Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятара Багамольнікава, які адпяваў Бандарэнку і галадаў з Лосікам, асудзілі сёмы раз запар


Уладзіслаў Багамольнікаў (зьлева)
Уладзіслаў Багамольнікаў (зьлева)

Агульны тэрмін ягонага арышту складзе 101 дзень.

Пра новы вырак праваслаўнаму сьвятару Ўладзіславу Багамольнікаву праваабаронцам паведаміла «Хрысціянская візія».

Чарговы суд над ім адбыўся падчас шостага арышту. Гэтым разам суд Ленінскага раёну Менску прызначыў сьвятару арышт на 13 дзён. Агулам за кратамі Багамольнікава будуць трымаць 101 дзень.

Былы сукамэрнік Уладзіслава навуковец Сяргей Гаранін паведаміў, што сьвятар некаторы час трымаў галадаваньне, а стан здароўя яго пагоршыўся.

Вядома, што Ўладзіслаў перахварэў у няволі на каранавірус. Яго бесьперапынна трымаюць у нечалавечых умовах, бяз сродкаў гігіены, бо перадачы для «палітычных» на Акрэсьціна не прымаюць.

Увечары 29 лістапада Гаранін выказаўся пра сёмы запар арышт айца Ўладзіслава Багамольнікава. Праваслаўны сьвятар ужо тры месяцы на Акрэсьціна, яго штораз пераарыштоўваюць пасьля заканчэньня папярэдніх «содняў». Здароўе сьвятара ў вялікай небясьпецы, лічыць Гаранін.

«Акрэсьціна — гэта не турма, а ЦІП. Таму ўмовы там надзвычай жорсткія, нашмат горшыя за усе іншыя беларускія вязьніцы і зоны. Гэта кшталту гаўптвахты былой савецкай арміі. Але ж на Акрэсьціна доўга і не сядзяць! Чалавек такіх умоваў фізычна не вытрымлiвае. Ён памрэ. Так, я ведаю пра „карусэлі“. І пра тое, што на Акрэсьціна сядзяць шмат-шмат тыдняў, таксама ведаю. І бачыў такіх. Але ТРЫ МЕСЯЦЫ... Да таго ж стан здароўя а. Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нядужая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць...

Дык гэта калі было!!! А цяпер?! Да таго ж ён і галадоўку трымаў... Уладзіслаў чалавек мужны і трымаецца ён з годнасьцю і моцна. Падтрымлівае іншых. Зрабіць яму ЯНЫ нічога ня могуць. Таксама прад’явіць яму па факце нічога няможна. Ну, адслужыў ён літыю па Раману Бандарэнку — дык што? Гэта пастырскі абавязак...
Таму... ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізычна. Я скеміў гэта і напісаў. Я закрычаў ад болю і жаху!»

Уладзіслава Багамольнікава сілавікі затрымалі 31 жніўня, выламаўшы дзьверы ў ягонай кватэры. 1 верасьня яму прысудзілі 14 дзён арышту, па іх заканчэньні — яшчэ 15, на наступны дзень пасьля другога суду адбыўся трэці, дзе яго зноў асудзілі на 15 дзён нібыта за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» СМІ. Чацьвёрты суд адбыўся 14 кастрычніка, пяты — 29 кастрычніка. Затым былі шосты і сёмы.

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыходу храма Богаяўленьня ў Менску, загадчык Царкоўна-гістарычнага музэю Беларускай праваслаўнай царквы, сябра эпархіяльнага суду Менскай япархіі, выкладчык Менскай духоўнай акадэміі. Гэты сьвятар вядомы як прыхільнік перамен у Беларусі.

Ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а на «плошчы Перамен» у Менску адпраўляў літыю па забітым мастаку Раману Бандарэнку. Акрамя таго, сьвятар дапамагаў украінскім уцекачам, на гэтай падставе прапаганда разгарнула супраць яго ганеньне нібыта за збор сродкаў для УСУ. Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Ўладзіслаў Багамольнікаў быў сярод праваслаўных сьвятароў, якія выступілі са зваротам супраць вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG