Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: у сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 79 чалавек, сьвятара Багамольнікава асудзілі ў чацьвёрты раз


Вікіпэдыст Марк Бернштэйн, якога ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмістаў»
Вікіпэдыст Марк Бернштэйн, якога ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмістаў»

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава зноў асудзілі, ён правядзе за кратамі сама меней 59 дзён

Пра чацьвёрты суд над праваслаўным сьвятаром Уладзіславам Багамольнікавым паведамляе @christianvision. Ён павінен быў выйсьці на волю 14 кастрычніка пасьля 44 дзён, але стала вядома, што ён быў зноў асуджаны на 15 дзён арышту.

31 жніўня супрацоўнікі ГУБАЗіК выламалі дзьверы ў кватэру сьвятара і затрымалі яго. Вядома, што Ўладзіслаў перахварэў у няволі на каранавірус. Пры гэтым для «палітычных» на Акрэсьціна перадачы не прымаюць, таму ён утрымліваецца там бяз сродкаў гігіены.

Багамольнікаў — выкладчык Менскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

У Баранавічах затрыманы гаспадар крамы з нацыянальнай сымболікай

Учора на праўладных тэлеграм-каналах зьявіўся допіс пра тое, што ў Баранавічах «у краме „Росквіт“ з-пад падлогі гандлююць забароненай паліцайскай сымболікай».

Праваабаронцам стала вядома, што ноччу — празь некалькі гадзін пасьля публікацыі запісу — да гаспадара крамы Юрыя Казакевіча прыйшлі сілавікі. Вядома, што дома ў мужчыны правялі ператрус, а сам ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Па якім артыкуле затрыманы мужчына — пакуль невядома, паведамляе «Вясна».

У лютым 2021 году ДФР правяраў краму Казакевіча, а ў лістападзе таго ж году мужчыну затрымлівалі сілавікі.

Асудзілі сям’ю палітзьняволеных за ўдзел у акцыях пратэсту: мужу — калёнію, а жонцы — «хатнюю хімію»

Палітзьняволеных Кацярыну Еўдакімаву і Антона Маслыку затрымалі 29 чэрвеня ў Менску. Пазьней мужчыну зьмясьцілі ў СІЗА на Валадарскага, а дзяўчыне зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт. Іх абвінавацілі паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Сямʼя палітвязьняў выхоўвае дзяцей 3-х, 7-мі і 11-ці гадоў, паведамляе «Вясна».

Крымінальную справу супраць Кацярыны і Антона пачалі разглядаць 11 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў пасьлявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе па чатырох эпізодах. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы сталі фатаздымкі, знойдзеныя ў іх Instagram.

У Менску за пратэсты асудзілі сямейную пару

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», Алену Паўловіч (Чарных) судзьдзя Міхаіл Макарэвіч з суду Партызанскага раёну абвінаваціў у «групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» і адправіў у калёнію агульнага рэжыму на 2 гады. Яе мужа, Дзьмітрыя Паўловіча, асудзілі на 1,5 года.

Праваабаронцы пішуць, што 34-гадовую Алену сілавікі схапілі сёлета 26 ліпеня і ўтрымлівалі да суда ў сьледчым ізалятары. Там знаходзіўся і муж.

«Алена — гаспадыня салону друку „Ліса“ з Барысава. Пры вобшуку сілавікі прымусілі жанчыну зьдзіраць са сьцяны бел-чырвона-белыя шпалеры», — адзначаецца ў паведамленьні праваабаронцаў.

У праўладных тэлеграм-каналах зьявілася відэа з тым, як Алена зьдзірае ў сваім салоне шпалеры. У памяшканьні сілавікі перавярнулі ўсё дагары нагамі. У «пакаянным» відэа прадпрымальніца і яе муж кажуць, што ўлетку 2020 году ўдзельнічалі ў пратэстах.

Спачатку Алену ўтрымлівалі «на сутках», а пазьней перавялі ў СІЗА-1. Ейнаму мужу адразу прысудзілі 14 дзён адміністрацыйнага арышту, а потым таксама адправілі ў сьледчы ізалятар.

