Пасьля выбухаў на двух расейскіх аэрадромах у Саратаўскай і Разанскай вобласьцях Расея падняла ў паветра сваю тактычную авіяцыю.
Адначасова запусьцілі ракеты з акваторыяў Касьпійскага і Чорнага мораў.
Апошняя канцэнтраваная атака на Ўкраіну адбылася 23 лістапада.
Новую маштабную ракетную атаку расейцы скіравалі на вялікія гарады — абласныя цэнтры: Кіеў, Адэсу, Запарожжа, Жытомір, Мікалаеў, Віньніцу. Ад абстрэлаў таксама пацярпелі некалькі гарадоў у Днепрапятроўскай і Запароскай вобласьцях.
У гэты ж час з артылерыі інтэнсіўна абстрэльвалася Харкаўская вобласьць.
Пакуль улады не паведамляюць, куды пацэлілі ракеты.
У шэрагу ўкраінскіх тэлеграм-каналаў адзначаецца, што пасьля выбухаў зьнікла сьвятло ў Адэсе, Мікалаеве, Запарожжы. З праблемамі водазабесьпячэньня сутыкнуліся жыхары Запарожжа і Запароскай вобласьці. У Адэсе няма цяпла.
Кіраўнік Запароскай вобласьці Аляксандар Старух паведаміў, што ў вёсцы Новасафіеўка Запароскага раёну загінулі два жыхары і яшчэ два атрымалі раненьні. Пашкоджаныя прыватныя будынкі. На месцы ўжо працуюць выратавальнікі і пажарныя.
У сувязі з абстрэламі ад электрычнасьці цалкам адключылі Сумскую вобласьць, каб унікнуць крытычнай нагрузкі на аб’яднаную энэргасыстэму Ўкраіны.
У той жа час улады большасьці рэгіёнаў, на якія ляцелі расейскія ракеты, паведамляюць аб працы ўкраінскіх сыстэмаў супрацьпаветранай трывогі. Вядома прынамсі пра 6 зьбітых ракетаў.
Паўторная атака адбылася на Крывы Рог. Як паведамілі мясцовыя ўлады, частка гораду засталася безь сьвятла і вады. Сыстэму цяпер трымаюць на генэратарах, арганізоўваюць падвоз пітной вады.
Кампанія «Укренерго» пацьвердзіла, што ў выніку расейскіх абстрэлаў пацярпелі некалькі аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры. Менавіта з гэтым зьвязаныя аварыйныя адключэньні сьвятла. Дыспэтчары працуюць над тым, каб утрымаць балянс у энэргасыстэме. У кампаніі не ўдакладнілі, у якіх гарадах пашкоджаны падстанцыі, трансфарматары ці ЦЭЦ.
Пасьля запуску ракет улады ўсіх узроўняў пачалі настойліва заклікаць грамадзян не ігнараваць умовы бясьпекі. У Кіеве людзі масава пайшлі ў мэтро, якое выконвае функцыю бомбасховішча. Пазьней мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што на некаторых станцыях цягнікі ня могуць спыняцца і высаджваць пасажыраў з-за вялікай колькасьці грамадзян, якія прыйшлі ў падземку, каб перачакаць паветраную трывогу.
Праблемы і ў Малдове
Пасьля расейскіх абстрэлаў Украіны малдаўскае дзяржаўнае прадпрыемства «Moldelectrica» паведаміла аб праблемах з напругай у энэргасыстэме Малдовы. «З-за перабояў у энэргетычнай сыстэме магчымыя адключэньні электраэнэргіі»,— паведамілі ў кампаніі.