Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі на Свабодзе: «Ніколі не ўспрымаў тое, што чуў часам пра беларускую мову: грубая, немілагучная, неразьвітая. Ды поўная лухта!»


Алесь Бяляцкі. 2018 год
Алесь Бяляцкі. 2018 год

10 сьнежня ў Осла адбудзецца ўручэньне Нобэлеўскай прэміі міру. На цырымоніі ня будзе аднаго зь ляўрэатаў — Алесь Бяляцкі вось ужо 17 месяцаў за кратамі, разам з сваімі паплечнікамі з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Голас Алеся Бяляцкага некалькі дзесяцігодзьдзяў гучаў на хвалях Радыё Свабода ў абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў у Беларусі.

У кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выходзіць кніга «Бяляцкі на Свабодзе». Аўтарытэтны праваабаронца, палітычны вязень, гісторык беларускай літаратуры, адзін з пачынальнікаў моладзевага нацыянальна-незалежніцкага руху 1980-х — Алесь Бяляцкі выяўляецца ў гэтай кнізе ў інтэрвію і рэпартажах Свабоды.


Публікуем фрагмэнты кнігі.

«Нязгода і пратэст штурхалі да дзеяньня»

«...Захапленьне беларушчынай у савецкія часы непазьбежна і аб’ектыўна падводзіла людзей да крытычнага асэнсаваньня рэчаіснасьці. Крыўда за беларускую мову, культуру, гісторыю, якія ў СССР былі прысуджаныя да падзеньня і ліпеньня і ўрэшце да зьнікненьня, выклікала нязгоду і пратэст, расплюшчвала вочы на несправядлівасьць, несвабоду ўсёй савецкай сыстэмы. А нязгода і пратэст штурхалі да дзеяньня. Гэтым шляхам прайшоў багата хто з актывістаў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ў 80-я гады.

Добра памятаю пашыраную зборку моладзевых актывістаў у 1983 годзе, дзе мы, прадстаўляючыся, казалі колькі словаў, як мы прыйшлі да беларушчыны, мелася на ўвазе — да ўсьведамленьня сваёй беларускасьці і жаданьня дзейнічаць. Амаль усе назвалі: крыўда за беларускае.

А з чаго пачалася мая беларускасьць? Згадваючы пра пачаткі свайго нацыянальнага ўсьведамленьня, я назаву некалькі адпраўных пунктаў. І першы — гэта беларуская мова. Аўтэнтычная, чыстая, беларуская моўная стыхія, у якую я акунаўся з галавой, бавячы штогод летнія вакацыі ў бабулі, мамінай маці, у вёсцы Двор (Будніцкі Двор) на Нараўляншчыне. Там ня проста гаварылі па-беларуску, там гаварылі танальна, павышаючы ці паніжаючы тон голасу ў канцы ці пачатку фразаў. Атрымліваліся размовы-сьпевы.

«Гэта быў салодкі і пакутлівы працэс»

...Памятаю, мы з маім старэйшым родным братам Валодзем стаім на двары, паглядаем на дзяўчат, якія ідуць паўз нашую хату зь лесу з кашалямі, поўнымі чарніцаў, і слухаем. Дзяўчаты голасна размаўляюць міжсобку. Валодзя сьмяецца: «Ничего не понятно, о чем они говорят». Мне гадоў дзевяць. Я слухаю пералівы моўнай інтанацыі дзяўчат, гэта моўны сьпеў. І ён зачароўвае мяне. І для мяне зусім ня важна, пра што яны гавораць, галоўнае ж — як прыгожа!

Гэта было чыста эстэтычнае захапленьне гучаньнем беларускай мовы. Пазьней я ніколі не ўспрымаў тое, што чуў часам пра беларускую мову: грубая, немілагучная, неразьвітая. Ды поўная лухта! Беларуская мова, якую я чуў ад простых вясковых людзей, была прыгожая, разьвітая, мэтафарычная, значна багацейшая за квадратныя, бедныя, нежывыя канструкцыі расейскай мовы, на якой размаўлялі ў горадзе перавучаныя беларусы.

Таму, хоць я і размаўляў зь дзяцінства да 19 гадоў па-расейску, пераход на беларускую мову быў для мяне працэсам вяртаньня да свайго. Таго, што заўсёды прысутнічала ў маёй падсьвядомасьці. Гэта быў салодкі і пакутлівы працэс успамінаў, калі словы, чутыя некалі ў дзяцінстве, узьнікалі ў галаве і самі прасіліся на язык.

(26 сакавіка 2013, фрагмэнт зь ліста Алеся Бяляцкага з-за кратаў бабруйскай калёніі, упершыню апублікаванага праваабарончым цэнтрам „Вясна“).

XS
SM
MD
LG