Алена Паўловіч прызнаная праваабарончай супольнасьцю палітзьняволенай. Дзеці знаходзяцца пад прыглядам бабулі.

Адміністрацыя віцебскай калёніі «забараніла» публікаваць лісты Максіма Знака

Сваякі палітвязьня Максіма Знака стварылі тэлеграм-канал «Неверагодныя лісты».

У ім цягам некалькі месяцаў публікаваліся вершы, разважаньні і апавяданьні зь лістоў Максіма. Але ўчора ў канале зьявіўся пост пра тое, што публікацыя лістоў спыняецца. Прычына — пасты ў канале не падабаюцца адміністрацыі віцебскай калёніі № 3, піша «Вясна».

Палітзьняволеных Максіма Знака і Марыю Калесьнікаву абвінавацілі ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, і стварэньні экстрэмісцкага фарміраваньня. 6 верасьня судзьдзя Сяргей Епіхаў асудзіў Знака на 10 гадоў калёніі.

Сьпіс «экстрэмістаў» МУС папоўніўся адразу 79 прозьвішчамі

Сярод тых, каго ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмістаў», шмат асуджаных паводле дыфамацыйных артыкулаў, а таксама «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Некаторыя новыя «экстрэмісты» ўжо альбо выйшлі на волю, альбо асуджаныя на «хімію».

Так, «экстрэмістамі» прызнаныя палітзьняволеныя Арцём Анішчук, які заяўляў пра катаваньні ў ПК-15, вілейскі актывіст Андрэй Кудзік, а таксама блогерка Вольга Такарчук, якая выйшла на волю пасьля поўнага адбыцьця тэрміна ў калёніі, і аўтар «Вікіпэдыі» Марк Бернштэйн, якога асудзілі на «хатнюю хімію».


Супрацоўніцы EPAM, якая вярнулася ў Беларусь, далі 2 гады калёніі

Суд Партызанскага раёну Менску 14 кастрычніка вынес прысуд супрацоўніцы EPAM Кацярыне Глінскай. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна». Справу цягам двух дзён разглядала судзьдзя Натальля Дзядкова.

Кацярыну Глінскую затрымалі разам зь сястрой Юляй 22 ліпеня 2022 году і зьмясьцілі ў СІЗА №1 Менску. Пазьней стала вядома, што Юлію арыштавалі на 15 сутак. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што дзяўчына была актыўнай удзельніцай пратэстаў у 2020 годзе, нібыта «блякавала праезную частку».

Кацярына пераехала ў Літву вясной гэтага году. У адзін з разоў, калі яна вырашыла прыехаць у Беларусь да сяброўкі, яе затрымалі. Сілавікі апублікавалі відэа, дзе яна нібыта прызнаецца ва ўдзеле ў пратэстах і перакрыцьці руху транспарту. Дзяўчат схапілі, калі яны ішлі да свайго аўтамабіля. Потым у кватэры зрабілі ператрус.

Суд прызнаў Кацярыну Глінскую вінаватай і пакараў двума гадамі калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У палітзьняволенага журналіста Дзяніса Івашына забралі ручнік і фатаздымак жонкі з прычыны «палітычнага падтэксту»

«Рушнік вытворчасьці рэчыцкага тэкстыльнага камбіната служыць нашай сям’і ўжо безьліч гадоў, ды й Дзяніс пасьпеў ім пакарыстацца ў вязьніцы, пакуль у ім не заўважылі „палітычны падтэкст“, ня менш як паўгады палону», — напісала жонка Дзяніса.

Таксама пры ператрусе забралі здымак жонкі палітвязьня — на ім яна стаіць зь белым-чырвоным парасонам на фоне будынка з сіне-жоўтай падсьветкай.

Telegrаm-канал «Протесты в Беларуси» прызналі «экстрэмісцкім»

Інфармацыйная прадукцыя Telegrаm-канала «Протесты в Беларуси» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адпаведнае рашэньне прынятае паводле заявы пракуратуры Савецкага раёна горада Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG