У Палату грамадаў брытанскага парлямэнту ўнесьлі прапанову з патрабаваньнем вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых палітычных зьняволеных Беларусі.
Аўтар прапановы — сэр Тоні Лойд, старшыня парлямэнцкай групы ў пытаньнях Беларусі.
«З занепакоенасьцю адзначаем, што Алесь ня можа атрымаць сваю Нобэлеўскую ўзнагароду, бо ён больш за 500 дзён зьняволены, але яго яшчэ не судзілі», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намесьнік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч за кратамі з 14 ліпеня 2021 году.
У кастрычніку 2022 году Алесь Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, Валянцін Стэфановіч сёлета быў пераабраны віцэ-прэзыдэнтам Фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).
У крымінальнай справе зь імі праходзяць таксама Ўладзімер Лабковіч і Зьміцер Салаўёў (завочна). Іх абвінавачваюць паводле артыкулаў арт. 228 («кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК («навучаньне асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу.