Інстытут вывучэньня вайны: Шайгу прылятаў у Менск аказаць ціск на Беларусь, каб тая прымала большы ўдзел у вайне

Сяргей Шайгу, Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка
Сяргей Шайгу, Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка

Экспэрты інстытуту лічаць, што ні расейскія, ні ўкраінскія вайскоўцы не прыпыняць наступальныя апэрацыі зімой.

У Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу прыяжджаў у Менск, верагодна, для таго, каб аказаць ціск на міністра абароны Віктара Хрэніна, на Рэспубліку Беларусь у сытуацыі з падтрымкай вайны Расеі супраць Украіны. Масква зацікаўлена ў «больш канструктыўным супрацоўніцтве».

Шайгу таксама сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, падчас якой Лукашэнка заявіў, што беларускія і расейскія войскі працягваюць сумесныя трэніроўкі на беларускай тэрыторыі, каб «Саюзная дзяржава [магла] адбіць любую агрэсію». Верагодна, Шайгу сустракаўся з Хрэніным і Лукашэнкам у спробе аказаць ціск на Беларусь, каб тая падтрымала наступальную кампанію Расеі ва Ўкраіне. ISW раней ацэньваў, што Беларусь вельмі малаверагодна ўступіць у вайну ва Ўкраіне з-за ўнутраных фактараў, якія стрымліваюць жаданьне Лукашэнкі зрабіць гэта.

Экспэрты Інстытуту лічаць, што ні расейскія, ні ўкраінскія вайскоўцы не прыпыняць наступальных апэрацый зімой — аптымальны час для вайны з удзелам мэханізаваных падразьдзяленьняў.

Па паведамленьнях, украінскія войскі выйшлі на ўсходні бераг Дняпра насупраць Херсону.

Расейскія акупанты працягнулі наземныя атакі вакол Бахмуту, у раёне Аўдзееўкі-Данецку, а таксама ў заходняй частцы Данецкай і ўсходняй частцы Запароскай абласьцей.

Расейскі «Левада-Цэнтар» раней паведаміў, што ў лістападзе 74% расейцаў падтрымлівалі дзеяньні Пуціна ва Ўкраіне.

Масква з 24 лютага выкарыстоўвае Беларусь у якасьці пляцдарму для свайго ўварваньня ва Ўкраіну. Беларусь заявіла, што ня будзе ўступаць у вайну ва Ўкраіне, але Аляксандар Лукашэнка раней аддаў загад аб разьмяшчэньні войскаў каля ўкраінскай мяжы, спасылаючыся нібыта на пагрозы Беларусі з боку Кіева і Захаду.

​
XS
SM
MD
LG