Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску засталася ўсяго адна прыватная школа. Расказваем, чаму яе не закрылі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пасьля масавага закрыцьця прыватных школ у Менску засталася толькі адна. Па інфармацыі Свабоды, трапіць туды ўжо немагчыма. Гэтую навучальную ўстанову канчаў Мікалай Лукашэнка, а адна з заснавальніц — Ірына Абельская.

У сярэдзіне верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам даў загад «зачысьціць усё да немагчымасьці ў сыстэме адукацыі». Прычынай стала сытуацыя ў прыватнай школе «Смарт Скул», дзе падлетак стрэліў з пнэўматычнага пісталета ў твар аднаклясьніцы, пашкодзіў ёй вока.

Лукашэнка сказаў, што цягам расьсьледаваньня стала вядома, што кіраўніцтва школы «на дух не пераносіць беларускую дзяржаву». «Гэта што, муць нейкая, кляака ўтварылася антыдзяржаўная? Народная адукацыя, школы, ВНУ — гэта ня тая сфэра, дзе мы павінны жартаваць», — казаў тады Лукашэнка.

Пасьля той нарады дзейнасьць прыватных школ пачалі прыпыняць. Агулам у Беларусі было зарэгістравана 35 прыватных школ. Многія зь іх атрымлівалі акрэдытацыі перад самым 1 верасьня 2022 году, але гэта не дапамагло.

Мэханізм наступны: нейкі дзяржаўны орган, найчасьцей раённы аддзел па надзвычайных сытуацыях, падаваў пазоў у Эканамічны суд аб прыпыненьні дзейнасьці ўстановы. І суд прымаў адпаведнае рашэньне.

Міністар адукацыі Андрэй Іванец яшчэ 18 кастрычніка сказаў, што 90% вучняў прыватных школ ужо перайшлі ў дзяржаўныя ўстановы, а астатнія пяройдуць, калі іх бацькі вернуцца зь дзецьмі з-за мяжы.

Як стала вядома Свабодзе, на сёньняшні дзень паўнавартасную працу працягвае толькі Менская міжнародная гімназія, што ў Драздах. Паводле дадзеных Беларускага расьсьледавальніцкага цэнтру, пабудавалі школу на грошы расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева, а кіравала ёю кампанія, заснаваная Ірынай Абельскай. Навучаньне ў гімназіі каштуе каля 3 тысяч эўра на год.

Ірына Абельская, колішняя асабістая доктарка Лукашэнкі і, паводле дадзеных «Кібэрпартызанаў», маці Мікалая Лукашэнкі, яшчэ ў 2019 годзе зарэгістравала кампанію «Гарызонт ведаў», якую пазьней перадала кіпрскай кампаніі, што будавала школу. Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар пісаў, што Абельская асабіста займаецца наборам пэдагогаў ва ўстанову.

Пэрсанальныя дадзеныя Мікалая Лукашэнкі і Ірыны Абельскай, атрыманыя «Кібэрпартызанамі»
Пэрсанальныя дадзеныя Мікалая Лукашэнкі і Ірыны Абельскай, атрыманыя «Кібэрпартызанамі»

«Менскую міжнародную гімназію» ў 2022 годзе з залатым мэдалём скончыў і сам Мікалай Лукашэнка. Паводле зьвестак Свабоды, усе клясы гімназіі на дадзены момант цалкам запоўненыя вучнямі, трапіць туды на навучаньне пакуль немагчыма.

Да апошняга часу працавала таксама сярэдняя школа «Іхвіс», што пры Сьвята-Елізавецінскім манастыры на ўскраіне Менску. Аднак улады падалі пазоў, каб прыпыніць і дзейнасьць «Іхвіса».

Свабодзе стала вядома, што заняткі для дзяцей у «Іхвісе» ўсё яшчэ адбываюцца. Аднак набор новых вучняў не вядзецца. Ва ўстанове чакаюць рашэньня аб ліцэнзаваньні школы і прапануюць бацькам тэлефанаваць ім пасьля Новага году. Па нашых зьвестках, бацькоў вучняў агітуюць аддаваць дзяцей у дзяржаўныя школы.

У «Іхвісе» навучаюцца дзеці з праваслаўных сем’яў. Адным з заснавальнікаў школы быў настаяцель Сьвята-Елізавецінскага манастыра Андрэй Лемяшонак, вядомы сваёй падтрымкай Лукашэнкі і вайны ва Ўкраіне.

Дзейнасьць «Пачатковай школы Клясыка», якая таксама да апошняга працавала ў Менску, таксама прыпыненая, даведалася Свабода.

17 кастрычніка Лукашэнка падпісаў закон аб ліцэнзаваньні дашкольнай і школьнай адукацыі ў Беларусі. «Дзейнасьць у сфэры адукацыі патрабуе павышанага кантролю з боку дзяржавы, бо зьвязаная з фармаваньнем здаровай, ідэалягічна ўстойлівай і рознабакова разьвітай асобы», — паведамляла прэс-служба Лукашэнкі.

Закон уступіць у сілу ад 1 студзеня 2023 году. Некаторыя прыватныя школы маюць надзею прабіцца празь яго патрабаваньні. Іншыя ўжо прыйшлі да перакананьня, што ня змогуць гэтага зрабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG