Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт заклікаў вызваліць Бяляцкага перад Нобэлеўскай цырымоніяй, а Лукашэнку наканаваў міжнародны трыбунал


Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі.

Эўрапарлямэнт 24 лістапада прагаласаваў за рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі. Яна атрымала назву «Аб працягу рэпрэсіяў супраць дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».

Згодна з праектам рэзалюцыі ў ёй канстатуецца, што парушэньні правоў чалавека і перасьлед палітычных апанэнтаў у Беларусі працягваюцца.

Прымаецца да ўвагі даклад спэцыяльнай дакладчыцы ААН аб сытуацыі з правамі чалавека Анаіс Марэн, апошнія заявы ААН, АБСЭ, G7, Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў. У рэзалюцыі згадваюцца апошнія палітычныя працэсы ў краіне, прызначэньне першага завочнага суду.

Эўрапарлямэнт выказаў салідарнасьць з народам Беларусі, дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю, якія працягваюць выступаць за свабодную, сувэрэнную і дэмакратычную Беларусь.

Эўразьвяз не прызнаў вынікі выбараў 2020 году

Эўрадэпутаты нагадваюць, што ЭЗ і дзяржавы — яго ўдзельніцы не прызналі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году праз масавыя фальсыфікацыі і не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам. Яны вітаюць стварэньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай, заклікаюць надалей падтрымліваць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць, асуджаюць прысуды ў справе Аўтуховіча, патрабуюць вызваленьня палітвязьняў.

Эўрапарлямэнт асудзіў саўдзел Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны

Эўрапарлямэнт таксама рашуча асуджае ўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі, разгортваньне расейскіх войскаў у Беларусі, ваяўнічую рыторыку ўладаў у Менску.

Падкрэсьліваецца, што Лукашэнка і зьвязаныя зь ім асобы нясуць роўную адказнасьць за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне і павінны паўстаць перад міжнародным трыбуналам і Міжнародным крымінальным судом.

У рэзалюцыі таксама асуджаюцца спробы Лукашэнкі падарваць беларускую культуру і русыфікаваць нацыю, выказваецца шкадаваньне наконт рашэньня МУС аднесьці дэвіз «Жыве Беларусь!» да нацысцкіх.

Эўрапарлямэнт заклікае канфіскаваць актывы Лукашэнкі на карысьць ахвяраў яго рэжыму

Эўрадэпутаты таксама заклікалі Эўракамісію і краіны, якія ўваходзяць у ЭЗ, дапрацаваць прававы мэханізм, які дазволіць канфіскоўваць замарожаныя ЭЗ актывы, у тым ліку актывы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, яго сям'і і бліжэйшага атачэньня. Прапануецца накіраваць гэтыя сродкі ахвярам рэжыму Лукашэнкі і прадстаўнікам беларускай дэмакратычнай апазыцыі.

Эўрапарлямэнт патрабуе вызваліць Бяляцкага

Эўрадэпутаты таксама вітаюць прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру праваабаронцу Алесю Бяляцкаму і заклікаюць вызваліць яго перад цырымоніяй уручэньня прэміі, выказваюць падтрымку іншым палітвязьням — праваабаронцам цэнтру «Вясна», прафсаюзным лідэрам, журналістам.

Прэмію міру будуць уручаць 10 сьнежня ў сталіцы Нарвэгіі, Осла.

Эўрапарлямэнт вітае стварэньне кантактнай групы зь Беларусьсю ў Радзе Эўропы, заклікае інстытуты ЭЗ і дзяржавы, якія ўваходзяць у Зьвяз, міжнародныя арганізацыі ўмацоўваць сыстэмную супрацу з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

У рэзалюцыі ёсьць заклікі аб дапамозе беларусам па-за межамі краіны, у тым ліку дэмакратычным сілам і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці, прафсаюзаў, праваабарончых арганізацыяў, мэдыя. Эўрадэпутаты заклікаюць Эўракамісію і дзяржавы, якія ўваходзяць у Зьвяз, падрыхтаваць працэдуры для разгляду справаў беларусаў, якіх улады ў Менску могуць пазбавіць грамадзянства, а таксама падтрымаць тых беларусаў у ЭЗ, тэрмін дзеяньня дакумэнтаў якіх мінае і ў якіх няма магчымасьці для іх падаўжэньня.

Рэзалюцыя мае быць перададзена ў Эўрапейскую Раду, Эўракамісію, Эўрапейскую службу вонкавых дзеяньняў, урадам і парлямэнтам дзяржаваў ЭЗ, Рады Эўропы, АБСЭ, уладам Беларусі і Расеі, а таксама прадстаўнікам беларускіх дэмакратычных сілаў.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG