Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я Дзьмітрыя Лукашэнкі замяшаная ў афэры на суму каля 200 млн даляраў, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтар 


Дзьмітры Лукашэнка (зьлева) з братам Віктарам Лукашэнкам
Дзьмітры Лукашэнка (зьлева) з братам Віктарам Лукашэнкам

Паводле БРЦ, важную ролю ў вывадзе грошай з прадпрыемства БелАЗ адыграла жонка сярэдняга сына Лукашэнкі Ганна.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) высьветліў, што як мінімум у 2018 і 2020 гадах Ганна Лукашэнка, жонка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, Дзьмітрыя, працавала ў «Гандлёвым доме БелАЗ». Гэтая фірма прадае тэхніку жодзінскага канцэрну ў Расеі з дазволу галаўной кампаніі. Сярод заснавальнікаў «ГД БелАЗ» — беларускі «Прэзыдэнцкі спартовы клюб», якім кіруе Дзьмітры Лукашэнка. З 2007 году ён валодаў трацінай гандлёвага дому, але да 2019-га гэтая доля вырасла да 45%. Астатняя частка фірмы належыць галаўной кампаніі «БелАЗ».

Паводле БРЦ, дылераў у Расеі БелАЗ дагэтуль выбірае праз гандлёвы дом. У суседняй краіне вялікі попыт на БелАЗы, але ГД жорстка кантралюе іх збыт, указваючы, у якіх дылераў купляць машыны. У адваротным выпадку завод не гарантаваў іх пастаўку і сэрвіснае абслугоўваньне. Але гэта не адзіная сям’я, якая зарабляе на жодзінскай тэхніцы. Як высьветліў БРЦ, дамовы аб пастаўках у Расею «ГД БелАЗ» заключыў з кампаніямі, уладальнікі якіх зьвязаныя з мэнэджмэнтам дзяржаўнага дылера, а таксама блізкія з Ганнай і Дзьмітрыем Лукашэнкам.

Як паведамляе БРЦ, усяго на тэрыторыі Расеі ў «ГД БелАЗ» каля дзясятка партнэраў, але сапраўды прыбытковыя толькі некаторыя зь іх. Найбольш пасьпяховая кампанія «Б-24», суўладальнікі якой — Аксана Тачкова і Алена Лагун. Першую ў расейскай прэсе называюць жонкай Канстанціна Макарава, дырэктара ў праўных пытаньнях «ГД БелАЗ». Другая — жонка Віктара Кулуева, былога кіраўніка рады дырэктараў таго ж гандлёвага дому. Кулуеў з жонкай валодаюць долямі прынамсі ў чатырох кампаніях, якія займаюцца дыстрыбуцыяй і сэрвісным абслугоўваньнем жодзінскай тэхнікі ў Расеі.

Дакумэнт ГД БелАЗ аб выбары дылера ў Расеі
Дакумэнт ГД БелАЗ аб выбары дылера ў Расеі

У 2020 годзе муж і жонка Кулуевы ўвайшлі ў топ-10 беларусаў, якія больш за ўсіх зарабілі ў Расеі. Чысты прыбытак іхных кампаніяў з 2017 году — каля 176 мільёнаў даляраў, што толькі ўдвая менш, чым чысты прыбытак самога БелАЗу. Каля паловы гэтай сумы ўладальнікі выплацілі сабе ў якасьці дывідэндаў.

Кампанію ім часта складалі Дзьмітры і Ганна Лукашэнкі. Дзякуючы «Кібэрпартызанам» БРЦ знайшоў у дзьвюх сем’яў 11 сумесных пералётаў. Геаграфія іх вандровак была абмежаванай: у 2011 годзе праз задушэньне пасьлявыбарных пратэстаў у Беларусі Дзьмітры Лукашэнка трапіў пад эўрапейскія санкцыі. Кулуеў надалей лётаў у ЭЗ з жонкай Дзьмітрыя — Ганнай Лукашэнкай. У 2011 годзе яны разам наведалі Вену і Франкфурт.

У 2013 годзе сем’і адправіліся ў падарожжа ўжо ў поўным складзе: Дзьмітры і Ганна Лукашэнкі зь дзецьмі і Кулуеў з жонкай і дзіцём. 22 сакавіка яны на прыватным бізнэс-джэце вылецелі зь Менску ў Стамбул. Там адзначалі 33-годзьде Дзьмітрыя. У Стамбул на адзначэньне лётала і Тацяна Кулакова, сястра Ганны Лукашэнкі. Яна актыўная ўдзельніца праўладных аўтапрабегаў і намесьніца кіраўніка прадусарскага цэнтру «Музыкальная медиакомпания».

Валодаюць гэтым прадусарскім цэнтрам Палац Рэспублікі кіраўніцтва справамі Лукашэнкі і фірма «АНСЛ прадакшн». Апошняя цалкам належыць Андрэю Ўрублеўскаму. Вядома, што ён быў дырэктарам «Клюбу тэнісу», які ўваходзіць у склад спартовага клюбу пад кіраўніцтвам сярэдняга сына Лукашэнкі. Урублеўскі ня раз лётаў зь сям’ёй свайго начальніка на бізнэс-джэтах, а затым разам зь сястрой яго жонкі, Тацянай Кулаковай, атрымаў дзяржаўную замову ад АНТ на «Музыкальную медиакомпанию». Гэтая фірма стварае шоў «Звёздный путь» разам з прафсаюзамі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

Гэта ня першы бізнэс-праект Тацяны Кулаковай. У 2017 годзе яна заснавала ўласную сетку крамаў брэндавага адзеньня «Это Я». За некалькі гадоў працы ўдалося адкрыць пяць гандлёвых пунктаў, адзін зь якіх у Dana Mall — там жа, дзе і карцінная галерэя Ліліі Лукашэнкі. У 2020 годзе «Это Я» пайшла ў мінус, і ўжо ў наступным годзе крамы гэтай сеткі дзейнасьць не вялі.

Як паведамляе БРЦ, муж Тацяны Ўладзімер Кулакоў з 2011 валодае «Клюбам тэнісу» і сеткай аўтамыйняў, адзін зь ягоных кампаньёнаў Вячаслаў Зарубіцкі — актыўны ўдзельнік праўладных аўтапрабегаў. Ёсьць у сваяка Ганны Лукашэнкі і актывы ў рэстаранным бізнэсе. Ён суўладальнік кампаніі «Подыюм Стар», якая кіруе рэстарацыяй FABRIQ, на адкрыцьцё якой патрацілі каля 1,5 мільёна даляраў. FABRIQ — адзін з актываў сям’і Садоўскіх. Гэтыя бізнэсоўцы працуюць з рэстаранным бізнэсам, лёгкай прамысловасьцю і нерухомасьцю і вылучаюцца скандальнай рэпутацыяй. Акрамя таго, Натальля Садоўская была на «таемнай інаўгурацыі» Лукашэнкі ў 2020 годзе.

Уладзімер Кулакоў
Уладзімер Кулакоў

Тацяна Кулакова нярэдка суправаджае сястру ў яе падарожжах. Часьцей за ўсё Ганна Лукашэнка адпачывае ў Эўропе, прычым зусім не на бюджэтных курортах. У студзені 2017 года Ганна на ўрадавым борце адправілася ў аўстрыйскі Інсбрук катацца на іртах. У самалёце была ўся яе сям’я, у тым ліку маці і сястра з мужам.

Калі б Ганьне прыйшлося самой купіць білеты ў Інсбрук для ўсёй кампаніі і прафінансаваць гэты адпачынак, то дзесяцідзённая паездка абышлася б ёй мінімум у 100 тысяч даляраў. Частку сумы ўдалося зэканоміць дзякуючы ўрадаваму борту, які абслугоўваецца за бюджэтныя грошы. Улетку таго ж году Ганна Лукашэнка запрасіла блізкіх адзначыць яе дзень нараджэньня ў Італіі. На прыватным джэце кампанія з 11 чалавек адправілася ў Кальяры на цэлых 25 дзён.

Цэны на адзін палёт такога джэту стартуюць ад 38 тысяч эўра. Калі ўлічыць выдаткі на жыльлё і зваротную дарогу, а таксама мінімальныя выдаткі амаль на месячны адпачынак, то сям’я Ганны, паводле сьціплых ацэнак, мела выдаткаваць на вандраваньне ня меней за 150 тысяч даляраў. У кастрычніку таго ж 2017 году Ганна зноў карысталася ўрадавым самалётам. На ім яна з мужам, дзецьмі і сястрой на дзевяць дзён паляцела ў Доху. Быў яшчэ і адпачынак у Францыі.

Гэтыя адпачынкі Ганны Лукашэнкі не суадносяцца зь яе афіцыйным заробкам. У 2018 і 2020 гадах у «ГД БелАЗ» яна сумарна атрымала каля 100 тысяч даляраў. Заробак яе мужа Дзьмітрыя ў «Прэзыдэнцкім спартовым клюбе», ягоным адзіным афіцыйным месцы працы, у 2016 годзе склаў каля 30 тысяч даляраў.

Як паведамляе БРЦ, у 2011–2013 гадах дні нараджэньня Ганна сьвяткавала ў Турэччыне, відаць, таму, што праз санкцыі яе мужа не пускалі ў шэраг іншых дзяржаваў. У 2016, калі наступіла санкцыйная «адліга», уся сям’я на дзяржаўным самалёце адправілася адзначаць дзень нараджэньня Ганны ў Грэцыю. Суправаджаў іх бізнэсовец з атачэньня Лукашэнкі — Павал Тапузідыс.

Дзьмітры Лукашэнка ў 2013, 2016, 2017, 2019 і 2020 гадах таксама адзначаў свой дзень нараджэньня не ў Беларусі. Ён пасьлядоўна лётаў у Стамбул, Абу-Дабі, Любляну, Барсэлёну і Мюнхэн. Некаторыя з гэтых падарожжаў — на бізнэс-джэтах. Сумарна толькі транспарт абышоўся Дзьмітрыю прынамсі ў паўмільёна даляраў. Такія грошы з сваім афіцыйным заробкам ён мог бы зарабіць толькі за 17 гадоў. Калі да гэтай сумы дадаць кошт палётаў на дні нараджэньня Ганны, то агульныя выдаткі мужа і жонкі на транспарт перавысяць мільён даляраў.

З базы пералётаў, якую БРЦ атрымаў ад «Кібэрпартызанаў», вынікае, што адпускнымі палётамі па сьвеце падарожжы Ганны Лукашэнкі не абмяжоўваюцца. У жніўні 2011 году яна разам з мужам накіравалася ў Стамбул. На борце разам зь імі былі бізнэсоўцы Сяргей Чыж і Аляксей Алексін і тагачасны кіраўнік службы бясьпекі Лукашэнкі Андрэй Уцюрын, якога пазьней, у 2020-м, пасадзілі за хабар на 12 гадоў узмоцненага рэжыму. У 2013-м у кампаніі зь Дзьмітрыем і Ганнай Лукашэнкамі лётаў ужо іншы бізнэсовец — Аляксандар Машэнскі.

Аляксандар Машэнскі
Аляксандар Машэнскі

Сярод спадарожнікаў Ганны ў пералётах быў і Ўладзімер Здабноў, генэральны дырэктар кампаніі «Юнівест-М» Анатоля Тарнаўскага. Пэўны час Ганна працавала ў гэтай фірме. Тарнаўскі — галоўны нафтавы гаманец Аляксандра Лукашэнкі. Сумесна зь літоўскім парталам Siena БРЦ знайшоў у яго ў Ангельшчыне 60 мільёнаў даляраў, заробленых на нафтапрадуктах. За сувязь з Лукашэнкам Тарнаўскі ў 2012 годзе трапіў пад санкцыі.

Як паведамляе БРЦ, сярод спадарожнікаў Ганны і Дзьмітрыя Лукашэнкі апынуліся ня толькі беларускія бізнэсоўцы. Падарожжы на курорты з гэтай сямейнай парай падзялялі, напрыклад, прадстаўнікі славенскай кампаніі Riko, якая шчыльна супрацоўнічае з уладамі Беларусі. Сярод іх — Жыварад Сьмількавіч, кіраўнік прадстаўніцтва Riko у Беларусі, а таксама мэнэджар гэтай кампаніі Мілуцін Сьмількавіч і яго жонка Дар’я.

Жыварад Сьмількавіч
Жыварад Сьмількавіч

Кампанія Riko — адзін з асноўных актываў былога ганаровага консула Беларусі ў Славеніі Янэза Шкрабэца. Гэты славенскі бізнэсовец ня раз выступаў супраць санкцый ЭЗ супраць Расеі і Беларусі, бо яны «шкодзяць эўрапейскаму бізнэсу» ў гэтых краінах. У 2021 годзе славенская прэса параўнала сувязі Шкрабеца і Лукашэнкі з сувязямі сэрбскіх братоў Карычаў і Лукашэнкі, адзначыўшы, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША вывучае асобу ўладальніка Riko.

Янэз Шкрабец
Янэз Шкрабец

Паводле Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, Riko мела сумесную кампанію зь яшчэ адным набліжаным да Лукашэнкі — Аляксандрам Зайцавым. Празь яе бізнэсоўцы займаліся пастаўкамі прадукцыі дрэваапрацоўкі. Незадоўга да рэарганізацыі Зайцаў, які трапіў пад санкцыі, выйшаў са складу ўладальнікаў.

Нягледзячы на сувязі з падсанкцыйнымі бізнэсоўцамі і шлюб зь Дзьмітрыем Лукашэнкам, сама Ганна ніколі не трапляла ў санкцыйныя сьпісы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG