Лукашэнка мяркуе, што супраць Зяленскага паўстане сам украінскі народ.
«Пагледзіце праз год-два, народ яго будзе вінаваціць: „Чаму ты зрабіў так, што вайна гэтая пачалася?“ Тут пытаньне ня ў тым, чыя праўда, хто вінаваты. Чаму тут у цябе ідзе вайна? Таму вось гэтая вось сытуацыя будзе штурхаць кіраўніцтва Ўкраіны, калі яны разумныя, да таго, каб сесьці за стол перамоваў».
У пачатку лютага 2022 году, Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Ўладзіміру Салаўёву ўжо выказваўся пра тэрміны патэнцыйнага ваеннага канфлікту, але ў той раз размова ішла аб супрацьстаяньні паміж Украінай і сіламі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
«Украіна ніколі з намі ня будзе ваяваць: гэтая вайна працягнецца максымум тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць. Тыя, каго там паказваюць з гэтымі драўлянымі аўтаматамі, як яны трэнуюцца... Дык мы зараз выйдзем з табой у суседнюю залю, здымем на мабільны тэлефон гэтую трэніроўку і пакажам. І, як толькі крышку запахла, Валодзя Зяленскі адразу спужаўся».
У тым жа інтэрвію Лукашэнка выказаўся пра павольную рэакцыю NATO.
«Пакуль яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Маншу. Да нас празь Ля-Манш пераплыве гэты кудлаты наш сябар і скажа: „Хлопцы, усё!“ Мы паказалі! Мы каля Алматы, а Пуцін — у Нурсултане (Астане. — заўв. РС) узялі пад кантроль аэрапорты, навошта? Мы б пешшу не прыйшлі б туды. На працягу некалькіх гадзін пасьля прынятага рашэньня там селі нашыя войскі».
Аднак ужо ў траўні, калі наступ расейскіх войскаў ва Ўкраіне запаволіўся, у інтэрвію Associated Press Лукашэнка заявіў, што расейская спэцапэрацыя ва Ўкраіне зацягнулася.
«Але я не настолькі паглыблены ў гэтую праблему, каб сказаць, ці ідзе ўсё паводле пляну, як кажуць расейцы, ці як я гэта адчуваю. Я хачу яшчэ раз падкрэсьліць, я адчуваю, што гэтая апэрацыя зацягнулася».
Расейскія войскі атакуюць Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы аэрадромы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.