Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіўнае разьвітаньне. Лукашэнка і сьмерць Макея


Аляксандар Лукашэнка ідзе на пахаваньне Ўладзімера Макея. Менск, 29 лістапада 2022
Аляксандар Лукашэнка ідзе на пахаваньне Ўладзімера Макея. Менск, 29 лістапада 2022

Самотная постаць пажылога чалавека, які цяжкім крокам ступае па абсалютна пустой плошчы ля Дому афіцэраў. З прычыны выхаду яго на вуліцу перакрытыя ўсе кварталы ў цэнтры Менску.

Прыўладныя СМІ з захапленьнем акцэнтуюць увагу на тым, што «кіраўнік дзяржавы прыйшоў на разьвітаньне пехатой ад Адміністрацыі прэзыдэнта». Не ўдакладніўшы, што Дом афіцэраў і Адміністрацыя прэзыдэнта — суседнія будынкі, адлегласьць паміж якімі — усяго некалькі дзясяткаў мэтраў.... Лукашэнка прыйшоў разьвітацца з Макеем. А мог бы і не прыйсьці?

Афіцыйны нэкралёг на сьмерць Макея зьявіўся ў прэзыдэнцкім рупары «СБ. Беларусь сегодня» толькі ў дзень пахаваньня, раніцай 29 лістапада. Сухі, казённы, ляпідарны тэкст. Вельмі кароткі пераказ біяграфіі. Пра заслугі — мімаходзь, некалькімі сказамі: «зь нязьменным посьпехам вырашаў няпростыя задачы», «заўсёды праяўляў сябе дзяржаўнікам і сапраўдным патрыётам». Але найбольш адметная дэталь: пад нэкралёгам няма подпісу Лукашэнкі. Пералік падпісантаў пачынаецца прозьвішчамі Галоўчанкі, Качанавай, Андрэйчанкі, Міклашэвіча, Сукалы, Сергеенкі, Вальфовіча...

У савецкай брэжнеўскай традыцыі, у якой выгадаваны і выхаваны Лукашэнка і большасьць ягоных сёньняшніх паплечнікаў, зьмест і пералік падпісантаў — выразны сыгнал пра статус спачылага і ягоную набліжанасьць да ўладнага Алімпу.

Аляксандар Лукашэнка на цэрымоніі разьвітаньня з Міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем
Аляксандар Лукашэнка на цэрымоніі разьвітаньня з Міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем

Ордэн апошняй ступені

Ёсьць нейкая недасказанасьць у гэтым дзіўна прахалодным і маўклівым стаўленьні Лукашэнкі да раптоўнага сыходу чалавека, які цягам апошніх больш як дваццаці год быў ценем за ягонай сьпінай падчас шматлікіх візытаў, перамоваў, афіцыйных сустрэчаў. Які працяглы час кіраваў ягонай адміністрацыяй — галоўным штабам, адзіным рэальным цэнтрам улады пры дыктатарскім рэжыме, што раздае загады ўсім іншым ведамствам. Якому давяраў настолькі, што яму адзінаму дазвалялася мець кабінэт на адным паверсе з Лукашэнкам. І, як сьцьвярджаюць сьведкі, — быў час, калі падчас замежных візытаў яму нават давяралася вадзіць малога Колю ў туалет...

Макей быў верным лукашэнкавым служакам, які адзін час не бяз посьпеху спрабаваў рабіць тое, што выглядала немагчымым: надаваць рэспэктабэльнасьць і эўрапейскі лоск рэжыму, які ад пачатку быў аўтарытарным і антызаходнім, пабудаваным на гвалце і хлусьні. Пасьля 2020 году гэтая місія ўвогуле стала невыканальнай. Макей захаваў пасаду і нават спрабаваў намацваць старыя кантакты з Захадам — але без заўважнага плёну.

Мы ня ведаем, што адбывалася ў іхных з Лукашэнкам узаемадачыненьнях на працягу апошніх двух гадоў. Некаторыя ўскосныя прыкметы сьведчаць, што ні блізкасьці, ні поўнага даверу ўжо не было.

У свой апошні афіцыйны візыт за мяжу (у Ерэван) ня надта здаровы міністар Макей быў выпраўлены ў халодным, прадзіманым скразьнякамі ангары вайскова-транспартнага самалёта.

У першыя тры дні пасьля раптоўнай сьмерці Макея ўся рэакцыя Лукашэнкі зьвялася да двух радкоў у афіцыйнай хроніцы — ён выказаў спачуваньне сям’і. Ні асабістага стаўленьня да асобы свайго шматгадовага паплечніка, ні падрабязнасьцяў і прычынаў гэтай раптоўнай і падазронай сьмерці...

Узнагароды Ўладзімера Макея. Менск, 29 лістапада 2022
Узнагароды Ўладзімера Макея. Менск, 29 лістапада 2022

Ля труны на чырвоных аксамітных падушачках — дзяржаўныя ўзнагароды нябожчыка. Зьвернем на іх увагу, бо гэта таксама адметная дэталь. Беларускіх ордэнаў сярод іх толькі два. Гэта ордэн Айчыны ІІІ (самай нізкай) ступені. І ордэн Пашаны (адзін з самых нізкіх у ордэнскай «табэлі аб рангах», у савецкі час ягоным аналягам — «Знакам Пашаны» — адзначалі звычайна чыноўнікаў найніжэйшага зьвяна). Рэшта — значкі ды юбілейныя мэдалі.

Пахаваньне асаблівай значнасьці

...Сорак гадоў таму, у студзені 1982-га, у Маскве хавалі Міхаіла Суслава — галоўнага ідэоляга КПСС у 60-70-я гады, «шэрага кардынала», шматгадовага паплечніка Леаніда Брэжнева. Ён, як і Макей за плячыма Лукашэнкі, доўгія гады маячыў за сьпінай Брэжнева.

Леанід Ільіч успрыняў сьмерць паплечніка як асабістае гора, і гэта адчуў увесь народ. Усе бачылі: Брэжнеў на той час ужо быў цяжка хворым (да ягонай уласнай сьмерці заставалася 10 месяцаў). Тым ня менш ён вытрымаў шматгадзінную цырымонію разьвітаньня: стаяў у ганаровай варце, ішоў за труной, расцалаваў усіх сваякоў, што стаялі ля труны, зь вялікі цяжкасьцямі ўзабраўся на трыбуну маўзалею і, нягледзячы на прамозглае студзеньскае надвор’е, прачытаў пранікнёную цёплую прамову пра заслугі свайго паплечніка. А потым разам зь іншымі журботна стаяў ля магілы....Усё гэта падчас шматгадзіннай жывой трансьляцыі назіралі на тэлеэкранах мільёны савецкіх тэлегледачоў. І гэта выклікала павагу. Нават у тых, хто да «дарагога Леаніда Ільіча» ставіўся без усялякага піетэту.

Лукашэнка шмат у чым нібыта пераймае савецкую ідэалягічную і гістарычную традыцыю. Аднак многае з той спадчыны ў ягоны пералік правадырскіх практык і прыярытэтаў яўна не ўваходзіць. У тым ліку павага і пашана да тых, хто служыць і прыслужвае яму, спачуваньне ім у іхных бедах, ушанаваньне іхнай памяці, эмпатыя і суперажываньне. Гэтыя словы, здаецца, увогуле не зь ягонага лексікону. Чыноўны люд, вядома, наконт гэтага асабліва не разважае, моўчкі глытаючы крыўды. Але між сабой і ў даверлівых размовах з блізкімі абмяркоўваецца гэта вельмі актыўна. З адпаведнымі камэнтарамі і высновамі.

Амаль усе даўно заўважылі і абмяркоўваюць, што Лукашэнка ўвогуле пазьбягае жалобных цырымоніяў — нават калі яны датычаць людзей, якім ён асабіста многім абавязаны. У лепшым выпадку прысылае жалобны вянок ад свайго імя. Што да разьвітаньня на могілках, пры апусканьні труны ў дол, то яго, здаецца, пры такой працэдуры ўвогуле ніколі ня бачылі. Можа, лічыць, што не правадырская гэта справа? Як там у знаёмага з савецкай школы Маякоўскага:

К сведению смерти,
старой карги,
гонящей в могилу
и старящей:
«Ленин» и «Смерть» —
слова-враги.
«Ленин» и «Жизнь» —
товарищи.

«Хачу, каб мяне пахавалі ў маёй вёсцы»

Згадайма некалькі заўважных сьмерцяў апошніх гадоў сярод цяперашніх і былых высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі.

У 2015 г. на 52-м годзе жыцьця памёр міністар фінансаў Андрэй Харкавец, які перад тым доўга і цяжка хварэў. На разьвітаньні было ўсё кіраўніцтва краіны — апроч Лукашэнкі.

У 2017-м заўчасна памёр сын Лідзіі Ярмошынай Аляксей — вялізнае гора для той самай старшыні Цэнтравыбаркаму, якая на працягу двух дзесяцігодзьдзяў забясьпечвала незьмяняльнаму прэзыдэнту шматлікія «элегантныя перамогі» на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах. Падтрымаць калегу прыйшлі ўсе высокапастаўленыя чыноўнікі — за выключэньнем Лукашэнкі.

У канцы 2020-га ён праігнараваў пахаваньне першага прэм’ер-міністра незалежнай Беларусі Вячаслава Кебіча, які паслухмяна саступіў яму падчас адзіных адносна сумленных прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 годзе (а мог жа і не саступіць: сам Лукашэнка ў такой сытуацыі яўна не вагаўся б).

Пра разьвітаньне зь першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам і гаварыць не выпадае (хоць аддаць знак пашаны і павагі свайму папярэдніку на высокай дзяржаўнай пасадзе — зусім натуральны і прыняты ў цывілізаваных краінах жэст).

...Некалькі гадоў таму ў інтэрвію расейскай журналістцы Ксеніі Сабчак Аляксандар Лукашэнка прызнаўся: «Я больш за ўсё схіляюся да таго, каб мяне пахавалі ў маёй вёсцы. Я хачу там». Аднавяскоўцы на такое пахаваньне, безумоўна, прыйдуць: у вёсцы гэта абавязкова, нават калі спачылы пакінуў пасьля сябе ня самую лепшую памяць. А вось ці прыедуць за многія сотні кілямэтраў былыя паплечнікі, зь якімі разам трыццаць гадоў будаваў дыктатуру ў Беларусі? Калі хаваць будуць прэзыдэнта — так, безумоўна. А калі проста пэнсіянэра Лукашэнку?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG