У кіеўскі суд перадалі справу палоннага беларуса, які ваяваў на баку Расеі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адзін з кіеўскіх судоў прыняў да разгляду на падрыхтоўчым пасяджэньні справу грамадзяніна Беларусі Максіма Зязюльчыка, якога ўкраінцы ўзялі ў палон пры вызваленьні ад расейскіх акупантаў Ліманскага раёну Данецкай вобласьці.

Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны, у часе падрыхтоўчага пасяджэньня суд ацэньвае законнасьць абвінаваўчага акту, падрыхтаванага сьледчымі ў справе. Толькі пасьля таго, як суд прызнае яго законным, справа можа разглядацца ў сутнасьці.

На падрыхтоўчым пасяджэньні суд таксама можа зацьвердзіць дамову абвінавачанага са сьледзтвам, калі той прызнае віну, каб атрымаць меншае пакараньне.

Згодна з матэрыяламі справы, Максіма Зязюльчыка абвінавачваюць паводле ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях). Караецца пазбаўленьнем волі ад пяці да 10 гадоў.

Служба бясьпекі і офіс генэральнага пракурора Ўкраіны 6 кастрычніка паведамілі, што ўкраінскія вайскоўцы ўзялі ў палон грамадзяніна Беларусі, які на баку Расеі ваяваў у батальёне «Ветеран», створаным прыватнай вайсковай кампаніяй «Редут».

Паводле кантракту ён меў атрымліваць 3600 даляраў на месяц. Апроч таго, яму абяцалі 100% надбаўкі за інваліднасьць. У батальёне ён служыў кулямётчыкам-рэтрансьлятарам.

Да гэтага выпадку вайскоўцы ПВК «Редут» ня ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях, выконвалі выключна ахоўныя функцыі. Ва Ўкраіне іх пачалі далучаць да поўнамаштабных баявых дзеяньняў.

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, беларус удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Ізюме Харкаўскай вобласьці і ў Данецкай вобласьці. Ён пачаў ваяваць 22 ліпеня ў Ізюме Харкаўскай вобласьці, потым ягоны батальён перадысьлякавалі ў Сватава Луганскай вобласьці, а адтуль — у вёску Каровін Яр Ліманскага раёну Данецкай вобласьці. У палон яго ўзялі 19 верасьня.

У пачатку сьнежня стала вядома, што ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі — Андрэй Г., які паводле кантракту ваяваў у прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

​
XS
SM
MD
LG