Лінкі ўнівэрсальнага доступу

G7 і Аўстралія ўсьлед за Эўразьвязам узгаднілі «столь цэнаў» у $60 за барэль расейскай нафты


Краіны «Вялікай сямёркі» і Аўстралія дамовіліся аб максымальнай цане за барэль расейскай танкернай нафты ў 60 даляраў. Раней тую ж «столь цэнаў» устанавілі краіны Эўразьвязу.

«Столь цэнаў» азначае, што з 5 сьнежня 27 краін Эўразьвязу, а таксама Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія і Аўстралія будуць надаваць паслугі, зьвязаныя з расейскай танкернай нафтай, толькі ў тым выпадку, калі яе закупілі па кошце 60 даляраў за барэль ці ніжэй. Паслугі ўключаюць, у прыватнасьці, абавязковае страхаваньне марскіх перавозак паліва.

Краіны ўстанавілі столь цэн, каб скараціць даходы Расеі, якія дапамагаюць ёй працягваць вайну ва Ўкраіне, і ў той жа час не дапусьціць спыненьня паставак і скачка сусьветных цэн на нафту. ЗША і ЭЗ раней адмовіліся ад закупак расейскай танкернай нафты.

Расея неаднаразова абяцала не прадаваць нафту па цане ніжэйшай за рынкавую краінам, якія далучацца да абмежаваньняў. Цяпер нафта расейскай маркі Urals на сусьветным рынку каштуе крыху больш за 69 даляраў за барэль. Пры гэтым трэйдары адзначаюць, што азіяцкія краіны — у прыватнасьці, Індыя і Кітай — купляюць расейскую нафту зь вялікай зьніжкай — да 30%.

3 сьнежня Офіс прэзыдэнта Ўкраіны адрэагаваў на ўвядзеньне больш чым 30 краінамі сьвету абмежаваньня цэнаў танкернай нафты з Расеі, заявіўшы, што «трэба было б яе зьнізіць да 30 даляраў, каб хутчэй зьнішчыць эканоміку праціўніка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG