Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку будзе чакаць трыбунал». Добраахвотнік-анархіст «Салям» пра вайну і вызваленьне Беларусі


Яўген Жураўскі
Яўген Жураўскі

Яўген Жураўскі з Баранавічаў звыш дзесяці гадоў быў актывістам анархісцкага руху ў Беларусі. Цяпер ён у палку Каліноўскага. У інтэрвію Свабодзе Яўген расказаў пра сябе і сваё бачаньне сьвету.

«Міліцыянты сказалі: «Вы дагуляліся»»

— Раскажыце пра сябе, што можаце.

— Мяне завуць Яўген. Мой пазыўны «Салям». Я родам з Баранавічаў. У Беларусі быў актывістам анархісцкага руху, застаюся ў ім і цяпер. У кастрычніку 2020 году праз рэпрэсіі зьехаў зь Беларусі, да вайны жыў у Польшчы. Працаваў шмат дзе, але там нічога цікавага. Валянтэрыў у некалькіх праваабарончых арганізацыях — «Вясьне», Human Constanta.

— Чым для вас быў 2020 год?

— У самым пачатку прэзыдэнцкай кампаніі ўжо было зразумела, што яна ня будзе падобнай да папярэдніх. Гэта было відаць хаця б па тых чэргах, якія ўтвараліся, каб падпісацца за кандыдатаў. Я, натуральна, нікога з кандыдатаў не падтрымліваў, але міма прайсьці ня мог. Я ўдзельнічаў яшчэ да выбараў ва ўсіх пратэставых акцыях. У Баранавічах я раней займаўся арганізацыяй канцэртаў, таму ў нас з таварышамі была музычная апаратура. У выніку я сам зьвязаўся з баранавіцкім аб’яднаным штабам, дазнаўся, што ў іх няма нічога з тэхнікі, прапанаваў сваю, але з адзінай умовай — магчымасьцю свабоднага мікрафона. У выніку я ставіў калёнкі, падключаў мікрафон і часам сам выступаў.

Яўген Жураўскі
Яўген Жураўскі

Пасьля прыезду ў наш горад Сьвятланы Ціханоўскай назаўтра мы правялі анархісцкую несанкцыянаваную акцыю. Калі не памыляюся, гэта было 4 жніўня. У выніку ў Менску па месцы жыхарства да мяне прыйшлі людзі ў цывільным. Зразумела, зь якіх органаў. Некалькі дзён я хаваўся ў знаёмых.

9 жніўня нам з таварышам не пашанцавала, мы занялі зусім ня ўдалую пазыцыю для збору, нас затрымалі. Мы былі аднымі з самых першых затрыманых, таму з гвалтам асабліва не сутыкнуліся, уся «жэсьць» пачалася пазьней. Толькі калі садзілі ў бусік, нехта з супрацоўнікаў міліцыі пшыкнуў балёнчыкам. Я па сёньня ня ведаю, ці гэта было мэтанакіравана, ці хтосьці зрабіў гэта па дурасьці. Стаўлю на тое, што ўзровень іхнага інтэлекту не настолькі высокі, каб зразумець, што ў закрытай прасторы лепш ня пшыкаць.

— “Суткі” далі вам?

— Так, мяне чакала вясёлая размова ў Баранавіцкім ГУУС. Таксама спрабавалі з намі паразмаўляць гэбэшнікі, я адмовіўся гэта рабіць. У выніку я атрымаў 15 сутак — гэта самы вялікі тэрмін для затрыманых у тыя дні. Я выйшаў праз тыдзень – празь ціск пратэстоўцаў. Была такая маленькая перамога. Мы выйшлі ў нядзелю вечарам, а ў панядзелак ужо паехалі на сваю першую акцыю. Ад 16 да 23 жніўня ўсе дні прайшлі ў такім фармаце, што ад ранку ты едзеш на прадпрыемства, якое бастуе, потым ладзіш акцыю з тэхнікам пад гарвыканкамам. На адной зь нядзельных акцый да мяне і таварыша падышлі супрацоўнікі міліцыі ў форме. Назвалі нашыя імёны і сказалі, што мы дагуляліся, лібэралізацыя скончылася, паедзеце адпачываць.

Ад таго моманту дома я ўжо не начаваў і ня жыў: пад пад’ездам мяне чакала машына зь людзьмі ў цывільным. Пачалі затрымліваць баранавіцкіх анархістаў; гэта былі яшчэ штрафы. Я з таго часу быў у Менску: да 16 кастрычніка, калі зьехаў з краіны. За некалькі дзён да гэтага ў Баранавіцкую пракуратуру нібыта кінулі “кактэйль Молатава”. Дагэтуль незразумела, ці кідаў нехта яго сапраўды. Анархісты былі першымі, да каго прайшлі ў гэтай справе. У доме маёй мамы быў ператрус, канфіскавалі тэхніку. Знаёмых выклікалі на допыты, шмат цікавіліся мною. Было зразумела, што на мяне хочуць павесіць арганізацыю пратэстаў і некалькі падпалаў. Ніякіх ілюзій, што ў Беларусі можна даказаць сваю правату і невінаватасьць, у мяне не было, таму вырашыў на нейкі час выехаць. Думаў вярнуцца, калі сытуацыя нармалізуецца.

Яўген Жураўскі
Яўген Жураўскі

«З анархістамі немагчыма дамовіцца»

— Як даўно вы ў анархісцкім руху?

— Пазыцыянаваць сябе анархістам пачаў дзесьці ў 2007-м. Часткай нейкага руху я стаў у 2009 годзе, зьвязаўся з таварышамі зь іншых гарадоў. Анархізм, на мой погляд, дае адзіныя адэкватныя адказы на пытаньні, як нам жыць у грамадзтве, дзе ніхто ня будзе прыгнятаць іншых, а ўсе будуць роўныя і блізкія да шчасьця. Я вырас у сям’і з камуністычнай традыцыяй, але ня змог зь ёй пагадзіцца з простай прычыны. Яны многа гавораць пра роўнасьць, але забываюцца пра свабоду. Твая індывідуальнасьць адыходзіць на другі плян, а галоўным становіцца грамадзтва, кляса. А нейкія лібэральныя каштоўнасьці забываюць пра калектыўнасьць, а галоўнай становіцца асоба. Адсюль мы маем людзей, якія ахвяруюць лёсамі і здароўем дзеля свайго дабрабыту. Анархізм жа спрабуе вырашыць гэтую супярэчнасьць між асабістым і грамадзкім, знайсьці канцэпцыю грамадзтва, дзе людзі будуць жыць гарманічна і свабодна. Так, гэта цяжкавыканальна, але да гэтага трэба імкнуцца.

— Хтосьці з вашых сяброў па анархісцкім руху цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні?

— Вядома. Мае добрыя таварышы праходзілі ў справе «Прамяня» (закрыты працэс над чатырма анархістамі вясной 2022 году ў Беларусі. - РС). З Аляксандрам Бяловым мы працавалі разам. Я знаёмы з Дубоўскім і Дзядком. Зь Міколам Дзядком нават можна сказаць, што мы сябравалі. Дубоўскі — адзін зь першых анархістаў, зь якім я пазнаёміўся па-за Баранавічамі. Знаёмы зь некаторымі фігурантамі справы «Рэвалюцыйнага дзеяньня» (справа зь дзесяцьцю абвінавачанымі, сярод якіх таксама былі анархісты; працэс прайшоў у Беларусі летам 2022 году. - РС). На жаль, шмат маіх знаёмых у турмах.

— Чаму ўлады так мэтанакіравана зьнішчаюць анархісцкі рух?

— Гэта пачалося яшчэ да 2010 году. Гэта быў пэрыяд росквіту беларускага анархізму. Анархісты праводзілі масавыя вулічныя акцыі, вялікія фэстывалі, мноства адукацыйных праектаў. Частка анархістаў пераходзіла да больш радыкальных дзеяньняў. Галоўная праблема для дзяржавы была ў тым, што з намі немагчыма дамовіцца. У нейкай партыі можна дамовіцца зь лідэрам, а тут так не атрымаецца: няма чалавека, на якога можна націснуць. Нельга спадзявацца, калі пасадзіць умоўнага Аліневіча, што анархісты перастануць дзейнічаць. Каб анархісты перасталі дзейнічаць, трэба пасадзіць іх усіх. Але гэта дастаткова складаная задача.

«Гэта гістарычная магчымасьць пазбавіцца маскоўскага ярма”

— Чаму вы паехалі на вайну ва Ўкраіну?

— Яшчэ ў 2014 годзе думаў сюды паехаць, але быў малады і шукаў для сябе нейкія апраўданьні. Для мяне было зразумела даўно, што вайна з Расеяй непазьбежная. Сучасная Расея вядзе імпэрыялістычную палітыку, і калі б Беларусь паспрабавала выйсьці з-пад гэтага ўплыву, то давялося б сутыкнуцца з расейскай арміяй. 2014 год ва Ўкраіне ўсё гэта пацьвердзіў. Сёлета я прыехаў ва Ўкраіну, бо перамога Расеі ў гэтай вайне назаўжды закрывае пэрспэктыву вярнуцца ў Беларусь. Для беларусаў гэта гістарычная магчымасьць вызваліцца з-пад маскоўскага ярма, зрынуць дыктатуру і пабудаваць свабоднае і дэмакратычнае грамадзтва. Таксама я цудоўна разумею, што нясе «русский мир» — гэта гвалт і боль. Анархісты ў большасьці, на жаль, праігнаравалі падзеі 2014 году, ваявала анархістаў ня так шмат. Цяпер анархісты змаглі арганізаваць толькі адзін вялікі атрад, які разваліўся на некалькі груп праз вайсковую бюракратыю ды неадэкватнасьць новага камбата. Вайна цяпер — гэта праца на будучыя кадры. Нас чакае наперадзе, магчыма, вайна на тэрыторыі Расеі, каб дадушыць гэтую імпэрскую заразу. А таксама вайна на тэрыторыі Беларусі, і важна, якое месца анархісты зоймуць у гэтым будучым сьвеце без Крамля і дыктатуры Лукашэнкі.

— Вас не спыняе, што за Ўкраіну ваюе шмат правых? У палку Каліноўскага правых таксама хіба больш.

— Я ведаю, што былі такія анархісты і левакі, якія адмаўляліся прымаць удзел у Майдане, бо там былі нацыяналісты. У выніку гэтыя людзі сталі палітычнымі аўтсайдэрамі. Нацысты дыхаюць паветрам, гэта не нагода нам ня дыхаць. Для мяне гэта не было праблемай, я разумеў, што тут шмат правых. Мне здаецца, што ў нас, анархістаў, ёсьць два варыянты: сказаць, што тут шмат людзей зь непрымальнымі для нас перакананьнямі і мы ня будзем зь імі сядзець у адным акопе, і праз гэта згубіць магчымасьці на будучыню нашага праекту ў рэгіёне на доўгія гады. Ці на час пайсьці на нейкія кампрамісы дзеля будучых перамог. Сёньня ідзе вайна за выжываньне.

Я не магу сказаць, што перагледзеў свае перакананьні. Я як не падзяляў нацыяналістычных ды ультраправых поглядаў, так і не падзяляю і наўрад ці іх змагу калісьці прыняць ды зразумець. Але ведаю, што сярод нацыяналістаў хапае людзей, зь якімі можна часова мець агульныя справы. Зразумела, ёсьць зусім вар’яты, зь якімі я б не хацеў сядзець нават у адным акопе, але цяпер побач такіх няма.

— У палку Каліноўскага шмат анархістаў?

— Я не магу сказаць, што шмат, але яны ёсьць. І ўдзельнікі руху, і людзі, якія не былі ўцягнутыя ў актывізм. Я быў прыемна зьдзіўлены, калі знаёміўся з новымі для сябе людзьмі, блізкімі ў поглядах.

«Вайна — гэта пекла»

— Адкуль ваш пазыўны «Салям»?

— Я яго прыдумаў сабе сам, калі быў у Польшчы. З арабскай мовы «Салям» значыць «мір». Мабыць, трошкі сьмешна гучыць, але я ваюю дзеля міру.

— Якое ўспрыманьне беларусаў ва Ўкраіне цяпер?

— Не магу сказаць, што яно мяняецца. Я не сутыкаўся зь нейкім нэгатывам. Натуральна, калі беларускі пашпарт у красавіку ці траўні трапляў у рукі вайскоўцам на блёк-пастах, то яны мяняліся ў тварах. Калі я адказваў, што прыехаў ваяваць, то мне дзякавалі за гэта. Я чуў нейкія непрыемныя гісторыі (зьвязаныя зь беларусамі ва Ўкраіне. - РС), але непасрэдна са мной такога не было. Стаўленьне мяняецца, калі зь Беларусі пускаюцца ракеты і пра гэта гавораць украінскія СМІ.

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Тут усё жахліва непрыемнае. У нас нядаўна было разьвітаньне з загінулым байцом. Гэта другое пахаваньне, якое я бачу цягам апошніх месяцаў. Вайна — гэта пекла. Усё, што зь ёй зьвязана, — жах.

— Што самае прыемнае на вайне?

— Я не магу назваць нешта прыемнае. Ёсьць моманты, калі з баявых заданьняў жывымі вяртаюцца людзі, якіх ты даўно ня бачыў. Але ўсё адно вакол творыцца нейкі жах. Я разумею, што ў любы момант можа прыляцець ракета, нават калі ты ў Кіеве. Ты пастаянна ў стрэсе, гатовы хапаць заплечнік і некуды бегчы. Цяжка знайсьці нешта прыемнае.

— Якое ваша стаўленьне да сьмерці?

— Куля ў лоб, дык куля ў лоб. Зразумела, мабыць, страшна будзе паміраць, але дзеля добрай справы паміраць не шкада.

— У выніку гэтай вайны ці ёсьць шанец на вызваленьне Беларусі?

— Я казаў вышэй, што ўсе гэтыя падзеі — вялікі гістарычны шанец для беларусаў, украінцаў, народаў Расеі. Я ўпэўнены, што такі шанец ёсьць. Непасрэдны ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў гэтай вайне павялічыць магчымасьць хуткага вызваленьня Беларусі. Мы ў любым разе пераможам тут; пытаньне – у якім стане нам застанецца Беларусь. Лукашэнку будзе чакаць трыбунал. Натуральна, шмат хто зь іх загіне ў вайне. А тыя, хто выжывуць, павінны паўстаць перад трыбуналам. Я не прыхільнік сьмяротнага пакараньня, але апошнія сьмяротныя прысуды павінны быць вынесеныя гэтым людзям.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG