Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве расказалі пра даход Украіны ад выкарыстаньня сканфіскаваных беларускіх і расейскіх вагонаў


Чыгуначныя вагоны, ілюстрацыйнае фота
Чыгуначныя вагоны, ілюстрацыйнае фота

Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што даход Украіны ад выкарыстаньня сканфіскаваных расейскіх і беларускіх чыгуначных вагонаў, кантэйнэраў і прадукцыі склаў 2,2 мільярда грыўняў (прыкладна 55 мільёнаў даляраў. — РС).

«Маёмасьць Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусі, арыштаваная супрацоўнікамі Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны, ужо прыносіць даход нашай дзяржаве. Ідзецца аб рухомым складзе і таварна-матэрыяльных каштоўнасьцях», — паведамілі ў Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны.

Паводле праваахоўнага ведамства, дзяржаўнае прадпрыемства «Укрзалізниця» ад выкарыстаньня сканфіскаваных пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны беларускіх і расейскіх чыгуначных вагонаў і кантэйнэраў атрымала даход 1,3 мільярда грыўняў (больш як 32 мільёны даляраў. — РС).

Апроч таго, Нацыянальнае агенцтва вышуку і кіраваньня сканфіскаванымі актывамі рэалізавала на 910 мільёнаў грыўняў арыштаваны аміяк.

У Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны нагадалі, што з пачатку расейскага ўварваньня, якое падтрымала Беларусь, былі арыштаваныя 17800 чыгуначных вагонаў, якія належалі беларускім і расейскім кампаніям, а таксама больш як 42 тысячы тон аміяку.

Апроч таго, ва Ўкраіне таксама арыштавалі актывы, маёмасьці і банкаўскія рахункі ўкраінскіх кампаніяў, заснавальнікамі якіх былі дзяржаўныя беларускія прадпрыемствы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG