць дазволу ад уладаў Турэччыны, каб праплысьці праз пралівы Басфор і Дарданэлы.

Гэты затор на ўваходзе ў Басфор утварыўся, бо Анкара запатрабавала дадатковых пацьверджаньняў страхоўкі танкераў. Столь цаны на расейскую нафту, якая ўступіла ў сілу 5 сьнежня, прадугледжвае, што караблі трацяць доступ да заходняга страхаваньня, калі ўвязуць нафту расейскай вытворчасьці, даражэйшую за $60 / барэль.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў раней заяўляў, што Масква ня прыме абмежаваньня цаны на расейскую нафту. Крэмль пагражае адмовіцца ад паставак у краіны, якія далучацца да абмежаваньняў. У прыватнасьці, Уладзімір Пуцін папярэджваў, што ўвядзеньне столі цаны на расейскую нафту прывядзе глябальны рынак энэргарэсурсаў да цяжкіх наступстваў.

Аднак наступстваў рынак пакуль не заўважыў. Увечары 5 сьнежня цана нафты маркі Brent упала з $88 да 83 за барэль, расейская нафта маркі Urals таргавалася яшчэ таньней.

Як будзе дзейнічаць столь цэнаў на нафту і ці зможа Расея абыйсьці гэтыя абмежаваньні, у эфіры «Настоящего Времени» патлумачыў эканаміст Яраслаў Раманчук.

Раманчук мяркуе, што ў сьвеце Пуціна ўжо ня лічаць асобай, якая можа ўплываць на маштабныя справы, у тым ліку на рынак нафты.

«На рынак нафты, я думаю, значна большы ўплыў будуць аказваць якраз дзеяньні іншых вытворцаў, дыстрыбутараў, а таксама найперш людзей, якія думаюць, як перафарматаваць рынак энэргетычных тавараў пасьля вайны, якую вядзе Расея. Бо Расея аказалася ненадзейным партнэрам і ў газе, і ў нафце», — заявіў Раманчук.

Ён адзначыў, што ў сёньняшнім становішчы, калі вайна ва Ўкраіне ідзе дзявяты месяц, сьвет зразумеў, што такое «зьдзеклівае стаўленьне Расеі да сусьветнай эканомікі».

«„Вы тут можаце ўсё што заўгодна рабіць, пагражаць, а мы ўсё роўна будзем прадаваць нафту як захочам“. Гэта мне нагадала, шчыра кажучы, „нафту ў абмен на харчаваньне“ ў 2003–2004 гадах, калі ірацкая нафта была аб’ектам спэкуляцыі і чорнага рынку. Сёньня ў такім жа становішчы, як Садам Хусэйн некалі, знаходзіцца Пуцін і Расея», — заявіў Раманчук.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Эканаміст упэўнены, што Эўразьвяз ужо зразумеў, што некалі стратэгічна памыліўся, зрабіўшы стаўку на расейскія энэргарэсурсы.

«Я думаю, цяперашнія дзеяньні — тыя грошы, тыя інвэстыцыйныя праекты і для газу, і для новых паставак вуглевадароднай сыравіны, і для аднаўляльных крыніцаў энэргіі — зробяць расейскія энэргарэсурсы непатрэбнымі для ЭЗ. А гэта страта гіганцкага рынку. Тое, што Расея траціць сёньня, — гэта маленькія драбкі ў параўнаньні з тым, што яна страціць у будучыні».

На пытаньне, хто будзе замяняць Расею на сыравінным рынку і хто ўжо гэта робіць, Раманчук адказаў, што ахвочых дастаткова шмат: ёсьць патэнцыял у Вэнэсуэлы, у Лівіі і ў краін OPEC.

«Пытаньне ў тым, адкуль атрымліваць электраэнэргію. А тут звадкаваны газ, безумоўна, вельмі значная альтэрнатыва. І калі, напрыклад, будзе лібэралізаванае нафтавае заканадаўства Амэрыкі, адноўленыя праекты, якія ў свой час зрабіў Трамп, то Амэрыка будзе на самазабесьпячэньні нафта- і энэргетычнымі таварамі, будзе чыста экспартэрам энэргарэсурсаў. Таму тут ахвочых шмат, нават у самім Эўразьвязе шмат праектаў, замарожаных праз татальную „грэтатунбэргетызацыю“ энэргетычнай палітыкі».

Раманчук пагадзіўся, што мэханізм абмежаваньня цаны на расейскую нафту палягае не ў самой столі цаны, а ў забароне на перавозку расейскай нафты, купленай даражэй за 60 даляраў.

«Вы ня можаце кантраляваць расейскіх прадаўцоў, як і пакупнікоў, якіх дастаткова шмат. Але вы, безумоўна, можаце кантраляваць кампаніі, якія страхуюць гэтыя караблі. І страхаўнікоў такога сусьветнага ўзроўню дастаткова мала. Ільвіная іх доля ў Вялікай Брытаніі. Калі тыя кампаніі атрымаюць выразную метку — „калі вы будзеце гэта рабіць, то вашыя штрафы будуць у мільярды даляраў“, — вядома ж, тут пачынаецца просты разьлік. Ніхто ня будзе рызыкаваць параўнальна невялікімі бэнэфітамі дзеля таго, каб нарвацца на санкцыі ў мільярды даляраў. Гэта будзе працаваць менавіта праз страхавы бізнэс, празь немагчымасьць вывезьці гэтую нафту на танкерах, якія без страхоўкі ў Басфор, вядома ж, Турцыя ня пусьціць».

Агенцтва Bloomberg 28 лістапада пісала, што цана барэлю нафты маркі Urals (расейская нафта) апускалася ніжэй за 52 даляры за барэль. Характэрна, што столь зараз вызначана ў 60 даляраў. На думку Раманчука, гэта сьведчыць пра эфэктыўнасьць захадаў.

«Гэта дэмакратыя ў дзеяньні. Калі зьбіраюцца людзі з рознымі эканамічнымі і камэрцыйнымі інтарэсамі — мы бачым Грэцыю з танкерамі, бачым Польшчу, якая казала пра 30 даляраў, бачым Нямеччыну, Італію, якая казала, што 65-70 даляраў. Вось 60 — той кампраміс, які насамрэч і паказвае, наколькі недальнабачнай і блізарукай ёсьць палітыка Эўразьвязу ў гэтай сытуацыі. Натуральна, трэба было б сканцэнтраваць максымальную сілу ўдару на нафце і зрабіць [столь] 30 [даляраў за барэль].

Але зноў-такі: „Давайце 60, а можа быць, яны не запрацуюць, а потым яшчэ будзе зьніжка, таму рэальная цана будзе 45–48“, — такога роду развагі сьведчаць, што, на жаль, многія краіны Эўразьвязу дагэтуль ставяць свае вузкакарпаратыўныя інтарэсы вышэй за відавочную і аб’яднаўчую для ўсіх пагрозу расейскай нацысцкай агрэсіі, якую трэба перадухіліць, якую трэба перамагчы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG