Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятара, які ў 2020-м адпраўляў службу па Раману Бандарэнку, асудзілі шосты раз запар


Уладзіслаў Багамольнікаў
Уладзіслаў Багамольнікаў

Менскага праваслаўнага сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава трымаюць у турме на Акрэсціна з пачатку восені.

Сьвятар Уладзіслаў Багамольнікаў ужо два з паловай месяцы знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. У яго скончыліся чарговыя 15 сутак, але на волю ён зноў ня выйшаў, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

На Багамольнікава склалі новы адміністрацыйны пратакол, прайшоў чарговы, ужо шосты, суд. Гэтым разам яму прызначылі 14 сутак арышту. Па якім артыкуле, не ўдакладняецца, але раней сьвятара судзілі нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Ён адбыў на Акрэсьціна ўжо 74 дні, зараз яго тэрмін вырас да 89 сутак.

«Тыя, хто адбываў зь ім адміністрацыйны арышт у адной камэры, адзначаюць, што ягоны настрой бадзёры, нягледзячы на тое, што яму не дазваляюць атрымліваць перадачы і карэспандэнцыю. Ён вядзе гутаркі са сваімі сукамэрнікамі, падтрымлівае іх», — піша «Хрысціянская візія».

Як раней адзначаў тэлеграм-канал, новыя арышты могуць быць формай ціску на Багамольнікава за адмову супрацоўнічаць зь сілавікамі (на такую адмову ўскосна паказвае тое, што ніякіх «пакаянных» відэа зь ім сілавікі не апублікавалі).

Уладзіслава Багамольнікава сілавікі затрымалі 31 жніўня, выламаўшы дзьверы ў ягонай кватэры. 1 верасьня яму далі 14 сутак арышту, па іх заканчэньні — яшчэ 15 сутак, на наступны дзень пасьля другога суду адбыўся трэці, дзе яго зноў асудзілі на 15 сутак нібыта за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» СМІ. Чацьвёрты суд адбыўся 14 кастрычніка, пяты — 29 кастрычніка.

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыходу храма Богаяўленьня ў Менску, загадчык Царкоўна-гістарычнага музэю Беларускай праваслаўнай царквы, сябра Эпархіяльнага суду Менскай япархіі, выкладчык Менскай духоўнай акадэміі. Гэты сьвятар вядомы як прыхільнік перамен у Беларусі.

Ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязьня журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а на «плошчы Перамен» у Менску адпраўляў літыю па забітым мастаку Раману Бандарэнку. Акрамя таго, сьвятар дапамагаў украінскім уцекачам, на гэтай падставе прапаганда разгарнула супраць яго ганеньне нібыта за збор сродкаў для УСУ.

Уладзіслаў Багамольнікаў (у цэнтры) на службе па Раману Бандарэнку
Уладзіслаў Багамольнікаў (у цэнтры) на службе па Раману Бандарэнку

Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Ўладзіслаў Багамольнікаў быў сярод праваслаўных сьвятароў, якія выступілі са зваротам супраць вайны.

Галадоўка айца Ўладзіслава

Уладзіслаў Багамольнікаў пра сваю галадоўку салідарнасьці зь Ігарам Лосікам заявіў 19 студзеня 2021 году:

«Я, Уладзіслаў Багамольнікаў, далучаюся да галадоўкі Ігара Лосіка. Пляную працягваць, пакуль гэта робіць ён. Калі здарыцца непапраўнае, паспрабую пратрымацца столькі ж дзён, колькі пратрымаўся Ігар. Спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе і яму заменяць меру стрыманьня на хатні арышт. Або ён сам адмовіцца ад задумкі, калі даведаецца, што цяпер гаворка ня толькі пра ягонае ўласнае здароўе», — напісаў Уладзіслаў Багамольнікаў.

Сьвятар дадаў, што ў яго ёсьць асабістыя палітычныя погляды, але сам ён лічыць, што Ігар Лосік робіць памылку.

«Яго жэст маглі б ацаніць, але не ў кіраўніцтве нашай краіны. Іх дзеяньні пераканалі б мяне хутчэй, чым словы. Я ўпэўнены, што ўсе людзі могуць мяняцца. І той чыноўнік, ад каго зараз залежыць лёс Ігара, можа ўзяць на сябе адказнасьць за яго жыцьцё або пакінуць пасаду, каб ня браць адказнасьць за іншы варыянт. І перад тым, хто яго зьменіць, будзе стаяць той жа выбар. Сёньня я напісаў Ігару ліст. Ня буду адгаворваць яго, але паведамлю пра сваё рашэньне. Хай ён зробіць, як палічыць патрэбным», — адзначыў у студзені 2021 году Ўладзіслаў Багамольнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG