Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка 29 лістапада: Былому работніку пракуратуры прысудзілі 6 гадоў калёніі за распаўсюд зьвестак сілавікоў


Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

У Менскім гарадзкім судзе скончыўся разгляд справы былога работніка пракуратуры, жыхара Менску Алега Ермакова, якога абвінавацілі ў незаконным зборы ці распаўсюдзе інфармацыі аб прыватным жыцьці (ч. 1 артыкула 179, выключанага з кодэксу 26.05.2021) і распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК).

Паводле зьвестак праваабаронцаў, Ермакоў перадаў інфармацыю аб сілавіках пратэставым рэсурсам.

Судзьдзя Сяргей Хрыпач пакараў палітзьняволенага 6 гадамі калёніі.

Сяргей Ермакоў
Сяргей Ермакоў

Алег Ермакоў — былы работнік пракуратуры, юрыст першай клясы, быў затрыманы 10 лютага 2022 году. Мужчына жанаты, мае дзьвюх непаўналетніх дачок.

Горадзенца пакаралі 3 гадамі калёніі за камэнтар ў «справе Зельцара»

У Горадзенскім абласным судзе 28 лістапада вынесьлі прысуд 40-гадоваму Сяргею Ануфрыенку, абвінавачанаму ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу), прэзыдэнта (ч. 1 арт. 368) і распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч.1 арт 130).

Працэс, які пачаўся 21 лістапада, узначальваў судзьдзя Аляксандар Козел.

Палітзьняволенага Сяргея Ануфрыенку затрымалі летась 29 верасьня ў Горадні ў крымінальнай справе, заведзенай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара ў Менску пад час перастрэлкі.

У выніку Ануфрыенку пакаралі 3 гадамі калёніі агульнага рэжыму.

Экс-журналіста АНТ Дзьмітрыя Семчанку прызналі палітзьняволеным

Дзьмiтры Семчанка — журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы «прэзыдэнцкага пула» тэлеканала АНТ. У жніўні 2020 года ў знак пратэсту супраць жорсткіх разгонаў мірных акцый Семчанка звольніўся. У верасьні 2020 года Дзьмітрыя асудзілі за ўдзел у пратэставым маршы і прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

15 верасьня Семчанку затрымалі разам з жонкай. Тады яму прысудзілі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазьней стала вядома, што супраць Дзьмітрыя распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 130 КК РБ («распальваньне сацыяльнай варожасьці ці варажнечы»). Паводле дадзенага артыкулу Семчанку пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.

Сёньня праваабаронцы «Вясны» прызналі Дзьмiтрыя Семчанку палітзьняволеным.

Дзяніса Івашына паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмізму

Праваабаронцам стала вядома, што гарадзенскага журналіста і палітвязьня Дзяніса Івашына адміністрацыя гарадзенскай турмы яшчэ вясной мінулага году паставіла на прафіляктычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму ды іншых дэструкцыйных дзеяньняў».

Радыё Рацыя, спасылаючыся на сваякоў Дзяніса Івашына, паведамляе, што незадоўга да адбыцьця 10-дзённага пакараньня ў карцэры палітвязьня пераводзілі ў іншую камэру, а пасьля вызваленьня з адзіночкі таксама перасялілі. Родныя журналіста лічаць, што такім чынам адміністрацыя турмы спрабуе ўскладніць палітвязьню ўмовы прабываньня ў зьняволеньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG