ЗША заключылі кантракт на $430 млн на вытворчасьць дадатковых рэактыўных сыстэм залпавага агню HIMARS

Сыстэма HIMARS ва Ўкраіне, 26 верасьня 2022
Сыстэма HIMARS ва Ўкраіне, 26 верасьня 2022

Міністэрства абароны ЗША заключыла з карпарацыяй Lockheed Martin кантракт на вытворчасьць дадатковых рэактыўных сыстэм залпавага агню HIMARS.

Паводле дадзеных Пэнтагону, Lockheed Martin атрымала стымулюючы кантракт зь фіксаванай цаной у памеры $ 430 900 000 на вытворчасьць HIMARS для задавальненьня тэрміновай патрэбы ў падтрымцы арміі і розных партнэраў у замежных вайсковых продажах.

Меркаваная дата выкананьня кантракту — 31 сьнежня 2025 году.

ЗША раней перадалі Кіеву 20 РСЗА HIMARS. Пэнтагон не ўдакладняе, якія менавіта партнэры маюцца на ўвазе і каму будуць перададзены новыя сыстэмы.

Пастаўленыя Ўкраіне сыстэмы HIMARS паражаюць цэлі на адлегласьці да 80 км. Навядзеньне ракет адбываецца па GPS, што дазваляе кропкава біць па цэлях, у тым ліку ў начны час. Зьяўленьне гэтых сыстэм стварыла для расейскага войска сур’ёзныя праблемы на фронце, сьведчаць экспэрты. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у пачатку чэрвеня казаў, што пастаўкі Ўкраіне амэрыканскіх рэактыўных сыстэм залпавага агню «нічога не мяняюць» для ходу вайны.

Агульная сума абавязаньняў ЗША па аказаньні вайсковай дапамогі Ўкраіне дасягае каля 19,7 млрд даляраў. Апошнія пакеты вайсковай дапамогі ЗША ўключаюць боепрыпасы для HIMARS. Злучаныя Штаты таксама заключылі кантракт на 1,2 млн даляраў з кампаніяй Raytheon на закупку сыстэм СПА NASAMS для Ўкраіны.

​
XS
SM
MD
LG