Пасьля расейскага абстрэлу Ўкраіны ў Малдове знайшлі ракету, у краіне перабоі са сьвятлом

Рэшткі ракеты ў Малдове. 5 сьнежня 2022 г.
Рэшткі ракеты ў Малдове. 5 сьнежня 2022 г.

Ракету знайшлі за тры кілямэтры ад мяжы з Украінай.

Міністэрства ўнутраных спраў Малдовы паведаміла, што каля гораду Брычаны ў пладовым садзе знайшлі ракету.

Небясьпечны прадмет выявіў патруль памежнай міліцыі, які сёньня праз абстрэлы Расеяй украінскай тэрыторыі ўзмацніў кантроль.

Горад Брычаны за 2,7 кілямэтра ад мяжы з Украінай. У паведамленьні адзначаецца, што памежная паліцыя ўзмацніла патруляваньне ў двух памежных гарадах — Брычаны і Окніца.
Паліцыя і памежнікі ачапілі месца выяўленьня ракеты і выклікалі спэцыялізаваныя службы Міністэрства ўнутраных справаў.

Пасьля расейскіх абстрэлаў Украіны малдоўскае дзяржаўнае прадпрыемства «Moldelectrica» паведаміла аб праблемах з напругай у энэргасыстэме Малдовы. «Празь перабоі ў энэргетычнай сыстэме магчымыя адключэньні электраэнэргіі»,— паведамілі ў кампаніі.

Гэта другі інцыдэнт у Малдове з пачатку расейскай вайны супраць Украіны.

МУС Малдовы 31 кастрычніка паведаміла, што раніцай у панядзелак на тэрыторыю паселішча Наслаўча Окніцкага раёну на паўночнай мяжы з Украінай упала расейская ракета, зьбітая ўкраінскай сыстэмай СПА. Ахвяраў няма. У некалькіх дамах вылецелі шыбы.

Сакратар Окніцкай раённай рады Аляксей Галушка пацьвердзіў, што пацярпелі некалькі будынкаў у Наслаўчы.

Інцыдэнт у Польшчы

15 лістапада на тэрыторыі Польшчы ў мясцовасьці Пшэводаў, непадалёк ад мяжы з Украінай, адбыўся выбух. Улады пацьвердзілі падзеньне ракеты і паведамілі, што загінулі два чалавекі.

Прэзыдэнт Польшчы 16 лістапада пракамэнтаваў інцыдэнт з ракетай, заявіўшы, што яна «мяркуючы па ўсім, была выпушчаная ўкраінскай СПА».
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ракета «адназначна ідэнтыфікаваная расейскімі спэцыялістамі АПК як элемэнты зэнітнай кіраванай ракеты С-300 Паветраных сіл Украіны».

Польшча выклікала амбасадара Расеі ў Варшаве для тлумачэньняў, пасьля таго як Масква зьняпраўдзіла паведамленьні пра сваю датычнасьць да выбуху ў Пшэводаве.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падчас брыфінгу заявіў, што Ўкраіна не вінаватая ў падзеньні ракеты ў Польшчы. Паводле яго, ракета над Польшчай, верагодна, была выпушчана Ўкраінай выпадкова. Ён дадаў, што няма ніякіх прыкмет таго, што ракетны ўдар па Польшчы быў наўмысны, і няма прыкмет таго, што РФ плянавала напад на NATO.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што ўкраінскі бок «гатовы перадаць наяўныя доказы расейскага сьледу» і настойвае на супольным вывучэньні інцыдэнту з падзеньнем ракеты ў Польшчы.

​
XS
SM
MD
LG