Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў у эфіры тэлеканалу Freedom пракамэнтаваў чуткі аб магчымым уступленьні беларускіх войскаў у баявыя дзеяньні.
На думку Юсава, такую інфармацыю распаўсюджваюць знарок.
«Мы бачым розныя мэты. З аднаго боку, пасеяць паніку сярод насельніцтва, сярод украінцаў, у тым ліку жыхароў прымежных раёнаў і вобласьцяў. І дэзарыентаваць украінскія сілы абароны, разгрупаваць сілы, перакінуць сілы зь іншых кірункаў. Ну і таксама аб’ектам і мэтамі гэтай спэцыяльнай псыхалягічнай інфармацыйнай апэрацыі ёсьць сама Беларусь і беларусы, гэта значыць нагнятаньне. Зрабіць так, каб заіскрыла, і ўсё ж уцягнуць саму Беларусь у поўнамаштабную вайну, чаго да гэтага моманту не было», — сказаў ён.
Пры гэтым Юсаў лічыць, што найбліжэйшым часам уцягваньне Беларусі ў наземную апэрацыю малаімавернае.
«Мы не гаворым аб тым, што ад рэжыму Лукашэнкі няма пагрозы. Яна ёсьць: Лукашэнка дапамагае Пуціну і зброяй, і боепрыпасамі, і бранятэхнікай. Ён дае сваю паветраную прастору для ўдараў па Ўкраіне, але казаць аб тым, што найбліжэйшым часам адбудзецца поўнамаштабнае ўварваньне і ўцягваньне Беларусі ўжо ў наземную апэрацыю, сёньня мы ня можам».
Пытаньне магчымага ўдзелу беларускіх войскаў у баявых дзеяньнях дастаткова рэгулярна абмяркоўваецца ва ўкраінскіх СМІ. Цяпер яму надаюць больш увагі на фоне сьмерці міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея.