Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Алеся Бяляцкага сустрэлася з мужам і расказала пра яго рэакцыю на Нобэлеўскую прэмію міру


Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў СІЗА-1 ужо 17 месяцаў. Упершыню за гэты час зь ім сустрэлася ягоная жонка Натальля Пінчук.

Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў СІЗА-1 17 месяцаў. Там жа праваабаронца дазнаўся, што ён стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. На цырымонію ўручэньня 10 сьнежня ў Осла ён трапіць ня зможа — крымінальную справу супраць яго і іншых вясноўцаў накіравалі ў суд.

У Беларусі нобэлеўскаму ляўрэату пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня за праваабарончую дзейнасьць. Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук расказала «Вясьне», як яна ўспрыняла навіну аб прэміі і як гэта ўспрыняў сам Алесь; падзялілася думкамі, ці паўплывае прэмія на ягоную сытуацыю і як цяпер адчувае сябе Алесь.

Не было ніякіх чаканьняў

7 кастрычніка 2022 году стала вядома, што палітзьняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Центр громадянських свобод» і расейская праваабарончая арганізацыя «Мэмарыял» сталі ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру. Натальля кажа, што сёлета гэта было абсалютна нечакана, бо Алеся вылучалі на прэмію ўжо пяць разоў:

«Гэта была ашаламляльная навіна, але пры ўсіх супярэчлівых пачуцьцях — прыемная і радасная. Цяпер, у адрозьненьне ад папярэдніх разоў вылучэньня Алеся на прэмію, не было ніякіх чаканьняў, бо пра ягонае намінаваньне ніхто ня ведаў і не казаў.

Калі ў папярэдні раз Алесь быў у зьняволеньні [2011–2014 гады], то да яго і іншых палітвязьняў таго часу была пільная ўвага ў сьвеце, але цяпер такой увагі не адчувалася. Я тлумачыла гэта тым, што за кратамі цяпер утрымліваецца незьлічоная колькасьць людзей і ўвагу трэба разьмяркоўваць паміж імі ўсімі. І гэтае зацішша сфармавала ў мяне думку, што на Алеся наогул забыліся, а пра прэмію такога ўзроўню нават і думак не было. Мы цяпер жывём у змрочныя часы, у якіх людзі закінутыя ў турмы і мусяць выжываць, як могуць, таму і разьлічваць на нешта большае не прыходзілася».

«Гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія маюць спадзяваньні на свабоду і волю»

Натальля перакананая, што рашэньне Нобэлеўскага камітэту стала падтрымкай для многіх беларусаў і беларусак, якія працягваюць барацьбу за свабоду:

«Я лічу, што гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія паказалі сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, якія маюць спадзяваньні на свабоду і волю. Гэта прэмія — арыенцір для іх. Я думаю, што беларусы ўспрынялі гэтую навіну радасна і са спадзевамі».

«За адно-два „лішнія“ словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у сьметніцу»


Пасьля навіны пра атрыманьне прэміі за два месяцы зь СІЗА-1 прыходзілі лісты ад Алеся, але сярод іх не было ніводнага, дзе ён неяк бы выказваўся пра прэмію:

«На спатканьні бачна было, што для яго гэта таксама была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і ён да гэтага часу не можа прыйсьці ў сябе. Ён моцна ўражаны гэтай навіной».

Падрабязнай інфармацыі пра тое, у якіх умовах утрымліваецца Алесь Бяляцкі, таксама няма. У канцы жніўня праваабаронцам стала вядома, што старшыню Праваабарончага цэнтру ўтрымліваюць у так званым «спэцкалідоры» — паўпадвальным памяшканьні з дрэннымі ўмовамі.

«Вядома толькі, што ён цяпер утрымліваецца там жа, дзе і раней. Больш нічога невядома. Наколькі я зразумела за гэты час, яму наогул забараняюць расказваць пра ўмовы ўтрыманьня, пра тое, як ідзе сьледзтва, выказвацца пра сучасную палітычную сытуацыю і іншае. Ад іншых палітвязьняў пра гэта часам можна даведацца. Ягоныя ж лісты вычышчаныя ад усяго, бо, умоўна, за адно-два „лішнія“ словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у сьметніцу. Але нават і пры гэтым ня ўсе лісты выпускаюць на волю. Такое ўражаньне, што проста выкідаюць ці цотныя, ці няцотныя».

«Умовы ўтрыманьня ў нашых турмах прыводзяць да пагаршэньня здароўя ўсіх, хто там знаходзіцца»

Натальля адзначае, што Алесь выглядае спакойным, але ўсё роўна выклікае заклапочанасьць і хваляваньні за яго здароўе:

«Ён трымаецца, але, але ўсё роўна бачна, што здароўе пагаршаецца. Гэта вялікая праблема ня толькі для Алеся, але і для ўсіх зьняволеных. Даводзіцца канстатаваць, што ўмовы ўтрыманьня ў нашых турмах прыводзяць да пагаршэньня здароўя ўсіх, хто там знаходзіцца. Ці выводзяць зьняволеных на сьвежае паветра, ці адбываецца гэта рэгулярна, сказаць цяжка. Я толькі адзін раз за ўвесь час пра гэта прачытала ў ягоным лісьце.

Алесь рэдка паказвае, што штосьці адбываецца дрэннае. Таму яго расповед пра сябе даволі сьціслы і не заўсёды канкрэтны. І мне любую інфармацыю даводзілася даставаць праз ускосныя пытаньні да яго. Гэта было першае спатканьне за паўтара года. Я рада была яго бачыць, мы радыя былі бачыць адзін аднаго».

«Гэта павінна даваць надзею тым, хто ўтрымліваецца ў турмах»

28 лістапада стала вядома, што Генэральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць Алеся Бяляцкага, ягонага намесьніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзіміра Лабковіча. Гэта стала вядома з прэс-рэлізу Генэральнай пракуратуры. Падобныя прэс-рэлізы зьяўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі пра ход «справы „Вясны“» для родных і калег зьняволеных праваабаронцаў. Дата суду пакуль невядомая.

«Цяжка сказаць, ці будзе адкрыты, ці закрыты гэты суд. Бо сытуацыя непрадказальная, як паказвае досьвед іншых палітвязьняў».

Паводле Наталлі, калі прысуджэньне прэміі наўпрост ня зьменіць сытуацыі Алеся Бяляцкага і іншых палітзняволеных праваабаронцаў, то яна будзе вялікай надзеяй і падтрымкай для ўсіх палітычных зняволеных Беларусі:

«Ці паўплывае нейкім чынам прысуджэнне прэміі на сытуацыю з Алесем, сказаць цяжка. Як бачыце, завяршэньне справы адбылося ўжо пасьля ўсіх гэтых падзей. Улады даюць знак, што нічога не мяняецца. Спадзявацца на нешта станоўчае не прыходзіцца. Адзінае, што важна ў гэтай прэміі, што Беларусь гучыць. Гэтая прэмія — знак таго, што пра беларусаў не забыліся, і гэта істотна важна. Гэта павінна ў нейкай ступені даваць надзею тым, хто ўтрымліваецца ў турмах».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG