Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 лістапада: Менчуку прысудзілі «хатнюю хімію» і 9500 рублёў кампэнсацыі сілавікам за камэнтары ў чатах


Міліцыянты. Ілюстрацыйнае фота
Міліцыянты. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Праваабаронцам стала вядома, што 24 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску судзьдзя Вікторыя Шабуня пакарала 41-гадовага Андрэя Касьцюкевіча 2,5 гадамі «хатняй хіміі».

Палітвязьня прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады») за некалькі камэнтароў у суполках «Чат группы Каратели» «Лухтовикинги», «Чат Элехтарата», «Tribuna.com Chat» пад запісамі з пэрсанальнымі зьвесткамі сілавікоў. У выніку рашэньнем суду ён таксама мусіць выплаціць пяці пацярпелым 9500 рублёў кампэнсацыі.

Міліцыянту АМАП Савенку Касьцюкевіч мае выплаціць 1000 рублёў, байцу вайсковай часткі 3032 МУС Краўчанку — 1500 рублёў, першаму намесьніку міністра МУС, начальніку крымінальнай міліцыі Казакевічу — 2000 рублёў, інспэктару ў справах непаўналетніх у Бярэзані Саханчуку — 2000 рублёў, намесьніцы аддзелу тылавога забесьпячэньня «Турмы № 8» Вішнеўскай — 1000 рублёў, супрацоўніку Маладачанскага АУС Пузырову — 2000 рублёў. Яшчэ трое «пацярпелых» — курсант Вайсковай акадэміі Стаднік, інспэктар у справах непаўналетніх у Маладэчне Войтка, міліцыянт АМАП Скаражонак не выстаўлялі пазоваў аб кампэнсацыі маральнай шкоды.

Касьцюкевіч прызнаў віну і сказаў, што дзейнічаў эмацыйна і неабдумана пад уплывам сацыяльных сетак. Усе пацярпелыя былі ўпэўненыя, што камэнтары зьневажаюць іхны гонар і годнасьць, а таксама падрываюць сярод асобаў, якія прачытаюць камэнтары, як іх асабісты аўтарытэт, так і аўтарытэт органаў унутраных справаў, паведамляе «Вясна».

У асуджанага Андрэя Касьцюкевіча двое дзяцей. Да суду ён быў на волі, затрымалі яго сёлета на пачатку ліпеня.

Зноў затрымалі былую палітзьняволеную паштальёнку Ларысу Танкашкур

Пра гэта паведамляе «Вясна». На пачатку 2021 году Ларысу Танкашкур асудзілі на тры месяцы арышту за перадачу ў тэлеграм-чат зьвестак пра дзясяткі міліцыянтаў. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, адразу пасьля вызваленьня Танкашкур даслала зьвесткі пра свайго судзьдзю і пракурора ў тэлеграм-канал «Чорная Кніга Беларусі».

Суд аштрафаваў віцебскую журналістку Жанну Жалевіч на 3200 рублёў (больш за 1200 эўра)

«Я дома. Суд быў. 100 базавых», — напісала Жанна Жалевіч у Фэйсбуку 16 лістапада.

Пазаштатную карэспандэнтку інтэрнэт-выданьня «Витебский курьер» 15 лістапада апавясьцілі пра адміністрацыйную справу, распачатую ў дачыненьні да яе за нібыта незаконнае пікетаваньне — праз допісы «са сьцягам» і «з надпісамі» ў сацсетках. Каля паловы на восьмую раніцы 16 лістапада Жанна Жалевіч напісала ў сацсетках «да мяне ломяцца ў дзьверы», і пасьля гэтага перастала выходзіць на сувязь.

Яшчэ ўчора міліцыянты Першамайскага РАУС Віцебску хацелі затрымаць Жанну Жалевіч да суду і нават адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Але ў міліцыі ёй зрабілася кепска, яна выклікала хуткую дапамогу, а падчас агляду ў ізалятары паведаміла ўрачам, што мае шэраг сур’ёзных хранічных хваробаў.

Ацаніўшы свае магчымасьці, супрацоўнікі ІЧУ вырашылі, што ня змогуць аказаць дапамогу жанчыне ў крытычнай сытуацыі, і адпусьцілі дахаты. Яе зноў завезьлі ў аддзел міліцыі Першамайскага раёну і ўручылі позву ў суд на 18 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG