Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праз школы ў розум дзяцей заходзіць «русский мир». Як у Беларусі русыфікуюць адукацыю


Вучні. Ілюстрацыйнае фота
Вучні. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты Міжнароднай ініцыятывы iSANS сабралі новыя прыклады інкарпарацыі беларускай сыстэмы адукацыі ў расейскую. Як процістаяць гэтаму, як адбудаваць і захаваць нацыянальную сыстэму адукацыі? Пагаварылі з адмыслоўцамі.

Нон-стоп у беларускіх школах і ВНУ праходзяць Дні расейскай культуры, маратоны «Расейскага фонду культуры» і «Расейскага дома ў Менску», алімпіяды саюзнай дзяржавы «Расея і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасьць», спаборніцтвы кшталту «СПЕЦНАЗ_day». Актывізуецца супрацоўніцтва ня толькі паміж ВНУ, але і паміж школамі Беларусі і Расеі.

«Праз школы ў розум беларускіх дзяцей заходзіць «русский мир», — піша прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык, прааналізаваўшы Маніторынг тэндэнцый разьвіцьця сыстэмы адукацыі ў Беларусі, які праводзіць iSANS (International Strategic Action Network for Security).

«Адбываецца ня столькі працэс русыфікацыі, колькі працэс мілітарызацыі і замбаваньня дзіцячай сьвядомасьці»

Незалежная экспэртка ў галіне адукацыі, мэтадоляг Сьвятлана Мацкевіч перакананая, што сур’ёзная, прадуманая праграма дзеяньняў з боку Расеі ажыцьцяўлялася ў Беларусі з 1990-х. А цяпер яна ўкараняецца паскоранымі тэмпамі, і пэўны эфэкт ёсьць.

«Зараз адбываецца ня столькі працэс русыфікацыі, колькі працэс мілітарызацыі і замбаваньня дзіцячай сьвядомасьці. На фоне, калі беларусы больш заклапочаныя выжываньнем, а свабода думкі, свабода слова моцна абмежаваныя, замбаваньне і ўзмоцненая ідэалягізацыя на тле мілітарызацыі дае эфэкт і ўзьдзейнічае, асабліва на неакрэплы розум дзіцяці. Гэта ідзе праз трансьляцыю дастаткова жорсткіх штампаў, якія не патрабуюць аргумэнтацыі, аспрэчваньня. І за кошт такой спрошчанай схемы групавы, масавы эфэкт ёсьць», — кажа Сьвятлана Мацкевіч.

«Трэба самім клапаціцца, каб дзеці не рабіліся марыянэткамі ў руках «русского мира»

Каардынатар экспэртнай ініцыятывы «Наша меркаваньне» Вадзім Мажэйка лічыць, што закрываць вочы на гэту праблему нельга. Але ня трэба і драматызаваць.

«Бо ўсе гэтыя актыўнасьці праз расейскія гуманітарныя праграмы — часьцяком проста бюракратычнае асвойваньне грошай, калі ніхто фактычна не зьвяртае ўвагу на тое, як гэта рэалізуецца, наколькі моладзь ва ўсё гэта ўцягваецца. І ўсе гэтыя „маратоны“, „дні расейскай культуры“, „беларуска-расейскія алімпіяды“ робяцца проста „для галачкі“. Таму ступень уплыву ўсяго гэтага на розум моладзі насамрэч невядомая», — мяркуе экспэрт Вадзім Мажэйка.

У той жа час ён не адмаўляе, што праблема ёсьць. І прапануе падумаць пра гэта бацькам, сям’і.

«У нармальнай сытуацыі захаваньнем нацыянальнай ідэнтычнасьці, клопатам пра тое, каб не было зашмат вонкавага ўплыву, мусіць займацца сама дзяржава. А паколькі гэтым не займаецца дзяржава, то гэта адказнасьць бацькоў.

І таму ня трэба перадаваць на водкуп Расеі, дзяржаве ці школе гэтыя пытаньні. Трэба самім пра гэта клапаціцца, думаць пра тое, каб дзеці расьлі ў беларускім культурным асяродку і ганарыліся сваім, каб дзеці не рабіліся марыянэткамі ў руках «русского мира», — перакананы ён.

Але, на думку Вадзіма Мажэйкі, гэта ня толькі адказнасьць бацькоў. Роля, пазыцыя і ўплыў настаўнікаў тут таксама павінны быць.

«Настаўнікі таксама зьяўляюцца áктарамі. Нягледзячы на тое, што быццам бы настаўніцкая дзейнасьць надзвычай зарэгуляваная і ўсе яны мусяць падпарадкоўвацца плянам, але фактычна любы настаўнік, выкладчык на сваім уроку што хоча, тое і робіць, што б ён ні пісаў у сваіх плянах і журнале. Таму настаўнікі таксама мусяць разумець сваю адказнасьць. І такія арганізацыі, як «Таварыства беларускай школы» і «Edu Camp Belarus» могуць мець свой уплыў і таксама могуць праз настаўнікаў уводзіць крэатыўныя падыходы, а не трываць тое, што праводзіць «русский мир», — кажа Вадзім Мажэйка.

«Адзінае, на што ёсьць надзея — на сям’ю і на папярэдні досьвед нефармальнай адукацыі і асьветніцтва»

Паводле незалежнай экспэрткі ў сфэры адукацыі Сьвятланы Мацкевіч, процістаяць «русскому миру» могуць інфармацыйныя тэхналёгіі, а таксама дастаткова сур’ёзная, сыстэмная праграма ў процівагу расейскай.

«Прычым гэта ня проста праграма беларусізацыі ці пэўных вучэбных курсаў. А сыстэма пасьлядоўных дзеяньняў, якая ўключала б у сябе прадуманую ідэалёгію і тэхналёгію яе ўкараненьня, піяр-кампаніі, праграму акультурваньня, праграму распаўсюджваньня ня толькі сваёй гісторыі, але і сваіх аўтарытэтаў, выбітных асобаў. І гэта павінна набыць не такі падпольны, нефармальны характар, а характар устойлівага разьвіцьця і ўкараненьня ва ўсю сыстэму адукацыі, пачынаючы ад дзіцячага садка і да ВНУ», — кажа экспэртка.

На думку Сьвятланы Мацкевіч, такая комплексная праграма і раней не была распрацаваная, а працэсы разьвіваліся ў сыстэме нефармальнай адукацыі: праз ТБМ, «Лятучы ўнівэрсытэт», асобных філёзафаў, гісторыкаў.

«Адзінае, на што ёсьць надзея — на сям’ю і на папярэдні досьвед нефармальнай адукацыі і асьветніцтва, які быў у Беларусі да 2020 года (а ён усё ж быў). І гэта „акультурваньне“ на ўзроўні масавай сьвядомасьці яшчэ прысутнічае і можа культывавацца ў сем’ях, у больш вузкім коле пазашкольнай адукацыі. Не ўнутры дзяржаўных навучальных устаноў, а ўнутры сям’і. Вось так можна захаваць штосьці ўнутры Беларусі. Захаваць, але ніяк не процістаяць масава.

Ну а за межамі краіны нам застаецца рыхтаваць масавую праграму, адпрацоўваць шлях, як да гэтага прыйсьці, калі ўжо ў новай дэмакратычнай Беларусі мы атрымаем права і паўнамоцтвы ажыцьцяўляць дастаткова карэктна і мякка праграму беларусізацыі адначасова з праграмай эўрапеізацыі і дэсаветызацыі».

Неабходна адбудоўваць нацыянальную сыстэму адукацыі ўжо цяпер

Паводле прадстаўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліны Коўшык, каб процістаяць «русскому миру», неабходна праводзіць размовы зь дзецьмі, ігнараваць падобныя элемэнты, праграмы і падзеі.

«Набліжаць нашых дзяцей да беларускай мовы і гісторыі, напрыклад праз супольнае чытаньне кніг. Вучыць малодшае пакаленьне крытычнаму мысьленьню.

Што могуць рабіць прафэсіяналы? Адбудоўваць нацыянальную сыстэму адукацыі ўжо зараз. Пісаць праграмы, ствараць дыдактычна-навучальныя матэрыялы і падручнікі. Падтрымліваць тых настаўнікаў, якія засталіся. Гэта рэальная праца на карысьць будучыні нашай краіны», — напісала Аліна Коўшык на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Водгукі і прапановы radiosvaboda@rferl.org

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG