З прычыны санкцыяў у Літве закрываецца «дачка» МТЗ

Трактар МТЗ
Трактар МТЗ

Пасьля таго, як Служба расьсьледаваньня фінансавых злачынстваў Літвы (СРФЗ) ўнесла гандлёвую кампанію Менскага трактарнага заводу MTZ Traktorius, зарэгістраваную ў Вільні, у сьпіс падсанкцыйных кампаніяў, яе кіраўнік заявіў, што яна будзе вымушана спыніць дзейнасьць, паведамляе Delfi.lt.

Кіраўнік кампаніі Віргініюс Ліберыс кажа, што кампанія ня можа карыстацца сродкамі, у выніку чаго будзе вымушана спыніць дзейнасьць.

«Адзіны наяўны ў кампаніі банкаўскі рахунак быў закрыты, у выніку кампанія пазбавілася магчымасьці ажыцьцяўляць якую-небудзь дзейнасьць», — сказаў Ліберыс BNS.

СРФЗ дадала кампанію ў сьпіс падсанкцыйных толькі ў лістападзе, хоць сродкі кампаніі на банкаўскім рахунку, паводле Ліберыса, замарожаныя яшчэ ў чэрвені. Як адзначае Ліберыс, MTZ Traktorius ускосна кантралюецца беларускім дзяржаўным Менскім трактарным заводам: «Мы, груба кажучы, кампанія Лукашэнкі».

Паводле кіраўніка MTZ Traktorius, у заснаванай у 2020 годзе кампаніі былі тры супрацоўнікі, адзіным відам дзейнасьці быў продаж трактараў у Літве.

Паводле літоўскага Цэнтру рэестраў, кампанія MTZ Traktorius атрымала 1,3 млн. эўра даходу і страціла 18 тыс. эўра.

​
XS
SM
MD
LG