Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тутэйшыя» ХХІ стагодзьдзя. Чаму беларушчына становіцца непрывабнай за мяжой


Дзеці з польскага рэгіёну Падляшша, якія вывучаюць беларускую мову. Ілюстратыўнае фота
Дзеці з польскага рэгіёну Падляшша, якія вывучаюць беларускую мову. Ілюстратыўнае фота

Звышнізкі міжнародны прэстыж лукашэнкаўскай Беларусі адштурхоўвае беларускамоўных жыхароў суседніх з Рэспублікай Беларусь рэгіёнаў ад Беларусі і беларушчыны.

Цікавы і сумнаваты фэномэн, які мы, магчыма, яшчэ не да канца адрэфлексавалі: сярод культурніцкай эліты беларусаў Падляшша ўсё больш прыкметная тэндэнцыя да таго, каб ня толькі карыстацца беларускай лацінкай замест кірыліцы, але каб ужываць мясцовыя дыялекты замест літаратурнай беларускай мовы і нават абапірацца на мясцовую рэгіянальную назву замест назвы «беларусы».

З аднаго боку, гэта трохі засмучае з агульнабеларускіх нацыянальных пазыцый. З другога боку — магчыма, такі падыход сапраўды дае цяпер лепшыя шанцы для захаваньня мясцовай культуры і ідэнтычнасьці ва ўмовах усё мацнейшай палянізацыі. Падляшанам лепш ведаць. Але і нас гэта таксама тычыцца.

Ня так даўно бачыў вялікую расейскамоўную перадачу і пра «тутэйшых» Віленшчыны, дзе як быццам пра нейкі кур’ёз апавядалася пра іхную мову, якая, паводле аўтараў, адлюстравала ў сабе ўсю культурную разнастайнасьць гістарычнай Літвы: летувіскі, польскі, расейскі і нават украінскі ўплывы. З захапленьнем паведамлялася, што калодзеж на гэтай таямнічай мове будзе «студня», а посуд піць — «кубак». Беларус-лінгвіст у перадачы сьціпла і пераканаўча зазначаў, што гэтая мова вельмі падобная да літаратурнай беларускай. Але лішне казаць, што беларуская ідэнтычнасьць сярод аўтахтонных беларускамоўных віленчукоў, землякоў Браніслава Тарашкевіча, практычна адсутнічае, як, здаецца, і асобная ад палякаў ці літоўцаў лякальная ідэнтычнасьць увогуле.

Нямецкія «тутэйшыя». Падляшша як беларускі Эльзас

Гледзячы на лёс беларушчыны на Віленшчыне і перадусім на Падляшшы, нельга ня ўспомніць пра вельмі блізкі аналяг гэтай сытуацыі: некалі нямецкія Эльзас і Лятарынгія, Люксэмбург, Арэльскі край у Бэльгіі і пару іншых рэгіёнаў.

Ролю «Польшчы» для многіх з гэтых краёў гістарычна выконвала Францыя зь яе імпэрскімі і асымілятарскімі памкненьнямі ў дачыненьні як да нямецкамоўных, гэтак і да брэтонцаў, баскаў, галяндзкамоўных і носьбітаў маленькіх раманскіх моваў.

Эльзас і Лятарынгія — гістарычна нямецкамоўныя рэгіёны, якія доўгі час знаходзіліся пад францускім уплывам. Францыя канчаткова замацавалася там толькі пасьля Другой сусьветнай вайны, праводзіла актыўную асыміляцыйную палітыку, у выніку чаго стан нямецкай мовы ў Эльзасе цяпер паступова набліжаецца да стану беларускай мовы на некалі беларускамоўным Падляшшы. Адно толькі яскрава нямецкія геаграфічныя назвы нагадваюць, што гістарычна гэта не зусім звычайная Францыя: Страсбург, Мюльгаўзэн, Шлетштат і многія іншыя.

Люксэмбург — гістарычнае нямецкае княства, якое не было ахопленае працэсам стварэньня аб’яднанай нямецкай дзяржавы ў XIX стагодзьдзі. Француская мова была ў Люксэмбургу мовай эліты, у той час як народныя масы размаўлялі па-нямецку. Французы нават няўдала хацелі купіць Люксэмбург у 1867 годзе. У другой палове XX стагодзьдзя люксэмбуржцы афіцыйна надалі мясцоваму германскаму дыялекту статус самастойнай мовы і галоўнай нацыянальнай мовы краіны, а француская мова застаецца афіцыйнай мовай з важнейшым статусам, чым літаратурная нямецкая.

Гітлер, Лукашэнка і нацыянальны прэстыж

Адольф Гітлер і Аляксандар Лукашэнка адыгралі для сваіх краінаў і для іхнага прэстыжу падобную ролю. Праўда, Лукашэнку для гэтага нават не спатрэбілася разьвязваць вайну зь мільёнамі ахвяраў.

Цалкам зразумела, што пасьля Другой сусьветнай вайны нямецкамоўныя люксэмбуржцы, эльзасцы, бэльгійцы-арэльцы дый нават аўстрыякі мелі вялікую матывацыю дыстанцыявацца ад Нямеччыны і нямецкасьці. Пасьля Другой сусьветнай французы прэтэндавалі на анэксію цяперашняга нямецкага Саарлянду, але мясцовае насельніцтва на рэфэрэндуме ўсё ж прагаласавала за тое, каб застацца ў складзе Заходняй Нямеччыны.

Гэтая стыгма, бадай, назаўсёды адрэзала гэтыя рэгіёны ад Нямеччыны: разважаць пра еднасьць Люксэмбургу ці Аўстрыі зь Нямеччынай на падставе агульных культурных каранёў у цяперашняй Эўропе ня вельмі камільфо, прынамсі зь нямецкіх пазыцый.

Такім жа чынам звышнізкі міжнародны прэстыж лукашэнкаўскай Беларусі відавочна адштурхоўвае беларускамоўных жыхароў суседніх з Рэспублікай Беларусь рэгіёнаў ад Беларусі і беларушчыны. У канцы 80-х гадоў у Польшчы налічвалася звыш 300 тысяч аўтахтонных беларусаў. Да 2011 году іх колькасьць скарацілася да 40 тысяч, і гэта з улікам шматгадовай міграцыі зь Беларусі. З таго часу мінула ўжо 10 гадоў, і карціна наўрад ці палепшылася.

Што там падляшане — даводзіцца чуць аб прыкладах нават беларускіх палякаў, якія, эміграваўшы ў Польшчу, нічога больш не жадаюць знаць пра сваю радзіму Беларусь.

Прэстыж Беларусі і беларускасьці ненадоўга рэзка падскочыў падчас масавых пратэстаў 2020 году, але потым зноў упаў. І цяпер яшчэ больш пацярпеў пасьля таго, як лукашэнкаўская Беларусь (а для большасьці сьвету — проста «Беларусь») выступіла хаўрусьнікам пуцінскай Расеі ў агрэсіі супраць Украіны.

Калі б Беларусь была заможнай, пасьпяховай прывабнай краінаю, да яе як да магніту першымі цягнуліся б і віленчукі, і падляшане, і смаленчукі. Размова, зразумела, не пра перакройваньне дзяржаўных межаў — гэта сапраўды непрыстойная для цяперашняга сьвету рэч, займацца якой маглі дадумацца толькі малаадукаваныя былыя дробныя афіцэры КДБ СССР на чале цяперашняй Расеі. Але сто гадоў таму яшчэ можна было гіпатэтычна ўявіць беларускую мову ў якасьці афіцыйнай нават на польскай ці літоўскай Віленшчыне. Трыццаць гадоў таму можна было ўявіць беларускую мову афіцыйнай на ўсім польскім Падляшшы, а ня толькі дэкаратыўнай фішкай на шыльдах у пары памежных гмінаў. Цяпер жа з такім сама посьпехам можна разважаць і пра афіцыйны статус ідышу, таксама некалі мясцовай спадчыны ў гэтых краях.

Адно толькі, што ўсе мы ведаем надзейны спосаб, як зрабіць так, каб беларушчына зрабілася прывабнай для віленчукоў, падляшанаў і ня толькі для іх. Гэты спосаб — дэмакратычная рэвалюцыя ў Беларусі і пасьпяховыя рэформы пасьля яе. Але гэта, напэўна, неабходная ўмова для вырашэньня ці ня ўсіх актуальных праблемаў Беларусі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG