Лукашэнка: вайна з Украінай працягвалася б 3-4 дні

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Нелегітымны кіраўнік Беларусі зноў пагражае Захаду вайной. У пэрспэктыву вайны з Украінай ён ня верыць, аднак кажа, што калі б яна выбухнула, працягнулася б нядоўга.

У інтэрвію расейскаму прапагандысту Ўладзіміру Салаўёву, які працуе на расейскай дзяржаўнай тэлевізіі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што блёк АДКБ у сытуацыі з Казахстанам у студзені паказаў сваю эфэктыўнасьць і перавагу над войскамі NATO.

«Пакуль яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Маншу. Да нас празь Ля-Манш пераплыве гэты кудлаты наш сябар і скажа: „Хлопцы, усё!“ Мы паказалі! Мы каля Алматы, а Пуцін — у Нурсултане ўзялі пад кантроль аэрапорты, навошта? Мы б пешшу не прыйшлі б туды. На працягу некалькіх гадзін пасьля прынятага рашэньня там селі нашыя войскі.

А ў Эўропе будзе прасьцей! Яны што, гэтага ня бачаць? Яны разумеюць, што беспэрспэктыўна з намі ваяваць. Мы не гаворым пра ядзерную зброю, але нас лепш не чапаць. Украіна ніколі з намі ня будзе ваяваць. Гэтая вайна працягнецца максымум 3-4 дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць. І як толькі крышку запахла, Валодзя Зяленскі адразу трухнуў (збаяўся — заўв. РС) і — „хлопцы, хлопцы!“»

Адно з пытаньняў датычылася таго, як павядзе сябе беларускае войска, калі ўкраінскія ўлады «наважацца на прымяненьне сілы супраць Данбасу». «Так сама так, як расейскае», — адказаў на гэта Лукашэнка. На наступнае пытаньне Салаўёва, ці будзе гэта «сумесным адказам Беларусі і Расеі», ён сказаў: «Натуральна».

10 лютага пачнуцца беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022». Да іх прыцягнуць частку сіл і сродкаў Узброеных Сіл Беларусі, а таксама органаў вайсковага кіраваньня, шэрагу вайсковых частак і частак Усходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расеі. Вучэньні працягнуцца 10 дзён, пасьля чаго расейскія войскі павінны пакінуць Беларусь.

Аднак шматлікія расейскія злучэньні занялі ў тым ліку пазыцыі, якія не заяўленыя як месцы дысьлякацыі вайскоўцаў у час вучэньняў. Існуе думка, што расейскія войскі могуць ня выехаць з вучэньняў назад у Расею, а застануцца ў Беларусі, фактычна акупаваўшы яе. Таксама ёсьць небясьпека нападу на тэрыторыю Ўкраіны з поўначы, акурат з паўднёвых абласьцей Беларусі.

Краіны NATO папярэдзілі Пуціна і Лукашэнку пра жорсткія наступствы ў выпадку пачатку ваенных дзеяньняў. Украіне дапамаглі з узбраеньнямі, а таксама падрыхтавалі новыя эканамічныя санкцыі супраць уладаў Расеі.

​
XS
SM
MD
LG